СМІ: журналіст Васіль Сямашка датычны да затрымання Паўла Шаройкі


Інтэрнэт-партал «Белпраўда» паведаміў, што беларускі журналіст Васіль Сямашка мае дачыненне да арышту карэспандэнта «Украінскага радыё» Паўла Шаройкі, якога ў Беларусі вінавацяць у шпіянажы.

Раней дэпутат Вярхоўнай Рады Украіны Дзмітры Тымчук распавядаў, што нейкі «журналіст НТВ» паклікаў украінскага журналіста на сустрэчу, прапануючы перадаць яму «сакрэтныя» дакументы па выкарыстанні тэрыторыі Рэспублікі Беларусь для ўварвання ва Украіну. З гэтымі дакументамі Шаройку і затрымалі супрацоўнікі КДБ, нагадвае «Наша Ніва».

«Стала вядома, што ўкраінскі журналіст [Павел Шаройка] быў затрыманы адразу пасля сустрэчы з грамадзянінам Беларусі Васілём Сямашкам, які з гэтага году – расейскі журналіст карпункта НТВ у Беларусі. Васіля нельга назваць ардынарнай асобай. Многія калегі памятаюць яго экзальтаваныя ўчынкі, такія, як, напрыклад, спроба зарэгістраваць свайго ката кандыдатам у прэзідэнты ў 2015-м. Паездка на акупаванаую частку Данбаса, пасля якой ён не саромеўся дэманстраваць фота са сваёй машыны, у якой вазіў тэрарыстаў «ДНР» і іх зброю. Яшчэ раней, у 2013-м, Сямашка не хаваў, што падтрымлівае працоўныя стасункі з Валерам Бобышавым, у той час – начальнікам аднаго з упраўлення Аператыўна-аналітычнага цэнтра пры кіраўніке РБ», – напісала «Белпраўда».

У артыкуле партала пры гэтым не ўдакладняецца, адкуль аўтару стала вядома пра затрыманне Сямашкі.

У дадзены момант Сямашка на свабодзе. Belsat.eu звязаўся з ім і папрасіў пракаментаваць артыкул «Белпраўды», аднак Васіль адмовіўся размаўляць на гэтую тэму.

«Спытайцеся ў аўтараў беларускіх, украінскіх СМІ, якія пісалі пра мяне», – адказаў Сямашка.

На пытанне, ці ведае ён асабіста Паўла Шаройку, Сямашка сказаў: «Без каментароў»

Раней Васіль Сямашка працаваў у інфармацыйным агенцтве БелаПАН, потым нейкі час супрацоўнічаў з расейскім «Спутнікам», а цяпер працуе на НТВ. Сямашка некалькі разоў ездзіў на Данбас і рабіў рэпартажы з абодвух бакоў канфлікта.

Нагадаем, 25 кастрычніка 2017 года ў Менску спецслужбы затрымалі ўкраінскага журналіста Паўла Шаройка. Паводле КДБ, Шаройка стварыў у Беларусі «агентурную сетку з грамадзянаў Беларусі, якія за грашовую ўзнагароду выконвалі ягоныя заданні па зборы звестак выведвальнага характару ў ваенна-палітычнай сферы». Працу Шаройкі ў Беларусі, паводле заявы КДБ, каардынаваў супрацоўнік ГУР МА Украіны Ігар Скварцоў, які «дзейнічаў пад прыкрыццем саветніка амбасады Украіны ў Беларусі».

Ігар Скварцоў быў абвешчаны персонай нон грата. У адказ Украіна выслала першага сакратара амбасады Беларусі. Менск гэты крок расцаніў як «несяброўскі».

У дачыненні да Шаройкі распачатая крымінальная справа па ст.358 КК Беларусі (шпіянаж) і прынята рашэнне аб утрыманні яго пад вартай. Акрамя Шаройкі, затрыманы грамадзянін Беларусі – яму інкрымінуюць «дзяржаўную здраду».

Афіцыйны Кіеў адмаўляе датычнасць Скварцова і Шаройкі да выведвальнай дзейнасці і лічыць абвінавачванні беспадстаўнымі.

 

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў