«Bloomberg»: сын Кадафі разлічвае, што Расея дапаможа яму стаць прэзідэнтам Лівіі


Сын былога лівійскага дыктатара Муамара Кадафі Саіф аль-Іслам шукае дапамогі Масквы для рэалізацыі сваіх прэзідэнцкіх амбіцыяў. Пра гэта паведамляе Bloomberg са спасылкай на ўласныя крыніцы.

Прадстаўнікі Расеі, паводле адной са знаёмых з сітуацыяй крыніцаў агенцтва ў Маскве, ужо ўступілі ў кантакт з сынам Кадафі – перамовы праходзілі праз відэасувязь. Пасля гэтага, у пачатку снежня, прадстаўнік сына былога лівійскага дыктатара сустракаўся з намеснікам кіраўніка расейскага МЗС Міхаілам Багданавым. З ім ад імя Саіф аль-Іслама прэзідэнту Расеі Уладзіміру Пуціну і расейскаму ўраду быў перададзены ліст з прывітаннямі ад сваяка экс-дыктатара, распавяла крыніца. У лісце Саіф аль-Іслам нібыта дзяліўся з расейскімі ўладамі сваім бачаннем будучыні Лівіі і прасіў аб палітычным падтрыманні.

Апроч яго, у Маскве з 2016 года, паводле інфармацыі ананімных дыпламатаў, часта бывае камандзір Лівійскай нацыянальнай арміяй фельдмаршал Халіфа Хафтар. Менавіта яго, як лічылася раней, падтрымлівае Крэмль. Каго цяпер будзе падтрымліваць Масква, расейскія ўлады яшчэ не вырашылі, кажа адзін з суразмоўцаў агенцтва.

Нацыянальныя выбары ў Лівіі ААН хоча правесці ў наступным годзе, у адпаведнасці са сваім планам для аб’яднання краіны. Кадафі-малодшы, паводле ацэнак агенцтва, тэарэтычна можа узяць у іх удзел, нават нягледзячы на ​​тое, што з 2011 года яго шукае Міжнародны крымінальны суд. Саіфа аль-Іслама ён абвінавачвае ў тым ліку ў злачынствах супраць чалавечнасці.

Саіфу аль-Ісламу Кадафі 46 гадоў. Ён вучыўся ў Лонданскай школе эканомікі і палітычных навук. Пасля смерці бацькі падчас грамадзянскай вайны яго схапілі паўстанцы і перадалі пад суд, дзе паводле справы аб задушэнні закалотаў у 2011 годзе (тады загінула мноства дэманстрантаў) яго асудзілі да смяротнага пакарання. Аднак у сярэдзіне 2017 года Саіфа аль-Іслама вызвалілі. Такое рашэнне ўлады Лівіі прынялі, зыходзячы з прынятага ім закону аб усеагульнай амністыі.

Ягоны бацька Муамар Кадафі быў дыктатарам Лівіі больш за 30 гадоў. У 2011 года ў Лівіі пачалася рэвалюцыя, якая перарасла ў грамадзянскую вайну. 20 кастрычніка 2011 года Муамар Кадафі забілі паўстанцы.

ІІ, belsat.eu, паводле РБК

Стужка навінаў