Смяротнае ДТЗ у Ружанах: распачата крымінальная справа


Следчым упраўленнем УСК па Берасцейскай вобласці ў дачыненні да кіроўцы грузавіка, у якога напярэдадні ў паселішчы Ружаны перакуліўся прычэп з бярвеннямі, заведзеная крымінальная справа паводле ч.3 арт. 317 (парушэнне правілаў дарожнага руху, што пацягнула па неасцярожнасці смерць двух асобаў). Падазраваны затрыманы. Па выніках праведзенага агляду на момант здарэння ён быў цвярозы.

Паводле следства, 17 лютага сёлета, прыкладна ў 12 гадзін 40 хвілінаў, 55-гадовы жыхар Івацэвічаў, кіруючы аўтамабілем МАЗ і перавозячы ў прычэпе бярвёны, пры аб’ездзе пешаходаў, якія рухаліся па краі праезнай часткі, дапусціў перакульванне прычэпа. Пасля гэтага бервяны ўпалі на пешаходаў – двух жанчынаў і на дзіця, якое знаходзілася ў калысцы.

У выніку здарэння 44-гадовая жыхарка Ружанаў і яе 6-месячная ўнучка ад атрыманых цялесных пашкоджанняў памерлі на месцы здарэння. 25-гадовая маці дзіцяці шпіталізавана ва ўстанову аховы здароўя.

Следчымі, сумесна са спецыялістам УГКСЭ па Берасцейскай вобласці, праведзены агляд месца ДТЗ, падчас якога зафіксавана рэчава-слядовая абстаноўка, а таксама канфіскаваныя неабходныя абʼекты; дапытаныя падазраваны і сведкі, прызначаныя аўтатэхнічная, транспартна-трасалагічная і судова-медычная экспертызы.

Hавiны
У Ружанах бярвёнамі забіла шасцімесячнае дзіця і ягоную бабулю
2019.02.17 15:56

СК, belsat.eu

Стужка навінаў