Стала вядома, дзе знаходзіцца Сяргей Ціханоўскі


Блогера даставілі ў ізалятар часовага ўтрымання ў Горадні. Там жа ўтрымліваюць каардынатара гарадзенскага штабу і чалавека, які паклаў міліцыянта на зямлю пры ўчорашнім затрыманні.

Стала вядома, дзе знаходзіцца блогер Сяргей Ціханоўскі. Паводле інфармацыі «Радыё Свабода» яго ўтрымліваюць у ізалятары часовага ўтрымання Кастрычніцкага РАУС Горадні.

Там жа знаходзіцца кіраўнік гарадзенскага штабу ініцыятыўнай групы Святланы Ціханоўскай Дзмітрый Фурманаў. Бацька Фурманава распавёў, што яму не сказалі, дзе знаходзіцца сын. Зараз ён не можа перадаць ані ежу, ані вопратку – на выходных перадачы ў ІЧУ забароненыя.

Акцыя Сяргея Ціханоўскага ў Горадні.
Фота: «Белсат»

У міліцэйскай машыне ў ізалятар прывезлі Яўгена Рэзнічанку, які паклаў міліцыянта на зямлю. Раней у Telegram-чаце «Страна для жизни» ён напісаў, што, верагодна, супраць яго могуць пачаць крымінальную справу.

«Калі я перастану выходзіць на сувязь, то разумейце, што гэта проста правакацыя з боку спецслужбаў. Таму буду старацца максімальна быць з вамі на сувязі», – сказаў ён.

Паводле інфармацыі праваабарончага цэнтру «Вясна» ранкам 30 траўня затрымалі актывіста «Народнай грамады» Мікалая Саляніка, калі той пайшоў да УУС Аблвыканкаму, каб даведацца, ці там знаходзіцца Ціханоўскі і ягоныя прыхільнікі. Тады Саляніку сказалі, што супраць яго вядзецца адміністрацыйная справа і затрымалі.

Паводле «Вясны», каля 12 гадзін дня ў Горадні затрымалі Дзмітрыя Рудзянкова. Ён паехаў у цэнтр гораду забіраць сваю машыну. Заранёў ён паведаміў праваабаронцам, што ёсць верагоднасць затрымання, бо побач з аўтамабілям дзяжурыў АМАП. Мужчына паабяцаў выйсці на сувязь да 12:30, калі ён не будзе затрыманы. Аднак на сувязь ён не выйшаў.

фота: Belsat.eu

Як стала вядома «Белсату», міліцыянер, на якога ўчора быў нібыта здзейснены напад падчас пікету па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую, зараз знаходзіцца ў шпіталі хуткай дапамогі, Паводле нашай інфармацыі, раніцай яго запісвала здымачная група БТ.

Абноўлена
У Горадні затрымалі Сяргея Ціханоўскага. Людзі прыйшлі да міліцыі. ВІДЭА
2020.05.29 20:10

«Вясна» паведамляе, што агулам на ўчорашнім пікеце ў Горадні затрымалі 13 чалавек.

Сёння ў Горадні ў шэраг стаяць чатыры машыны з гомельскімі нумарамі. Верагодна гэта машыны тых, каго ўчора затрымалі на пікеце.

Нагадаем, што ўчора 29 траўня ў Горадні на пікеце па збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую адбылася правакацыя. У выніку быў затрыманы старшыня ейнай ініцыятыўнай групы блогер Сяргей Ціханоўскі, а таксама ягоныя паплечнікі.

КТ belsat.eu

Стужка навінаў