Стала вядома імя 10-га фігуранта «справы Ціханоўскага»

Дзясятым фігурантам крымінальнай справы, распачатай пасля інцыдэнту на пікеце ў Горадні 29 траўня, стаў валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Андрэй Новікаў. Пра гэта паведамляе Праваабарончы цэнтр «Вясна».

Падставаю для «справы Ціханоўскага» стаў інцыдэнт, які адбыўся 29 траўня ў Горадні падчас пікету па зборы подпісаў за Святлану Ціханоўскую. Адная з прысутных на пікеце жанчын стала патрабаваць ад Сяргея Ціханоўскага, каб ён адказаў на яе пытанні, блогер у сваю чаргу адмаўляўся адказваць і хацеў спыніць размову. Міліцыя выкарыстала гэта, як падставу для ўмяшання, завязалася штурханіна. У выніку адзін міліцыянт упаў. Ціханоўскага і яшчэ каля 10 чалавек затрымалі. На наступны дзень МУС заявіў, што распачатая крымінальная справа аб гвалце ў дачыненні працаўніка органаў унутраных справаў.

9 траўня Следчы камітэты паведаміў, што Сяргею Ціханоўскаму і яшчэ сямі асобам высунулі абвінавачванні па ч.1 арт. 342 (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, што груба парушаюць грамадскі парадак) Крымінальнага кодэкса. Дзеянні аднаго з фігурантаў справы дадаткова кваліфікаваныя следствам паводле артыкулу 364 (гвалт у дачыненні працаўнікоў органаў унутраных справаў) КК і яшчэ адну асобу вінавацяць толькі па арт. 364. Усе яны знаходзяцца пад вартаю. 11 чэрвеня старшыня СК Іван Наскевіч паведаміў ужо пра 10 абвінавачаных па гэтай справе.

10-м фігурантам справы стаў валанцёр ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Андрэй Новікаў. Яго затрымалі 6 чэрвеня ў вёсцы Прусы Пастаўскага раёну. Спачатку Новікава адвезлі ў Паставы, каб скласці пратакол па арт. 23.34 КаАП. А затым стала вядома, што яго перавезлі ў Менск у ізалятар часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна. З 11 чэрвеня ён знаходзіцца ў СІЗА-1 на вул. Валадарскага ў Менску. Яму таксама выстаўлена абвінавачванне па арт. 342 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусь.

Новікаў – грамадзянін Расіі, але ўжо шмат гадоў жыве ў Беларусі. У яго ёсць жонка і двое непаўнагадовых дзяцей.

Нагадаем, 9 чэрвеня беларускія праваабарончыя арганізацыі прызналі палітвязнямі сем асобаў, якіх вінавацяць выключна паводле арт. 342: Сяргея Ціханоўскага, Арцёма Сакава, Вяргілія Ушака, Змітра Фурманава, Васіля Баброўскага, Аляксандра Арановіча і Уладзіміра Навуміка. Яшчэ двух фігурантаў справы – Уладзіміра Кнігу і Яўгена Разнічэнку – палітвязнямі пакуль не прызналі. Іх вінавацяць у гвалце супраць міліцыянтаў.

Ад былога амапаўца да праграміста. Што вядома пра фігурантаў «справы Ціханоўскага»

ІІ belsat.eu

 

Hавiны