СМІ: лідары G7 вырашылі, што вяртаць Расею ў групу «занадта рана»


Лідары краінаў «Вялікай сямёркі» падчас саміту ў Б’ярыцы абмеркавалі вяртанне Расеі ў групу. Паводле AFP, палітыкі прышлі да высновы, што рабіць гэта «занадта рана».

Пра гэта агенцтва паведаміла са спасылкаю на дыпламатычныя крыніцы.

Між тым, BNN Bloomberg паведамляе, што Трамп заявіў у Б’ярыцы, што запрасіць Пуціна на саміт у наступным годзе «безумоўна магчыма».

Раней прэзідэнт ЗША Доналд Трамп неаднаразова казаў пра магчымасць вяртання Расеі ў «Вялікую сямёрку». На гэтым тыдні, у прыватнасці, ён адзначыў, што вяртанне Расеі было б мэтазгодным рашэннем, бо група абмяркоўвае ў тым ліку пытанні, звязаныя з Расеяй. 21 жніўня канал CNN са спасылкай на крыніцы паведаміў, што Трамп і прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон дамовіліся запрасіць Пуціна на саміт G7 у 2020 годзе. Аднак пазней Макрон зняпраўдзіў гэтую навіну, адзначыўшы, што вяртанне Расеі магчымае толькі пасля вырашэння ўкраінскага крызісу.

Прэзідэнт Еўрапейскай рады Дональд Туск напярэдадні саміту раскрытыкаваў прапанову Трампа аб запрашэнні Расеі ў склад «Вялікай сямёркі». Туск заявіў, што ён паспрабуе пераканаць лідараў G7 у тым, што лепш запрасіць на наступную сустрэчу прэзідэнта Украіны.

У склад G7 уваходзяць ЗША, Японія, Нямеччына, Вялікая Брытанія, Францыя, Італія і Канада. Расея была выключаная з «Вялікай васьмёркі» пасля анексіі Крыму і пачатку вайны на Данбасе.

ІІ belsat.eu

 

Стужка навінаў