Справаздача Нацбанка: тэмп росту заробкаў знізіўся, беларусы робяць менш пакупак

У справаздачы Нацыянальнага банку адзначаецца, што ў першым квартале 2019 года назіраецца зніжэнне тэмпаў росту рэальных заробкаў беларусаў, а таксама скарачэнне попыту на ўнутраным рынку.

У Нацбанку канстатуюць, што ў Беларусі працягваецца зніжэнне тэмпаў росту рэальнай заработнай платы ў гадавым вымярэнні – 7,8 % у параўнанні з 10,1 % у IV квартале 2018 г.

«Запаволенне росту рэальнай заработнай платы характэрна для большасці відаў эканамічнай дзейнасці», – адзначаецца ў справаздачы.

На фоне запаволення тэмпаў росту заробкаў назіраецца далейшае паслабленне ўнутранага попыту: гадавы прырост у I квартале 2019 г. склаў 2,5 %, знізіўшыся на 0,6 адсоткавага пункта ў параўнанні з канцом 2018 г.

«Спажывецкая актыўнасць насельніцтва таксама працягнула сваё запаволенне, прычынамі якога выступілі рост выдаткаў на жыллёва-камунальныя паслугі, паскораны рост коштаў на асобныя спажывецкія тавары, запаволенне тэмпаў росту крэдытавання насельніцтва. Прырост рэальнага рознічнага тавараабароту ў I квартале 2019 г. склаў 6% адносна адпаведнага квартала папярэдняга года (6,6% у IV квартале 2018 г.)», – кажуць у Нацыянальным банку.

Зніжэнне тэмпаў росту характэрна ў большай ступені для нехарчовага тавараабароту, дадаюць у Нацбанку.

У дакуменце паведамляецца, што гадавы прырост спажывецкіх цэн у сакавіку 2019 года склаў 5,8 працэнта. Ключавымі фактарамі росту коштаў на спажывецкім рынку названыя:

– дрэнная кан’юнктуры ў сельскай гаспадарцы,

– адміністратыўнае падвышэнне коштаў на паліва,

– павелічэнне цэн на асобныя тавары, што імпартуюцца.

  • Нагадаем, у лютым сярэдні заробак па краіне склаў 977,6 рублёў, у студзені – 981,6.

Як у Беларусі лічаць інфляцыю? Топ-5 сакрэтаў беларускай статыстыкі

ІІ belsat.eu

Hавiны