Стала вядома, хто з’яўляецца аўтарам папулярнага тэлеграм-каналу «Сталінгулаг»

Аўтарам папулярнага ў Расеі тэлеграм-каналу «Сталінгулаг» (каля 300 тысяч падпісантаў) з’яўляецца 27-гадовы ўраджэнец Махачкалы Аляксандр Гарбуноў. Гэта ён пацвердзіў у інтэрвʼю Бі-бі-сі.

У Гарбунова цяжкае захворванне: спінальная мышачная атрафія, якая прыводзіць да адмірання клетак спіннога мозгу. Ён можа перасоўвацца толькі на інвалідным вазку. Свой тэлеграм-канал ён стварыў у 2016 годзе, раней меў аналагічную старонку ў Twitter.

Нядаўна паліцыя прыходзіла ў дом ягоных бацькоў у Махачкале нібыта ў рамках праверкі званка аб мініраванні абʼекта ў Маскве. Ці быў гэта ператрус, паводле Гарбунова, невядома.

«У Telegram стварылася такая атмасфера, што там у асноўным дыскурсе пераважаюць каналы пракрамлёўскай накіраванасці, якія падаюць і асвятляюць навіны з пэўных пазіцыяў. Па факце, «Сталінгулаг» – гэта адзіны папулярны Telegram-канал, які піша пра тое, як усё ёсць на самай справе», – адзначыў ён.

У інтэрвʼю ён патлумачыў, што назва каналу «Сталінгулаг» была задуманая ў якасці тролінгу. Людзі зыходзячы з назвы думаюць, што аўтар сімпатызуе Сталіну, а насамрэч усё наадварот.

«Потым, вельмі многія цяпер праводзяць паралель з тым, што адбываецца сёння ў Расеі, з 1937 годам. Я лічу, што гэта не так: людзі ва ўладзе хочуць, каб мы думалі, што яны страшныя і жудасныя энкавэдэшнікі з гарачым сэрцам і халоднай галавой, а на самай справе яны камерсанты па сваёй сутнасці, любяць раскоша і грошы», – кажа Гарбуноў.

ІІ belsat.eu, паводле Бі-бі-сі

Hавiны