Справа «Белага легіёну» канчаткова развалілася?


Міраслаў Лазоўскі ды Віктар Мароз на волі. Следчы ізалятар № 1 у Менску пакінулі апошнія фігуранты ў справе «Белага легіёну». Вызваленне стала нагодаю да сустрэчы з журналістамі.

«Тры месяцы як бы выпалі з жыцця. Нібы трапіў у машыну часу. Я не памятаю, што было да гэтага, што было пасля. Выйшаў, як з адноўленай памяццю», – дзеліцца Віктар Мароз.

Вызваленні апошніх удзельнікаў «справы патрыётаў» адбылося паціху

Ні адвакаты, ні сваякі не ведалі, а каторай гадзіне затрыманыя выйдуць на волю. Доўгі час было не вядомае месца перабывання Міраслава Лазоўскага.

Пра тое, што ўсё фігуранты ў справе «Белага легіёну», імаверна, выйдуць на волю да канца тыдня, вялося ўжо некалькі дзён.

Што будзе далей, у Следчым камітэце не каментуюць

«Справа на маім асабістым кантролі. У цяперашні момант мы мяркуем, што падставаў заставацца пад вартай у фігурантаў справы няма, і мы паслядоўна прынялі рашэнне аб змене меры стрымання», – суха паведаміў старшыня Следчага камітэту Іван Наскевіч.

Вядома, што больш за дзясятак вызваленых праходзяць у крымінальнай справе «аб стварэнні незаконнага ўзброенага фармавання». Яны застаюцца пад падпіскаю аб нявыездзе. Хоць, паводле экспертаў, няма доказаў здзяйснення злачынства паводле артыкулу 287, усе затрыманыя правялі за кратамі працяглы тэрмін.

«Не тое, што намагаліся ламаць, але прымянялі некаторыя захады ўздзеяння. Я пра іх пакуль гаварыць не буду. Магчыма пазней скажу», – зазначыў фігурант справы спадар Мароз.

Ці справа «Белага легіёну» развалілася канчаткова?

На думку экспертаў, высновы рабіць рана. Існуе высокая імавернасць, што ў хуткім часе могуць пачацца судовыя працэсы. Назіральнікі не выключаюць: улады Беларусі вядуць новую працяглую гульню з Захадам.

«Перад візітам парламентроў парламенцкай асамблеі АБСЕ трэба паказаць станоўчую карцінку, сказаць што мы гатовы нібыта на жэсты добрай волі. Якая тут добрая воля, калі справа па-ранейшаму адкрытая?», – падкрэслівае палітолаг Алесь Лагвінец.

Актуальны і пасыл, які дала ўлада ўсім, хто супраць

«Улады вельмі хочуць, каб грамадства трымалася ў страху, каб людзі ведалі, што калі яны пачнуць пратэставаць супраць улады іх чакаюць рэпрэсіі. Улада хоча запэўніць людзей, што любое дзеянне супраць іх можа запусціць механізму гэтых рэпрэсіяў», – тлумачыць спадар Лагвінец.

Затрыманні ў справе «Белага легіёну» пачаліся ў сакавіку. Агулам за краты трапілі трыццаць пяць асобаў. Адначасова пачалася і інфармацыйная вайна. Дзяржаўнае тэлебачанне выпусціла фільм «Белы легіён чорных душ». Ананімны аўтар абвінавачваў затрыманых, між іншым, у рыхтаванні да тэрарыстычнай дзейнасці.

Калі справа канчаткова разваліцца, ці стужка будзе прызнаная паклёпам, а стваральнік пакараны? На гэтае пытанне БТ адказаць пакуль адмовілася.

Ян Бабіцкі, «Белсат»

Стужка навінаў