Споведзь удзельніка «эскадронаў смерці». Поўная тэкставая версія інтэрв'ю DW


«Deutche Welle» паразмаўляла з мужчынам, які сцвярджае, што 20 гадоў таму як баец СОБРу ўдзельнічаў у выкраданні і забойстве беларускіх апазіцыйных палітыкаў.

Журналісты нямецкага выдання паразмаўлялі з чалавекам, які называе сябе былым байцом беларускага спецатраду хуткага рэагавання Юрыем Гараўскім. Мужчына заяўляе, што ўвесну 1999 года байцы спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ўнутраных войскаў МУС Беларусі выкралі і забілі экс-міністра ўнутраных справаў Беларусі Юрыя Захаранку, экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Віктара Ганчара і бізнесоўца Анатоля Красоўскага, які падтрымліваў беларускую апазіцыю.

Юрый Гараўскі. Ён сцвярджае, што забіваў апазіцыянераў па загадзе зверху. Фота DW

Рэдакцыя «Белсату» публікуе поўную тэкставую версію расследавання нашых калегаў.

DW: Юрый Гараўскі – гэта вашае сапраўднае імя? Вы хочаце пад ім фігураваць у інтэрв’ю, усведамляючы ўсе магчымыя наступствы?

Юрый Гараўскі: Так, сапраўднае. Так, хачу, каб інтэрв’ювыйшла пад маім імем.

– Дзе вы зараз знаходзіцеся?

– У адной з краінаў Еўропы.

– Калі і чаму вы вырашылі пакінуць Беларусь?

– У кастрычніку 2018 года. Пра прычыны і пра тое, як мне гэта ўдалося, я пакуль не хацеў бы гаварыць.

Як і калі вы апынуліся ў СОБРы?

– У 1996 годзе мяне прызвалі ў армію, я трапіў у вайсковую частку №3214 унутраных войскаў МУС, у трэцюю роту першага батальёна. Прайшоў навучальны курс, адслужыў тэрміновую службу. Калі яна падыходзіла да канца, спытаў у старэйшага лейтэнанта Мікшы: «У мяне на грамадзянцы нічога не будзе. Можа, тут недзе ёсць месца?» Ён адказаў: «Так, падыдзі да Паўлічэнкі (стваральнік СОБРу падпалкоўнік Дзмітрый Паўлічэнка. – Рэд.)». Той сказаў: «Заставайся па кантракце ў першай роце, а потым я цябе выдзярну».

Гэта была вясна, травень месяц 1998 года, калі я падышоў да Паўлічэнкі. І ў тым жа годзе я апынуўся ў спецатрадзе. СОБРам ён стаў называцца афіцыйна ў 1999 годзе, у чэрвені, але касцяк гурта фарміраваўся за год да гэтага. На працягу паловы году было набрана яшчэ каля 10 кантрактнікаў. Усе мы сталі асновай СОБРу.

Герой матэрыялу «Deutche Welle» дэманструе спіс удзельнікаў «эскандрону смерці». Кадр відэарэпартажу

– Колькі вам было гадоў, калі вас узялі ў СОБР?

– 20 гадоў. Я стаў намеснікам камандзіра першай групы, у ёй было 20 чалавек. Я быў замацаваны за другім узводам першай роты вайсковай часткі №3214 інструктарам па рукапашным баі. Афіцэрская пасада кантрактніка.

– Чым тады займаўся СОБР?

– Мы рыхтаваліся да затрымання бандытаў, гэтак жа як «Алмаз» і «Альфа» (антытэрарыстычныя падраздзяленні МУС і КДБ Беларусі. – Рэд.). Адпрацоўвалі «на раз-два» тыя ж самыя навыкі затрымання злачынцаў – у машыне, у аўтобусе, у вагоне. Падыход, адыход, даставанне людзей з машыны.

– Што ўваходзіла ў вашыя абавязкі як намесніка камандзіра групы?

– Пісаць рапарты. Калі адбывалася затрыманне злачынца, трэба было пісаць рапарт – затрымалі такога-та тады-та – і здаваць у РАУС. Такі ж рапарт я пісаў для сябе ў атрад.

– Да вясны 1999 года – да знікнення беларускіх апазыцыянераў – каго вы затрымлівалі?

– Шараговых звычайных злачынцаў, якія гандлявалі наркатой на кватэрах. Бо СОБР і стварылі як атрад хуткага рэагавання па барацьбе з аргзлачыннасцю. Мы тады ездзілі ў Воршу, у Магілёў, у Горкі і адпрацоўвалі навыкі затрымання злачынцаў.

Злева Дзмітрый Паўлічэнка, побач Юрый Караеў, цяперашні кіраўнік МУС. Эксперты мяркуюць, што менавіта Паўлічэнка мог быць кіраўніком або адным з кіраўнікоў «эскадрону смерці». фота sb.by

– Якім было першае затрыманне, у якім вы прымалі ўдзел, хто гэта быў?

– Гэта ў Воршы было… Чатыры чалавекі, на іх усіх разам было 16 забойстваў. Яны камерсантаў вывозілі ў лес, давалі тэлефон патэлефанаваць родным, каб тыя прывезлі пэўную суму грошай. Грошы яны забіралі, а камерсантаў забівалі. З гэтай чацвёркі траіх мы… ну, мы так вырашылі… Аднаго давялі да суда. Потым мы даведваліся, яго прысудзілі да вышэйшай меры пакарання.

– Але ж забойства гэтых траіх без прысуду суда – гэта проста пазасудовая пакаранне.

– У гэтых людзей быў паляўнічы абрэз. І мне хочаш не хочаш трэба было стрэльнуць, каб яны не стралялі ў мяне.

– Калі кажуць аб «эскадронах смерці» у Беларусі – гэта пра СОБР?

– Так нас назвалі медыі. Гэта СОБР, яго фактычным камандзірам быў Дзмітрый Паўлічэнка.

– Якія адносіны ў вас з ім былі?

– У лазню разам хадзілі, ведаў яго жонку, сына. Нармальныя адносіны, службовыя. Калі кудысці на шашлык, на пікнік, там проста – Валеравіч, а калі ў атрадзе, то – таварыш маёр, таварыш падпалкоўнік. Субардынацыя выконвалася.

Выкраданне і забойства экс-кіраўніка МУС Беларусі Юрыя Захаранкі 7 траўня 1999 года

– Вы займаліся затрыманнем злачынцаў. Як атрымалася, што байцы СОБРу сталі выкрадаць і знішчаць прадстаўнікоў апазіцыі?

– Калі нам указалі аб’ект – Юры Захаранка, дзесьці паўтары тыдні адсочвалі яго.

Юрый Захаранка знік у 1999 годзе. Фота belsat.eu

– Хто вам даваў такія ўказанні?

– Не мне асабіста, а нашай групе. Восем чалавек нас тады было, Паўлічэнка падыходзіць і кажа: «Ёсць аб’ект, за ім трэба будзе прасачыць, і потым – калі што – нам дадуць каманду і будзем яго затрымліваць».

– Прозвішча «абʼекта» назваў?

– На той момант нічога не казаў.

– Але калі вы «абʼект» убачылі, вы ж зразумелі, што гэта экс-кіраўнік МУС Юрый Захаранка. У вас не ўзнікла ніякіх пытанняў да Паўлічэнкі, што гэта не бандыт, а апазіцыянер?

– Ну, наконт апазіцыі, ведаеце, асабліва ніхто не размаўляў з намі. Нам быў дадзены загад – мы яго выконвалі. Калі чалавек пачынае задаваць лішнія пытанні, яго або адхіляюць, або кажуць: «Ты нам не падыходзіш. Да пабачэння».

– Як адбывалася сачэнне за Захаранкам?

– Сачылі на двух машынах нахабна, мы не хаваліся. Ён гэта сам выдатна бачыў і разумеў. У канцы красавіка Паўлічэнка стаў часта зʼязджаць з нашай базы ў Валоўшчыне (прыкладна ў 30 км ад Менску. – Рэд.). Потым у адзін з дзён ён мне сказаў: «Юра, паедзеш са мной заўтра». Дзень ездзілі і сачылі за нейкім чалавекам. Калі я яго ўбачыў, то пазнаў Захаранку. Былы міністр. Пытанняў я не задаваў, чаму мы сочым і што робім.

А 7 траўня раніцай Паўлічэнка зʼехаў і недзе пасля абеду вярнуўся і сказаў, што трэба будзе затрымаць Захаранку і ліквідаваць. Тады ў першы раз было агучанае прозвішча. Мы селі ў дзве машыны – BMW 525 чырвонага колеру і Opel Оmega цёмнага колеру – і рушылі ў раён вуліцы Варанянскага (у Менску. – Рэд.). Мы ведалі, дзе Захаранка паставіць сваю машыну і колькі метраў яму ісці ад стаянкі да хаты.

Я з Паўлічэнка быў у машыне, плюс яшчэ сядзелі Барадач Юра і Шкіндзераў Сяргей. У іншай машыне – Карповіч Дзіма, Наватарскі, Кажэўнікаў, Панкоў і Румянцаў Лёша. Румянцаў і Карповіч усталі ў пачатку і канцы дома. Я і Шкіндзераў – мы былі вышэйшыя – калі даведаліся, што Захаранка прыпаркаваўся і пайшоў у бок дома, пайшлі за ім. А Кажэўнікаў і Панкоў пайшлі яму насустрач. Яны прад’явілі яму дакументы: «Мы супрацоўнікі міліцыі, просім прысесці ў аўтамабіль». Тут жа мы падышлі і сказалі: «Рукі за спіну». Надзелі Захаранку кайданкі, падʼехала машына, Opel. Мы пасадзілі яго ў машыну на задняе сядзенне.

– Захаранка разумеў, хто яго захапіў? Ён што-небудзь казаў?

– Ён толькі сказаў: «Зрабіце так, каб не балела». Усё. Але мы гэта праігнаравалі, у машыне нічога не казалі, проста грала ціхая спакойная музыка.

– Што рабіў Паўлічэнка пры захопе?

– У машыне сядзеў. Астатнія потым селі да яго ў BMW, і мы зʼехалі ў раён Валоўшчыны. Гэта навучальная база ўнутраных войскаў. У нас там была кваліфікацыя на крапавы берэт. Там жа ёсць і стрэльбішчы. І вось у раён гэтага стрэльбішча мы падʼехалі, дасталі Захаранку з машыны. Ён быў у балдахіне: мы, калі яго ў машыну садзілі, надзелі яму балдахін, такую ​​без вачэй чорную шапку, і вывезлі. І калі Захаранку з машыны выставілі – паклалі на зямлю, Паўлічэнка мне махае, тыпу, давай пісталет. Перад гэтым ён даў мне пісталет.

Ульяна Захаранка, маці Юрыя Захаранкі, яна да апошняга дня чакала сына. Ульяна Захаранка памерла ў траўні 2018 года.
Фота: Раіса Міхайлоўская

– Што за пісталет?

– Пісталет ПБ – бясшумны. Знешне падобны на пісталет Макарава, але трошкі мадэрнізаваны. На ім быў глушыльнік. Паўлічэнка два разы стрэліў у Захаранку ў раён сэрца. Захаранка ляжаў на жываце. Хвілін 10-15 пачакалі. Шкіндзераў нагнуўся, дакрануўся, ці ёсць пульс. Сказаў, што не. Кіроўца адкрыў багажнік BMW, там ужо была цырата (рус. – клеенка, – Рэд), мы паклалі цела ў багажнік і паехалі да Паўночных могілак у Менску. Там крэматорый і могілкі адно насупраць аднаго знаходзяцца.

У крэматорыі нам адкрылі вароты з другога боку, куды можна на машыне заязджаць. BMW заехаў проста ў памяшканне. Там ужо стаяла труна на вазку, паклалі туды цела. Кляёнку паклалі ў ногі, вечкам накрылі і штурхнулі. І труну паехала ў… ну, я не ведаю, куды… у печ – не печ… Мы выйшлі на вуліцу, закурылі, сталі чакаць Паўлічэнку. Ён застаўся ў памяшканні.

– Як доўга вы яго чакалі?

– На час ніхто не глядзеў. Можа, хвілін 20-30. Потым Паўлічэнка выйшаў з чорным поліэтыленавым пакетам у руках і пайшоў з ім у бок Паўночных могілак. Там ёсць спецучасткі, могілкі вельмі вялікія. Куды ён там пайшоў – не ведаю.

– Колькі ён адсутнічаў?

– Каля 30-40 хвілін.

– Хто-небудзь з працаўнікоў крэматорыя вас бачыў?

– Нікога акрамя ахоўніка на ўваходзе не было.

– А як могуць староннія людзі самыя спаліць цела ў крэматорыі?

– Тлумачу. Хутчэй за ўсё, Паўлічэнка перад усёй гэтай гісторыяй прайшоў курс навучання, пазапытваў, дзе і што. Нават відэакамеру – там камера ёсць – ён пайшоў і адключыў.

– Ёсць версія, што Захаранку перад смерцю катавалі, адсеклі рукі, і што існуе відэазапіс гэтага.

– Няма ніякага відэа, ніякай фотадакументацыю, ніхто яго не катаваў. Яму нічога не адрэзалі – гэтага нічога не было.

– Вы здзейснілі забойства. Што было на наступны дзень?

– Нічога асаблівага. Хто хацеў – узяў тыдзень адпачынку, з’ездзіў у санаторый МУС на Нарач. Хтосьці тыдзень адпачываў са сваякамі. Хто не хацеў – працягваў працаваць.

– А асабіста вы спалі добра?

– Асабіста я – як бы так.

– Пасля забойства вас неяк адзначылі, далі новае званне?

– Не, нічога.

Выкраданне і забойства экс-кіраўніка Цэнтрвыбаркама Беларусі Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага 16 верасня 1999 года

– Знікненне Ганчара і Красоўскага – таксама справа рук вашай групы?

– Так. Паўлічэнка нас за два ці тры дні да гэтага сабраў. Мы тады знаходзіліся на базе спецыяльнага атраду хуткага рэагавання ў раёне паміж Бягомлем і Докшыцамі, трэніраваліся. Ён сабраў наш касцяк і кажа: «Хто паедзе на затрыманне? Трэба будзе дваіх затрымаць і ліквідаваць».

Анатоль Красоўскі. Фота ciwr.org

– Не ўдакладніў, каго менавіта?

– Не. Зразумейце, я кажу, як была размова: «Значыць так, вы вырашайце, хто паедзе на затрыманне, хто будзе капаць ямы». Хтосьці перапытаў: «Ямы або яму?» Ён сказаў – дзве, таму што людзі будуць на машыне. Ну, мы тады паміж сабой пераглянуліся і ўжо зразумелі, хто застаецца, а хто паедзе. Сказалі, мы ўжо ўсё вырашылі. Паўлічэнка кажа: «Ну што, я вам дам каманду». Яго не было два дні, на трэці дзень ён прыязджае і кажа: «Усё, сёння едзем працаваць».

Мы дзень нічога не рабілі і бліжэй да вечара, недзе гадзіне а сёмай, рушылі з Віцебскай вобласці на Менск. Паўлічэнка ўжо ведаў, у які час і дзе гэтыя людзі будуць. Мы прыехалі, ён кажа: «Людзі будуць у гэтай лазні». Перад тым, як выязджаць, Паўлічэнка зноў даў мне пісталет і кабуру. Мы ў цывільным былі, я надзеў кабуру.

– А Паўлічэнка казаў вам, што гэта «расстрэльны пісталет» (так называюць пісталет для выканання смяротных прысудаў у Беларусі. Паводле былога начальніка менскага СІЗА №1 Алега Алкаева, гэты пісталет па ўказанні зверху выдаваўся напярэдадні дзён, калі зніклі Захаранка, Ганчар і Красоўскі. – Рэд.)?

– Не. Я бачыў – пісталет з глушыцелем, разумеў, што гэта адмысловы пісталет. Я яго паклаў у кабуру, і мы выехалі ў бок Менску. Спыніліся каля лазні на вуліцы Фабрычнай. Гэта тупіковы двор. Ад лазні можна было выехаць толькі ў адным кірунку, дзе праезная частка. Я прайшоўся, агледзеўся, кажу: «Так, хлопцы, вось тут пакінем нашу машыну. Калі будзе ехаць іх джып – пераразаем дарогу. А другая нашая машына падпірае, каб яны не змаглі ні назад, ні наперад здаць». Далей чакалі гадзіны да 11-й вечара.

– Хто ўдзельнічаў у затрыманні?

– Усяго нас было восем чалавек. Я і Панкоў працавалі па Ганчару, а Барадач і Кажэўнікаў – па Красоўскаму. Я дастаў з бардачка адмыслова ўзяты металічны ланцуг – сантыметраў 50 даўжынёй. Кажу: «Паныч, калі будзеш за дзверы тузаць – пачакай, я разаб’ю шкло, і потым ты штурхнеш дзверы» (каб дзверы не змаглі заблакаваць знутры. – Рэд.).

Ганчар і Красоўскі апошнімі выйшлі з лазні, селі ў машыну. Вуліца цёмная, там ліхтароў няма, людзей не было – мы кантралявалі. І калі пайшоў рух іх машыны, мы перакрылі дарогу. Я зрабіў літаральна два крокі, разбіў шкло і ланцугом трапіў па губе і пераноссі Ганчара. Панкоў адкрывае дзверы, я гэтым ланцугом бяру Ганчара на задушку, дастаю яго з машыны, кладу на зямлю.

Панкоў яму зашпільвае кайданкі і апранае балдахін на галаву. Мы паглядзелі, што было вельмі шмат крыві. У рот яму ўставілі невялікі такі кляп, каб ён мог дыхаць, і кроў сцякала ў гэты кляп, каб у машыне не было крыві. Сядаем, рукі падпіраем ззаду, каб яго галава была паміж сядзеннямі, і кажам: «Не падымайце галаву».

– Дзе быў у гэты час Паўлічэнка?

– Ужо сядзеў у машыне спераду.

– А што з Красоўскім?

– Іншыя людзі Красоўскім займаліся, ён быў за рулём. Канкрэтна я не бачыў, але шкло яму не білі. Яго проста вырвалі і павезлі на іншай машыне.

Партрэты палітыкаў, якія, як лічыць грамадскасць, былі забітыя «эскадронамі смерці». фота belsat.eu

– Якой была рэакцыя Ганчара і Красоўскага?

– Ніхто нічога не крычаў. Наш кіроўца сеў у чорны джып Cherokee – у машыну Красоўскага, а мы селі ў свае машыны і паехалі ў бок Віцебску. Дзесьці на кальцавой ёсць «кішэня» на з’ездзе на віцебскі напрамак. Мы спыняемся, Паўлічэнка выходзіць з машыны. Падыходзіць нейкі чалавек, апрануты ва ўсё цёмнае, засоўвае галаву і кажа: «Паказвайце». Мы здымаем балдахін, чуем, гэты афіцэр кажа Паўлічэнка: «Так, гэта ён». Мы апранаем Ганчару балдахін, Паўлічэнка садзіцца ў машыну, мы зʼязджаем.

– Чаму вы вырашылі, што гэта быў афіцэр, калі ён быў у цывільным?

– У яго пагонаў яшчэ не было, але хто яшчэ можа так правяраць? Думаю, толькі афіцэр.

– Куды вы далей паехалі?

– Да Бягомля, там у 5 кіламетрах вайсковая база была закансерваваная. На той момант на ёй СОБР грунтаваўся. Там на пачатку дарогі пакінулі джып Красоўскага, у дрэвы яго закацілі, далі задні ход. Каля паласы перашкод дастаем Ганчара і Красоўскага, кладзем побач. Яма ўжо была гатовая. Гэта была магіла.

– Хто яе капаў?

– Калі мы прыехалі, я ўбачыў там Балыніна, Шкіндзерава Сяргея, убачыў Юру Будзько.

– А якой гадзіне гэта было?

– Недзе ў раёне паловы першага – гадзіны ночы. Да мяне падыходзіць Паўлічэнка, я яму даю пісталет. І Паўлічэнка робіць два стрэлы ў вобласць сэрца Ганчару і два стрэлы ў вобласць сэрца Красоўскаму. Пасля першага стрэлу Ганчар ускрыкнуў, таму што, мабыць, куля не ў сэрца трапіла, а недзе побач прайшла. Ну а другі стрэл яго ўжо прыгаварыў.

– Чаму пісталет спачатку быў у вас, а потым вы яго перадавалі Паўлічэнку?

– Паўлічэнка – аматар пафасу, але насіць зброю ён не любіў. А чаму мне аддаваў пісталет – ёсць паняцце іерархіі, я ўжо служыў па кантракце паўгода, а іншыя толькі заступілі. Ну, ці ён, можа, мне больш давяраў.

– Што адбылося далей?

– Мы пастаялі – пакурылі хвілін 10-15, праверылі пульс. Людзі былі мёртвыя. Распранулі іх. У Ганчара на левай назе, або на правай, дакладна не памятаю, не было вялікага і ўказальнага пальцаў. У яго ў чаравіку была вусцілка артапедычная. Напэўна, каб нармальна хадзіць. Склалі вопратку ў адзін вялікі пакет, аддалі, па-мойму, Кажэўнікаву. Ён пайшоў, проста на дарозе абліў пакет бензінам і пачаў паліць рэчы.

А Ганчара і Красоўскага… Падышлі хлопцы яшчэ, мы ўзялі – нехта за ногі, нехта за рукі. Я нёс Ганчара за левую руку, Юра Барадач таксама са мной нёс. У нагах быў Панкоў… і пакідалі іх у яму, першым – Ганчара, другім – Красоўскага. Яма была досыць глыбокая, 4-5 метраў. Мы, здаровыя мужыкі, закопвалі яе хвілін 40. Абутак Ганчара і Красоўскага я таксама туды кінуў, таму што ён доўга гарыць. Цела мы закапалі, а рэчы спалілі.

– А што з машынай Красоўскага?

– Каля базы побач месца было падрыхтаванае. Там такая старая прасёлкавая дарога, проста на ёй была выкапана яма. На наступны дзень Будзько Уладзімір і кіроўца БТРа – салдат тэрміновай службы – узялі машыну Красоўскага і загналі яе туды. БТРам раздушылі гэты джып і закапалі.

Ілюстрацыйны здымак. Фота Yelena Afonina / TASS

– Калі вы выязджалі на захоп Ганчара і Красоўскага, вы разумелі, хто гэтыя людзі?

– Не. Мы не ведалі. Я тады і прозвішча нават Ганчара не ведаў. Потым Паўлічэнка распавёў, што гэта быў Ганчар, а пра Красоўскага ён наагул нічога не казаў. А дні праз тры Паўлічэнка прыехаў і кажа: «Вось вам, хлопцы, за Ганчара і Красоўскага». І дае нам па тысячы долараў.

– Знікненне Ганчара і Красоўскага ў тыя дні было тэмай нумар адзін у Беларусі. Пра гэта паведамлялі ўсе медыі. Вы разумелі, у чым справа?

– Мы разумелі. Але мы спакойна да гэтага ставіліся, таму што былі ўпэўненыя, што ніхто пра гэта не даведаецца, настолькі сінхронна мы спрацавалі, без сведак. Па Захаранку сведкі былі, людзі маглі бачыць, хто куды каго саджаў. А па Ганчару і Красоўскаму – гэта было амаль ноччу, на пачатку дванаццатай, ніхто нічога не бачыў.

– У медыях пісалі, што ў так званым «эскадроне смерці» людзі ідэйныя. Нібыта Паўлічэнка перад выкраданнямі зачытваў заданні ад імя прэзідэнта, што выканаць такі загад – гэта вялікі гонар і г.д.

– Не было гэтага нічога. Усе загады аддаваліся ў вуснай форме. Такое паняцце як загад, надрукаваны такога-та чысла, – гэта міф.

– Вы маглі б паказаць месца пахавання Ганчара і Красоўскага?

– Паслухайце, прайшло ўжо больш за 20 гадоў. Так, целы, хутчэй за ўсё, расклаліся, але косткі павінны застацца. Машына нікуды не дзелася. Яна дзе закапаная, там і будзе ляжаць – згнілая. На тым месцы, дзе было здзейсненеа забойства, ад чатырох куль адскочылі гільзы. На наступны дзень ніхто з нас не хадзіў іх шукаць. Гэта лес. Адскок гільзы – ад 4 да 6 метраў. Іх там рэальна знайсці, гэтыя чатыры гільзы там і будуць ляжаць. Калі серыя пісталета вядомая, калі ёсць замацаваныя за ім серыйныя патроны, то па гільзе, па пулі ў целе можна высветліць, з якога пісталета стралялі.

– Хто акрамя вас можа пацвердзіць тое, што вы распавялі?

– Тыя, хто цяпер працуюць у структурах МУС, і тыя людзі, якіх я прозвішчах ведаю. Не больш за 14 чалавек. Мы сядзелі, глядзелі адзін аднаму ў вочы. І ніхто б ніколі ў жыцці вось гэта не расказаў.

– Паміж сабой вы гэтыя пытанні абмяркоўвалі?

– Не. У нас неяк не было заведзена. Так, мы ўсе здзейснілі злачынствы, але абмяркоўваць, мурыжыць гэта… Не было такога паняцця.

І ні ў кога не варухнулася думка, што ўсё ж такі могуць знайсці доказы і даказаць, што гэта было злачынства, здзейсненае вамі?

– А як вы можаце знайсці доказы, калі на сённяшні момант усе, акрамя мяне (якія прымалі ўдзел у выкраданні і забойствы. – Рэд.), знаходзяцца пры ўладзе? У каго і што могуць варухнуцца?

– А ў вас?

– У мяне варухнулася. Я, скажам так, такі чалавек… У мяне пазыўны быў «Галава». Я ўсё аналізаваў, узважваў і выдатна ведаў, што праз год, праз два, праз 5 гадоў усё гэта мне адгукнецца.

Зміцер Завадскі з сынам, архіўнае фота

Лёс аператара беларускага карпункта ОРТ Дзмітрыя Завадскага, які знік 7 ліпеня 2000 г.

– Вы ведаеце, што здарылася з Дзмітрыем Завадскім?

– Я ў гэтым не ўдзельнічаў. У мяне быў выходны, і я не магу дакладна сказаць, ці нашых рук справа Завадскага. Але ў дзень яго знікнення мае хлопцы выходзілі на працу.

– А не мусілі?

– Не мусілі. У іх таксама быў выходны. Звычайна калі мы прыходзілі на працу, усе адзначаліся ў часопісе ўліку асабістага складу. Або калі нехта прыйшоў у выходны дзень у спортзалу, ён таксама пісаў сваё прозвішча. Я паглядзеў, хто прыходзіў у той дзень. Гэта былі Кажэўнікаў, Барадач, Наватарскі і Панкоў. Кажу пацанам: «Чаго гэта вы на працу прыходзілі?» – «А прыходзілі пазаймацца» – «Ну-ну, ясна. Зразумеў». Гэта значыць, яны сказалі, што прыходзілі пазаймацца, але я думаю, што яны працавалі па Завадскаму.

– У 2002 годзе Вярхоўны суд Беларусі прызнаў вінаватымі ў выкраданні Завадскага былых афіцэраў МУС Валерыя Ігнатовіча і Дзмітрыя Маліка, пры гэтым іх дачыненне да магчымага забойства аператара даказаная не было. У выніку яны былі асуджаныя на пажыццёвае зняволенне за забойства яшчэ пяці чалавек.

– Завадскага забілі не Ігнатовіч, не Малік… Малік наагул на той момант працаваў у «Алмазе» (антытэрарыстычнае спецпадраздзяленне МУС Беларусі. – Рэд.). Калі яны забілі Завадскага, чаму не распавялі, дзе ён пахаваны? Тое, што гэтыя людзі апынуліся за кратамі (з-за Завадзкага. – Рэд.), для мяне нонсэнс.

Я ўвогуле не разумею, за што Завадскага забілі, і да чаго ён датычны. А вось па Ганчару я задаў Паўлічэнку пытанне: «А ўвогуле за што?» Ён сказаў: «У яго быў 100-працэнтны кампрамат для адхілення Лукашэнкі». У вярхах сказалі, што яго трэба прыбраць.

– Хто сказаў?

– Я не ведаю, хто сказаў, я на гэтых сустрэчах не прысутнічаў.

– А вы не думалі, што вас, собраўцаў, з часам улады проста здадуць ды прадставяць ўсё вашай самадзейнасцю?

– Тады трэба было б ахвяраваць і тагачасным міністрам унутраных справаў Юрыем Сіваковым, і тагачасным кіраўніком Рады бяспекі Віктарам Шэйманам.

– Вы мяркуеце, яны былі ў курсе таго, чым займаўся СОБР?

– Вядома. Сівакоў быў у курсе, Шэйман быў. Я не ведаю, прысутнічаў ці не Лукашэнка (на сустрэчах, дзе СОБРу ставіліся задачы. – Рэд.), але ў мяне склалася меркаванне, што Лукашэнка таксама пра гэта ведаў. Сівакова мы паміж сабой называлі «дзедам». Ён прыязджаў у Валоўшчыну і ў Бягомль. Прыязджаў да нас у брыгаду – у в/ч 3214 на праспекце Скарыны (у 2005 годзе перайменаваны ў праспект Незалежнасці. – Рэд.). Мы маглі з ім там пагутарыць, пагаварыць. Шэйман таксама неаднаразова прыязджаў.

Супрацоўнікі спецслужбаў на акцыі. Фота – Васіль Малчанаў/«Белсат»

Арышт і вызваленне Дзмітрыя Паўлічэнкі

– У лістападзе 2000 года Генпракуратура Беларусі санкцыянавала арышт стваральніка СОБРа Дзмітрыя Паўлічэнкі паводле падазрэння ў датычнасці да знікненняў апанентаў Лукашэнкі. Нейкі час Паўлічэнка знаходзіўся ў СІЗА КДБ. Што вы пра гэта ведаеце?

– Справа была так. Мы – Паўлічэнка, я і кіроўца – ехалі, не памятаю адкуль. Нас з Паўлічэнкам затрымалі, а кіроўцы адпусцілі. Мяне мурыжылі гадзінаў пяць-шэсць – ні папіць, ні пакурыць, ні ў прыбіральню… Я сказаў, што ў мяне ёсць камандзір – усе пытанні да яго. Мяне выпусцілі праз дзень. А Паўлічэнку – увечары праз тры дні. Ён мне патэлефанаваў, сказаў, каб я пад’ехаў да цяперашняга «Прэзідэнт-Гатэлю», гэта з тыльнага боку ад прэзідэнцкай адміністрацыі. Там стаяла наша машына. Паўлічэнка пайшоў у адміністрацыю з супрацоўнікамі КДБ. Хвілін праз 30-40 выйшаў з папкай, махнуў мне рукой, мы селі ў машыну і паехалі на базу.

– Што было ў той папцы?

– Крымінальная справа на Паўлічэнку, такі вось таўшчыні (прыблізна 5 см. – Рэд.). Потым мы прыехалі ў атрад і ў металічным вядры спалілі ўсе матэрыялы. І далей ён працаваў без усялякіх-якіх.

– Вы хоць адну старонку гэтай справы бачылі?

– Не. Усе падпальвалася і палілася. Вось так па адной паперцы вырывалі ды смалілі ў вядры, вырывалі ды палілі.

17 лютага 2019 года. Спецназаўцы ўнутраных войскаў на свяце развітання з зімой з нагоды Масленіцы. Фота – Наталля Фядосенка / ТАСС / Forum

Жыццё пасля СОБРу

– Чым займаюцца цяпер тыя, хто ўваходзіў у групы па ліквідацыі Захаранкі, Ганчара і Красоўскага?

– Тады мы былі радавымі байцамі, а цяпер нехта сышоў у КДБ у «Альфу» працаваць, хтосьці – у «Алмаз» у МУС, нехта ў Службу бяспекі прэзідэнта, хтосьці застаўся ў СОБРы. Шмат хто пайшоў на павышэнне – маёры, падпалкоўнікі, палкоўнікі.

– Вас таксама павысілі?

– О (смяецца. – Рэд.), Мяне не. Я ж пісаў неаднойчы рапарт на звальненне, і яго ўвесь час адхілялі. Тлумачыў, што стаміўся, зламаўся, але мне адказалі: «Мы цябе звольнім, калі ты падпішаш паперу». – «Якую?» – «Аб невыдаванні вайсковай таямніцы». Я кажу: «О, а якую ж я вайсковую таямніцу ведаю?». Прыкалоўся так над імі. Яны адказваюць: «Ты сам выдатна ўсё ведаеш, так што падпісвай». У рэшце рапарт падпісалі, і ў 2003 годзе я звольніўся.

– І чым займаліся?

– Працаваў «на дзядзьку», на сваіх знаёмых. Выраблялі мэблю, быў цэх. Я развозіў і збіраў кампутарныя сталы, тумбачкі, шафкі – такая дробязь. Але заробак быў добры. Потым стаў індывідуальным прадпрымальнікам, займаўся бізнесам. А ў 2007 годзе са мной здарылася ДТЗ, хоць мне здаецца, што на мяне быў здзейснены замах. У маю машыну ўляцела фура – 16 дзён комы, пералом хрыбетніка, пералом нагі, трэпанацыя чэрапа. Я тры з паловай месяцы правёў у шпіталі, а потым тры з паловай гады жыў па графіку бальніца-дом.

– Калі гэта сапраўды, як вы кажаце, быў замах, чаму ж яго арганізатары потым не давялі справу да канца?

– А навошта? Я застаўся інвалідам, перасоўваўся на двух мыліцах. Разумееце, што такое, калі чалавек нікуды не можа выйсці, паехаць? У мяне былі пастаянныя болі ў назе, спіне, галаве. Гэта значыць я быў пад наглядам.

– Лячэнне, імаверна, патрабавала немалых сродкаў. Адкуль грошы?

– Свае зберажэнні, плюс мама дапамагала.

– А былыя саслужыўцы Паўлічэнка?

– Паўлічэнка мне дапамагаў тройчы, даваў грошы на дарагія лекі – абязбольвальныя. У агульнай складанасці 700 долараў.

– Як часта пасля звальнення вы сустракаліся з былымі саслужыўцамі?

– Практычна штогод, часам і двойчы на год. У мяне быў тэлефон Паўлічэнкі. Ён мог патэлефанаваць, я мог патэлефанаваць, калі нейкія пытанні былі. Падтрымліваў кантакт, хутчэй, ён. Думаю, што яму казалі сачыць за мной, трымаць на кантролі. Таму што я – адзіны чалавек, які адкалоўся ад гэтай структуры, сышоў на грамадзянку.

– Ці абмяркоўвалі вы свае мінулыя справы з былымі таварышамі па службе?

– Вы зразумейце, у людзей, якія, скажам так, здзейснілі пэўнае злачынства, як мы, адбываецца ўсведамленне, пераасэнсаванне. І мы стараемся гэтую тэму не абмяркоўваць. Адзінае – размова гады тры таму. І то яе пачаў Паўлічэнка. Ён сказаў: «Што ты думаеш наконт таго, што ў нас было ў 1999 годзе?» Я кажу: «А што ў нас тады было?» Ён кажа: «Усё, я зразумеў». Я зрабіў выгляд, што гэтага не памятаю і не хачу ўспамінаць.

З 1994 года Шэйман знаходзіцца побач з Лукашэнкам. Большасць палітыкаў, з якімі прэзідэнт прыйшоў да ўлады, ужо даўно адышлі ад спраў, а Шэйман застаецца ў кадравай абойме прэзідэнта. Фота president.gov.by

Спробы звароту ў СМІ і ўцёкі ў Еўропу

– Чаму вы, валодаючы поўнай інфармацыяй пра лёс Захаранкі, Ганчара і Красоўскага, так доўга маўчалі?

– Я не маўчаў, увесь час шукаў магчымасць расказаць. У АБСЕ пісаў на польскі адрас, але адказу не атрымаў. Гады два таму пад чужым электронным адрасам, схаваўшы ўсе дадзеныя, напісаў на апазіцыйны сайт «Хартыя-97»: «Добры дзень, я такі і такі. Хачу расказаць, што ведаю пра Захаранку, Ганчара і Красоўскага». Яны адказалі: «Добра, давайце сустрэнемся». А на наступны дзень тэлефануе мне Паўлічэнка і кажа: «Ты туды не хадзі, таму што там цябе пасадзяць». Я кажу: «Зразумеў. Добра». Пасля гэтых слоў я прыйшоў да высновы, што ўся пошта, што прыходзіць на «Хартыю», выкрываецца і кантралюецца нашым КДБ.

– Вы папрасілі прытулак у Еўропе?

– Так, папрасіў. Магу паказаць дакумент.

– Пры падачы хадайніцтва вы патлумачылі, хто вы, чым займаліся ў Беларусі?

– Так, усё гэта я распавёў. Мне задалі пытанне, чаму я бег з Беларусі. І я ім расказаў усё тое ж самае, што і вам цяпер.

– Ці адчуваеце вы сябе ў бяспецы ў Еўропе?

– Вы ведаеце, пакуль пры ўладзе ў Беларусі знаходзіцца непарушны ўжо больш за 25 гадоў наш Аляксандр Рыгоравіч Лукашэнка, я сябе не адчуваю ў бяспецы.

– А чаму ў Беларусі вы не распавялі следчым усю праўду пра выкраданні і забойствы?

– Вось калі б я гэта зрабіў, мяне ў той жа дзень і зачынілі б. І мне б ні за што далі 25 гадоў мінімум.

– Так ужо і ні за што?

– Ну… Так, ёсць за што. Але я не хачу сядзець 25 гадоў. Тым больш, што ў беларускіх турмах гэта не цукар. А я сядзеў бы ў якой-небудзь асаблівай турме, дзе-небудзь у Глыбокім.

– Вы гатовыя паўтарыць тое, што распавялі, пад прысягай?

– Так. Я магу пад прысягай у судзе афіцыйна ўсё пацвердзіць. Магу на карце паказаць месца забойстваў Захаранкі, Ганчара і Красоўскага. Я не ведаю, дзе дакладна пахаваны Захаранка, таму што Паўночныя могілкі вялікія. Але гэта ведае Паўлічэнка. А месца пахавання Ганчара і Красоўскага магу з дакладнасцю да метра паказаць.

– Вы прызналіся ў забойстве. Вы зараз каецеся ў тым, што здзейснілі?

– Ёсць раскаянне, ёсць пачуццё віны… Калі б гэтыя людзі засталіся жывыя, нешта было б па-іншаму ў Беларусі. Я прыношу шчырыя спачуванні родным і блізкім, бо я ўдзельнік забойства. Прашу ў іх прабачэння. Магу паказаць месцы пахаванняў на карце. А далей усё залежыць ад іх і ад нашай беларускай праваахоўнай сістэмы.

  • Апазіцыйныя лідары Юры Захаранка і Віктар Ганчар, бізнесовец Анатоль Красоўскі і журналіст Зміцер Завадскі бясследна зніклі ў 1999-2000 гг. Позна ўвечары 7 траўня 1999 года Юрыя Захаранку ў раёне праспекта Жукоўскага ў Менску выкралі і вывезлі на легкавым аўтамабілі ў невядомым кірунку.
  • У ноч на 17 верасня 1999 года ў раёне вуліцы Фабрычнай, 20а выкралі палітыка Віктара Ганчара і бізнесмена Анатоля Красоўскага.
  • Днём 7 ліпеня 2000 года журналіста Дзмітрыя Завадскага, які ехаў са свайго дома ў Менску ў аэрапорт, захапіла група ўзброеных людзей з 5-6 чалавек, сярод якіх знаходзіліся дзейны баец спецпадраздзялення па барацьбе з тэрарызмам «Алмаз» МУС Рэспублікі Беларусь Максім Малік і былы афіцэр гэтага ж падраздзялення Валер Ігнатовіч. Трупы Захаранкі, Ганчара, Красоўскага і Завадскага дагэтуль не знайшлі.

belsat.eu

Стужка навінаў