Справа за каментар у сацсетках «шуняўскі тэатрал» спынена


Рагачоўскі аддзел унутраных справаў спыніў распачатую адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара гораду Сяргея Аляксейкава. Пра гэта 6 красавіка «Гомельскай Вясне» паведаміў сам Аляксейкаў.

Справа распачата за тое, што ў верасні мінулага году Аляксейкаў пракаментаваў у Facebook у групе «За Еўрапейскую Беларусь» матэрыял пад назвай «Спецназавец са Слуцка да смерці забіў двухгадовую дачку». Жудасны ўчынак п’янага спецназаўца Сяргей Аляксейкаў назваў «шуняўскім тэатралам».

За гэта міліцыянты склалі і перадалі ў суд адміністрацыйны пратакол паводле артыкулу 17.11 КаАП, абвінаваціўшы жыхара гораду ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суддзя Валянціна Малюкова вынесла пастанову, што міліцыянты не вызначылі тэрміны пачатку і заканчэння здзяйснення правапарушэння і вярнуў справу на дапрацаванне.

Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка, які вядзе маніторынг экстрэмісцкіх справа ў у рэгіёне, дзеянні міліцыянтаў называе вельмі непрафесійнымі.

«Міліцыя спыніла справу ў сувязі са сканчэннем тэрміну, які быў прапушчаны і ў дзень пачатку адміністрацыйнага працэсу. Хіба гэтага людзі ў пагонах не бачылі? А калі бачылі, на што разлічвалі? Зараз Сяргей Аляксейкаў мае права на кампенсацыю выдаткаў па аплаце паслуг адваката, можа хоць гэта астудзіць гарачыя міліцэйскія галавы», – заявіў праваабаронца Леанід Судаленка.

Праваабаронца таксама адзначыў, што 2 красавіка суддзя суду Цэнтральнага раёну Гомля Сяргей Кармановіч адправіў на дапрацаванне адміністрацыйную справу за распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў у дачыненні да жыхара абласнога цэнтру Пятра Маркоўскага.

СК belsat.eu

Стужка навінаў