Смешна, страшна, жахліва. Найлепшыя фільмы на Гэлаўін у падборцы «Белсату»


20-ка фільмаў і мультфільмаў, якія можна глядзець сям’ёй, з дзецьмі, кампаніяй або, калі вельмі страшна, пад коўдрай.

У ноч з 31 кастрычніка на 1 лістапада адзначаецца адное з самых міфічных святаў – Гэлаўін. У гэты дзень ладзяцца розныя тэматычныя вечарыны, дзе госці апранаюцца ў вампіраў, вурдалакаў ды іншых жахлівых істотаў, загадзя выразаюцца з гарбузоў страшныя фігуркі, а на тэлебачанні круцяць тэматычныя фільмы. Журналісты «Белсату» ўзгадалі 20 фільмаў і мульцікаў, якія, на наш погляд, лепш за ўсё пасуюць для прагляду на Гэлаўін. Некаторыя са стужак раім глядзець усёй сям’ёй, а некаторыя – толькі калі ў вас вельмі крэпкія нервы.

Глядзім усёй сям’ёй і паказваем дзецям

«Таямніца Коко»

Мультфільм студыі «Pixar» пра мексіканскае свята Дня памерлых. 12-гадовы Міхэль апынуўся ў свеце памерлых, дзе сустракае душы сваіх продкаў і даведваецца пра гісторыю, якую хавала ягоная сям’я. Вельмі добры, філасофскі мультфільм, які выдатна падыходзіць для прагляду з дзецьмі.

«Бітлджус»

Тым Бэртан зняў гэты фільм у 1988 годзе, і спецэфекты, канешне, выглядаюць ужо даволі смешна. Адам і Барбара трапляюць у ДТЗ і становяцца прывідамі. У дом, дзе яны жылі, засяляецца новая сям’я, якую памерлая пара хоча напужаць і выселіць. Лідзія, якая пераязджае ў новы дом разам з бацькамі, адзіная, хто бачыць прывідаў. Бітлджус – экзарцыст, які жыве ў падземным міры, і чыё імя лепш не называць тройчы запар.

«Джуманджы»

Падлеткі Алан і Сара знаходзяць настольную гульню «Джуманджы» і пачынаюць у яе гуляць: кідаюць косткі, пасля чаго фігуркі самі рухаюцца, а нехта ці нешта чыніць зусім не дзіцячыя перашкоды. «У джунглі мы цябе закінем, пакуль не выпадзе пяць ці восем». «Не пачынай гульню, калі не збіраешся яе даводзіць да канца».

«Каспэр»

Пра дом, куды нядаўна заехаў доктар Гарві з дачкой Кэт, ходзіць легенда: нібыта там жывуць прывіды. Дарэчы, гэта праўда: у будынку жыве (ці існуюць) чатыры прывіды – трое шкодных і адзін вельмі добры, Каспэр. А вось якія таямніцы хавае будынак? І ці можна з прывіду зрабіць чалавека?

«Практычная магія»

Сёстры Оўэн – сапраўдныя вядзьмаркі. Яны ўмеюць лётаць, памешваць гарбату, не кранаючыся лыжкі, адным подыхам падпальваюць свечкі і могуць накласці праклён. Але шкоды іншым сёстры стараюцца не рабіць, бо самі маюць праклён: усе іхныя каханыя паміраюць. Але напрыканцы, канешне ж, хэпі энд.

«Сямейка Эдамс»

Фільм зняты ў 1991 годзе паводле коміксаў. Сямейка Эдамс – абсалютна незвычайная. Так, там ёсць мама, тата, дзеці, дзядзя і нават дварэцкі. Але мілыя дзеткі гуляюць на могілках, матуля вырошчвае атрутныя кветкі, па доме ходзіць жывая рука, а дзядзя займаецца выбухоўкамі. Карацей, з імі дакладна не засумуеш.

«Паляўнічыя за прывідамі»

У Нью-Ёрку праблема: пачалі з’яўляцца прывіды. Але ёсць попыт – зʼяўляецца і сэрвіс, то бок каманда паляўнічых на прывіды.

«Эдўард рукі-нажніцы»

Яшчэ адзін фільм Тыма Бэртана. У вялікім замку выпадкова знаходзяць чалавека-кібарга, у якога замест рук – нажніцы. Вобраз даволі пужальны, але потым жыхары невялікага амерыканскага гарадку спрабуюць пасябраваць з Эдўардам, бо ён сваймі рукамі-нажніцамі робіць неверагодныя фігуры з кустоў, а таксама футурыстычныя фрызуры. Але зʼяўляюцца і тыя, хто зайздросціць папулярнасці Эдўарда…

«Гатэль «Трансільванія»

Мультфільм мае тры часткі. Галоўныя героі – вампір і ягоная дачка, якой вельмі цікава тое, што адбываецца ў рэальным жыцці, за межамі вампірскага замку. Але тата зусім не хоча, каб дачка сутыкалася з жывымі людзьмі.

«Труп нявесты»

На рэпетыцыі вяселля Віктар нервуецца і збягае ў лес, каб вывучыць шлюбную клятву. Упэўнены, што яго ніхто не чуе і не бачыць, ён трэніруецца вымаўляць клятву і… апранае пярсцёнак на галінку. Але потым апынулася, што гэта зусім не галінка, а палец трупа нявесты, якая потым прачынаецца.

Фільмы для дарослых, але не вельмі страшныя

«Рэальныя ўпыры»

Вельмі шмат містыкі, чорнага гумару і незямных істотаў. Пад настрой і хутчэй, калі хочацца пасмяяцца.

«Ван Гэлсінг»

У Трансільваніі граф Дракула мае план ажывіць сваё патомства. Перашкодзіць яму можа толькі адзін чалавек – Ван Гэлсінг. Ён не самы станоўчы персанаж (усё ж такі абʼяўлены ў вышук за забойства, але менавіта ён выдатна валодае сродкамі для знішчэння вампіраў.

«Істўікскія вядзьмаркі»

Тры адзінокія жанчыны, якія незадаволеныя сваім жыццём, жывуць у маленькім гарадку Істўік. Яны збіраюцца разам па чацвяргах, пʼюць марціні займаюцца магіяй і мараць пра ідэальнага мужчыну. Толькі не ведаюць, што часам мараў сваіх трэба баяцца.

«Вельмі жахлівае кіно»

Камедыя на мяжы фолу. Нібыта жахлівыя істоты, але вельмі смешныя сітуацыі, у якія трапляюць героі. Наўрад ці вы спужаецеся – хутчэй, будзеце смяяцца.

«Змрочныя цені»

У Барнабаса Коллінза закахалася служанка, але той адмовіў дзяўчыне ў пачуццях. Гэта было памылкай – бо дзяўчына была самай сапраўднай вядзьмаркай, якая закалдавала Барнабаса і той стаў вампірам. Яшчэ і пахавалі яго зажыва Праз шмат год труну з вампірам знаходзяць будаўнікі. Барнабас забівае будаўнікоў, знаходзіць свой дом і нават спрабуе дапамагчы новая сямʼі наладзіць бізнес. Вось толькі вядзьмарка нікуды не дзелася.

«Масакра»

Беларускі фільм Андрэя Кудзіненка. Падзеі адбываюцца падчас паўстання Каліноўскага. У аснове сюжэта – навэла «Локіс» пра мядзведзя-ваўкалаку, а таксама старабеларускія легенды.

Глядзіце – калі нервы крэпкія

«Яно»

Не ўсе клоўны добрыя і весяляць дзяцей. Хлопчык Джорджы пускае папяровы караблік па вадзе. У выніку цацку заносіць у вадасцёк, дзе хлопчык з жахам пабачыў клоўна, якія прадстаўляецца яму як Пэннівайз – танцуючы клоўн. Клоўн паказвае караблік і працягвае яго Джорджы, а потым адкусвае руку хлопчыку і зацягвае ў каналізацыю. Калі нервы крэпкія, можна глядзець далей.

«Вій»

Мастацкі фільм, зняты па аднайменнай аповесці Гогаля. «Падыміце мне павекі…».

«Дотык»

Мастацкі фільм 1992 года рэжысёра Альберта Мкртчана. Адзін з першых расейскіх хорараў з вельмі насычаным сюжэтам. Тут і праклёны, і прывід, які перадае свае пасланні жывым і нават заключае дамову са следчым.

«Дзіцячыя гульні»

Чарльз Лі Рэй – серыйны забойца, які апантаны магіяй вуду. Ён накладае заклінанне на цацку «Добры хлопец», якую потым набываюць для аднаго хлопчыка. Але ў доме са зʼяўленнем цацкі Чакі адбываюцца дзіўныя рэчы. Чакі сам перамяшчаецца з пакою ў пакой, лятаюць прадметы, уключаецца газавая пліта…

Стужка навінаў