СМІ: У Берасці каронавірус выявілі ў студэнткі, якая вярнулася з Віцебску


Другі выпадак заражэння COVID-19 на Берасцейшчыне: захварэла дзяўчына, якая вярнулася з Віцебску.

Пра гэта паведамляе TUT.by

Паводле інфармацыі выдання, па вяртанні з Віцебску дзяўчына ляжала ў Цэнтральнай гарадской больніцы Берасця.

«Яна прыехала дадому, трапіла ў шпіталь з падазрэннем на пнеўманію. Некалькі чалавек было з ёй у палаце. Адна з яе суседак – супрацоўніца адной з медустаноў Берасця. Усіх ноччу перавезлі ў абласную інфекцыёнку. Бацькоў дзяўчыны – таксама», – распавяла крыніца.

Дзяўчыне 20 гадоў, вучыцца ў Віцебскім дзяржаўным медычным універсітэце. Пасля пераходу ВНУ на дыстанцыйнае навучанне яна паехала ў Берасце.

У тэлефоннай размове з TUT.by пацыентка пацвердзіла, што ў яе знайшлі каронавірус. Цяпер яна ў адзіночнай палаце інфекцыйнага аддзялення Берасцейскай абласной клінічнай больніцы. Таксама шпіталізаваныя ўсе ейныя кантакты першага ўзроўню.

Паводле дадзеных Міністэрства аховы здароўя, на 3 красавіка ў Беларусі 351 выпадак інфікавання каронавірусам. У лідэрах – Менск і Віцебская вобласць. На Берасцейшчыне сёння пацверджана 2 выпадкі. Першым стаў жыхар Столінскага раёна.

КА belsat.eu

Стужка навінаў