СМІ: У Сірыі загінуў чэмпіён Расеі па боксе – ён ваяваў за «Ісламскую дзяржаву»


Чэмпіён Расеі і Малых алімпійскіх гульняў па боксе Вячаслаў Лапшын загінуў у Сірыі, змагаючыся на баку «Ісламскай дзяржавы».

Спартсмен быў забіты яшчэ ў сакавіку 2016 года, але вядома пра гэта стала толькі цяпер. Як распавяла сястра Лапшына, 15 гадоў назад яе брат прыняў іслам. У сям’і лічылі, што Вячаславу «прамылі мазгі» ў мячэці, якую ён наведваў.

Паводле слоў сястры, Лапшын з жонкай і трыма дзецьмі з’ехаў у Турэччыну на адпачынак у чэрвені 2015 года і застаўся ў краіне, а пазней перабраўся ў Сірыю.

Лапшын нарадзіўся ў 1981 годзе. У 2006 годзе перамог на Малых алімпійскіх гульнях, станавіўся чэмпіёнам Расеі.

Паводле аналітычнай кампаніі Soufan Group, расейцы складаюць самую вялікую групу замежнікаў, якія ваююць на баку тэрарыстычнай арганізацыі «Ісламская дзяржава» ў Іраку і Сірыі. Па падліках аўтараў дакладу, на баку «ІД» па стане на кастрычнік 2017 года ваююць 3417 грамадзянаў Расейскай Федэрацыі. Расейскія ўлады раней прызнавалі, што сярод байцоў «Ісламскай дзяржавы» шмат расейцаў – ад 3,5 да 4 тыс.

ІІ, belsat.eu, паводле Gazeta.ru

Стужка навінаў