Стала вядомая дата новай сустрэчы Лукашэнкі і Пуціна

Прэс-сакратар расейскага прэзідэнта Дзмітрый Пяскоў паведаміў газеце «Известия», што Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка сустрэнуцца 13 лютага ў Сочы.

Паводле Пяскова, падчас сустрэчы, якая адбудзецца 13 лютага ў Сочы, прэзідэнты абмяркуюць дзейнасць расейска-беларускай працоўнай групы, створанай для разгляду інтэграцыйных працэсаў у межах Саюзнай дзяржавы, а таксама спрэчных пытанняў. Пра новую сустрэчу прэзідэнты дамовіліся 31 студзеня ў ходзе тэлефоннай размовы.

Памочнік прэзідэнта Расеі па міжнародных справах Юрый Ушакоў заявіў «Известиям», што тэма суверэнітэту Беларусі на папярэдніх перамовах Уладзіміра Пуціна і Аляксандра Лукашэнкі не абмяркоўвалася. «Гэта ўсё нагнятанне (наконт жадання Расеі анексаваць Беларусь, – заўв. belsat.eu), унутры нашай супрацы ўсё спакойна», – падкрэсліў ён.

Намеснік дырэктара Інстытута краінаў СНД Уладзімір Яўсееў таксама заявіў газеце, што Расея не хоча далучаць Беларусь. Аднак, на ягоную думку, без саступак Масквы ў тэме падатковага манеўру Лукашэнка доўга не працягне. «Запас устойлівасці беларускай эканомікі – прыблізна да двух гадоў. Залежнасць Беларусі ад эканамічных адносінаў з Расеяй настолькі вялікая, што Аляксандр Лукашэнка проста не можа чакаць доўга. Яму патрэбныя нейкія саступкі з боку Расеі, у першую чаргу адносна падатковага манеўру», – упэўнены Уладзімір Яўсееў.

  • Напрыканцы 2018 года беларуска-расейскія стасункі заўважна пагоршыліся. У снежні Аляксандр Лукашэнка некалькі разоў праводзіў перамовы з Уладзімірам Пуціным: расейскі лідар патрабаваў «глыбокай інтэграцыі», а Лукашэнка дамагаўся зніжэння цаны на газы і кампенсацыі за падатковы манеўр. Перамовы скончыліся безвынікова.
  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае ануляванне экспартных мытаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру 2019-га да 2024 года могуць скласці $ 8–12 млрд. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляла газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзведзева – заява прэм’ер-міністра РФ на паседжанні Савету Міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu, паводле «Известия»

Hавiны