СМІ распавялі пра змест 31-й дарожнай мапы па інтэграцыі Беларусі і РФ

На перамовах аб паглыбленай інтэграцыі з Беларусі і Расеі Масква прапаноўвала распачаць працу над стварэннем 12 наднацыянальных органаў. Пра гэта піша РБК.

У лік наднацыянальных органаў, працу над стварэннем якіх прапаноўваў распачаць Крэмль, уваходзяць: адзіны эмісійны цэнтр, які прадугледжвае ўвядзенне адзінай валюты, падліковая палата і суд Саюзнай дзяржавы, адзіны мытны орган, адзіны орган па ўліку уласнасці Саюзнай дзяржавы, адзіныя падатковыя і антыманапольныя органы. Таксама гаворка ішла пра адзіныя рэгулятары па наступных сферах: у галіне транспарту, прамысловасці, сельскай гаспадаркі, сувязі, плюс рэгулятар аб’яднаных рынкаў газу, нафты і электраэнергіі. Пра гэта РБК распавялі тры крыніцы, знаёмых з ходам перамоваў Масквы і Менску.

Стварэнне гэтых органаў агаворваецца ў апошняй, так званай 31-й дарожнай мапе па інтэграцыі дзвюх краінаў. Пры гэтым размова не ідзе пра тое, каб адразу сфармаваць гэтыя органы – прапануецца распрацаваць дарожныя мапы па іх стварэнні, падкрэслівае выданне. Да якога тэрміну, суразмоўцы РБК сказаць не змаглі. У дакуменце таксама ідзе гаворка аб распрацоўцы дарожных мапаў, якія тычацца сумеснай стратэгіі Расеі і Беларусі ў сферы абароны, стварэння агульных банкаў дадзеных праваахоўных органаў, уніфікацыі заканадаўства, якое рэгулюе дзейнасць праваахоўных структураў і спецслужбаў.

Аднак летам-восенню 2019 года прэзідэнты Уладзімір Пуцін і Аляксандр Лукашэнка дамовіліся засяродзіцца на абмеркаванні 30 мапаў, прыняць іх пакетам, а ўжо пасля, магчыма, вярнуцца да прапрацоўкі 31-й мапы, распавёў РБК іншы суразмоўца, знаёмы з ходам перамоваў аб інтэграцыі. Цяпер яны пастаўленыя на паўзу па ініцыятыве Менска, дадае ён.

Хто каго перахітрыў? Усё, што трэба ведаць пра вынікі года ў інтэграцыйных перамовах Беларусі і Расеі

  • Перамовы пра паглыбленне інтэграцыі Беларусі і РФ распачаліся ў канцы 2018 года. 6 верасня 2019 года, прэм’еры дзвюх краінаў Сяргей Румас і Дзмітрый Мядзведзеў узгаднілі праект праграмы дзеянняў па паглыбленні інтэграцыі і спіс дарожных мапаў. З верасня па снежань урады ўзгаднялі канкрэтныя дарожныя мапы, каб перадаць іх на подпіс кіраўнікам дзяржавы. Чакалася, што 8 снежня адбудзецца паседжанне Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы, дзе Аляксандр Лукашэнка і Уладзімір Пуцін падпішуць новую інтэграцыйную праграму, якая ўключае ў сябе 31 дарожную мапу. Аднак падпісанне інтэграцыйных дакументаў так і не адбылося.
  • Поўны пералік усіх дарожных мапаў ніколі не публікаваўся, як і дэталі інтэграцыйных дакументаў. Цягам 2019 года беларускія ўлады ўсяляк падкрэслівалі, што інтэграцыйных перамовы не тычацца стварэння наднацыянальных органаў і палітычнай інтэграцыі. Толькі ў снежні, ужо пасля зрыву паседжання Найвышэйшага Дзяржаўнага Савету Саюзнай дзяржавы ў Маскве, Лукашэнка распавёў, пра 31-ю мапу. «Есць так званая 31-я дарожная мапа – гэта план будаўніцтва наднацыянальных органаў. Парламент, магчыма, прэзідэнт будзе і г. д.» – заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю «Эхо Москвы».
  • Лукашэнка быў вымушаны распавесці пра 31-ю мапу пасля таго, як пра яе ўзгадаў Мядзведзеў. 23 снежня расейскі прэм’ер заявіў, што 31-я мапа закранае пытанні наднацыянальных органаў, адзінай валюты і адзінага эмісійнага цэнтру. Лукашэнка ў інтэрв’ю «Эхо Москвы» падкрэсліў: яны з Пуціным дамовіліся пакуль не размаўляць на гэтую тэму і астатнія мапы з 31-й не ўвязаныя.

Менск абвінаваціў Маскву ў тым, што зачыненне мяжы раз’ядноўвае беларусаў і расейцаў

ІІ belsat.eu

Hавiны