«Спадзяемся, што прызнае сваю памылку». Беларускія баптысты адказалі кіраўніку Беларускай праваслаўнай царквы


Недапушчальнымі назваў словы мітрапаліта Менскага і Заслаўскага Паўла пра баптыстаў Леанід Міховіч, біскуп Саюзу евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь.

На мінулым тыдні кіраўнік Беларускага Экзархату Расейскай Праваслаўнай Царквы параўнаў баптыстаў з махлярамі-цыганамі і заклікаў праваслаўных увогуле не размаўляць з імі. Мітрапаліт назваў баптыстаў «сектантамі», якія быццам бы гатовыя дыскутаваць пра веру толькі з тымі праваслаўнымі, якія недастаткова добра ведаюць Біблію.

«Яны ўсіх хочуць навярнуць у сваю секту… Яны атрымліваюць навыкі весці сваю прапаганду, я б сказаў не пропаведзь, а прапаганду, бо пропаведзь ніколі не гвалтуе людзей. Тое, што яны робяць – гэта прапаганда», – сказаў іерарх у эфіры праграмы «Размовы з уладыкай Паўлам» на канале «Эхо-ТВ» 24 лістапада.

 

З прычыны недастатковай адукаванасці вялікай часткі праваслаўных ён заявіў, што з баптыстамі ўвогуле не варта размаўляць на рэлігійныя тэмы.

«З імі проста ані пра што нельга размаўляць. Асабліва калі яны яшчэ і ўдвох прыйшлі… Ведаеце, як цыганы. Прыходзяць дамоў і пачынаюць агітаваць даць ім. Пакуль не ашукаюць чалавека. Гэтак і тут», – сказаў праваслаўны мітрапаліт. – Ім патрэбна толькі больш людзей уключыць у сваю секту».

«Нас вучыць гісторыя Беларусі»

Праз некалькі дзён біскуп Саюзу евангельскіх хрысціян-баптыстаў у Рэспубліцы Беларусь Леанід Міховіч адказаў мітрапаліту Паўлу на ягоныя словы.

«Мы лічым, што такія заявы ў адрас іншых вернікаў ці асоб іншай нацыянальнасці недапушчальныя, асабліва ад чалавека, які займае такую высокую пасаду. Гісторыя і культура Беларусі вучыць нас цярпімасці і добразычлівасці ў адносінах да людзей любых нацыянальнасцяў і вернікаў розных канфесій», – гаворыцца ў заяве біскупа Леаніда Міховіча.

Ён таксама спадзяецца на тое, что Павал прызнае сваю памылку.

«Спадзяемся, што мітрапаліт Павал прызнае сваю памылку, але ў той жа час разумеем, што ў гэтым грахоўным свеце немагчыма дасягнуць поўнай справядлівасці… Мы таксама дзякуем Богу за шматлікіх шчыра веруючых праваслаўных людзей, з якімі можам разам абмяркоўваць пытанні веры і служэння Хрысту», – напісаў Міховіч.

Асобна кіраўнік баптыстаў пажадаў добраслаўлення і дабрабыту ўсім народам, «якія насяляюць нашу цудоўную краіну, у тым ліку цыганам, і асабліва цыганам-баптыстам, якія ёсць у нашых цэрквах».

Мітрапаліт Павал не першы раз трапляе ў медыйныя скандалы

Мітрапаліт Павал быў прызначаны Маскоўскім Патрыярхатам кіраваць Праваслаўнай Царквой у Беларусі ў 2013 годзе, і ніколі раней не жыў у нашай краіне. Магчыма, з прычыны няведання беларускай спецыфікі ён ужо некалькі разоў трапляў у медыйныя скандалы.

Гэтак, спачатку СМІ знайшлі ягоны выступ, дзе мітрапаліт яшчэ ў перыяд сваёй службы ў Расеі пагражае, што Расея можа «адкрыць чарнобыльскі кранік», каб пакараць сваіх заходніх палітычных праціўнікаў за «арганізацыю» рэвалюцый і масавых акцый пратэсту.

У гэтым годзе мітрапаліт Павал выказаўся супраць грэка-католікаў:

«Задача ўніятаў – сказаць, што ў нас адзін Бог. Выбачайце, дык у нас не адзін Бог, сябры мае. У вас свой Бог, бо вы па-іншаму ў Бога верыце. Вы па-іншаму яго вызнаеце».

Пазней прэс-сакратар Беларускай Праваслаўнай Царквы айцец Сяргей Лепін заявіў, што мітрапаліта няправільна зразумелі.

З іншага боку, мітрапаліт Павал дазволіў праваслаўным святарам актыўна ўдзельнічаць у святкаванні 100-годдзя Беларускай Народнай Рэспублікі, што выклікала зацятыя напады на яго і на гэтых праваслаўных святароў.

Аляксандр Гелагаеў, Belsat.eu

Стужка навінаў