«Смерць Расеі»: украінскія нацыяналісты разграмілі расейскія банкі ў Кіеве


Удзельнікі акцыі, арганізаванай Добраахвотніцкім рухам АУН (Арганізацыя ўкраінскіх нацыяналістаў) на чале з Міколай Каханіўскім, разбілі вокны ў расейскіх «Сбербанку» і «Альфа Банку» у Кіеве.

У гэты момант на месцы прысутнічала паліцыя, аднак праваахоўнікі не ўмешваліся ў дзеянні нацыяналістаў і не заміналі ім.

Як паведамляе Інтэрфакс-Украіна, пасля гэтага ўдзельнікі акцыі рушылі да вуліцы Барысаглебскай, дзе знаходзіцца будынак «Россупрацоўніцтва», і таксама закідалі будынак камянямі і яйкамі. На будынку прадстаўнікі ОУН напісалі «Смерць Расеі».

Супрацоўнікі Нацгвардыі і паліцыі ў сітуацыю таксама не ўмешваліся.

Зрэшты, калі калона ўдзельнікаў акцыі рушыла да «Альфа Банка», праваахоўнікі выстраіліся ў калону ўздоўж сцяны будынка, каб перашкодзіць АУНаўцам пашкодзіць будынак.

Напярэдадні актывісты нацыяналістычных арганізацыяў уварваліся ў будынак прадстаўніцтва «Россупрацоўніцтва», Расейскага цэнтру навукі і культуры ў Кіеве і растапталі, а затым спалілі расейскі сцяг, а таксама пакінулі надпісы на сценах.

Кіраўнік РЦНК Канстанцін Вараб’ёў заявіў, што звярнуўся ў паліцыю з-за нанесенай матэрыяльнай шкоды.

МЗС РФ заявіла, што расейскі бок мае намер у бліжэйшы час накіраваць зварот у АБСЕ ў сувязі з пагромам расейскай культурнай місіі ў Кіеве.

ІІ, belsat.eu, паводле pravda.com.ua

Стужка навінаў