Стала вядома, колькі дзяржава зарабіла на пераследзе актывістаў у 2019 годзе


Праваабарончы цэнтр «Вясна» прааналізаваў статыстыку палітычна матываванага адміністратыўнага пераследу за 2019 год і высветліў, хто летась больш за ўсё пацярпеў. Агулам дзяржава пакарала актывістаў і журналістаў штрафамі на суму 227 000 рублёў (больш за $ 106 тысяч). Пра гэта піша spring96.org.

Цягам 2019 года праваабаронцы зафіксавалі больш за 530 выпадкаў адвольных затрыманняў, складання пратаколаў і іншых інцыдэнтаў (напрыклад, затрыманняў на мяжы і папярэджванняў). Большасць з інцыдэнтаў прыйшлася на канец года, калі ў Менску і іншых гарадах Беларусі адбываліся масавыя акцыі ў межах парламенцкай кампаніі, а таксама пратэсты супраць інтэграцыі з Расеяй. Толькі за снежаньскія акцыі ў абарону незалежнасці было складзена каля 170 адміністратыўных пратаколаў. 87 % адміністратыўных працэсаў у 2019 годзе скончыліся пакараннем штрафамі і адміністратыўным арыштам.

Агулам летась 160 чалавек пакаралі штрафам на суму больш за 227 000 рублёў (больш за $ 106 тысяч). Гэта менш чым было ў 2018 годзе на 1200 базавых велічыняў. Абсалютным рэкардсменам па колькасці штрафаў стаў лідар «Маладога фронту» Дзяніс Урбановіч – агулам яго пакаралі 492 базавымі велічынямі (12 546 рублёў).

Дзяніс Урбановіч. Фота -Ірына Арахоўская, belsat.eu

Працэнт адміністратыўных працэсаў, фігурантаў якіх каралі арыштам, склаў 5,1 (у 2018 годзе – 4,2%). 15 чалавек былі асуджаны агулам на 262 сутак арышту. Больш за ўсіх адміністратыўных арыштаў атрымаў палітык Павел Севярынец – 40 содняў па выніках трох судоў.

Арганізатар пратэсту Павел Севярынец. Фота – Ірына Арахоўская, belsat.eu

У 2019 годзе працягваўся пераслед незалежных журналістаў. Было зафіксаваны 45 фактаў прыцягнення да адміністратыўнай адказнасці 20 журналістаў і блогераў па ч. 2 арт. 22.9 (праца журналістаў без акрэдытацыі); агульная сума штрафаў за год склала больш за 43 000 руб.

Журналісты Алесь Ляўчук і Мілана Харытонава

Больш за ўсё штрафаў па гэтым артыкуле атрымалі журналісты «Белсату» Мілана Харытонава (330 б.в. або 8415 рублёў) і Алесь Ляўчук (370 б.в. або 9435 рублёў).

Hавiны
$ 25 700 штрафаў і 60 содняў арышту. Лукашэнка пачаў прэзідэнцкую кампанію?
2020.01.10 17:45

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў