70-гадовага мужчыну ў лесапаласе Магілёва знайшоў удзельнік суполкі «МОГИЛЕВ Live». Дзяніс Заленскі распавёў, як падчас шпацыру з жонкаю, сястрой і грудным дзіцём напаткаў мужчыну сталага веку, які сядзеў за некалькі метраў ад сцежкі ды клікаў на дапамогу.
Здарэнне адбылося 29 кастрычніка. Дзяніс з жонкай і сястрою паспрабавалі паставіць знойдзенага мужчыну на ногі, але той не ўтрымаўся і ўпаў:
«Паху спіртнога ад яго не было. Чысты ахайны мужчына гадоў сямідзесяці. Ён ледзь здолеў вымавіць, што а 12:00 яму зрабілася блага: закружылася галава ды пачало ванітаваць, ён прысеў і клікаў на дапамогу. Дзве гадзіны!»
Дзяніс кажа, што лес не бязлюдны – там шмат бегуноў, сабачнікаў і проста людзей, якія ідуць на працу ці дадому:
«Гэта значыць, паўз беднага мужчыну, які клікаў на дапамогу дзве гадзіны, хадзілі дзясяткі людзей, і нікому не хапіла чалавечнасці падысці».
Дзяніс самастойна выклікаў хуткую, аднак на гэтым гісторыя не скончылася. Дыспетчарка хуткай вельмі доўга намагалася даведацца дакладны адрас, хаця мужчына патлумачыў ёй, што яны ў лесе каля АТС-24 побач з вуліцаю Турава.
«Але яна працягвала паўтараць: «Назавіце мне дакладны адрас!» Можа, у лесе варта пранумараваць дрэвы?! А можа, час для хуткай пеленгаваць сігнал мабільных?! Я сказаў, што сустрэну іх на прыпынку і правяду да «дакладнага адрасу», – кажа магілёвец.
У Беларусі існуюць тры тыпы выклікаў хуткай дапамогі: экстранныя, тэрміновыя і неадкладныя. Інсульт адносіцца да другой катэгорыі – тэрміновыя выклікі, калі ў момант звароту ў хуткую жыццю пацыента не пагражае небяспека. На такія выклікі хуткая дапамога выязджае цягам 15 хв. Ва Украіне хуткая дапамога ў сярэднім прыязджае за 8,5 хв.
З напалову прытомным мужчынам засталіся жонка з дзіцём і сястра Дзяніса. Хуткая прыехала праз паўгадзіны. Пачалася залева, усе цалкам прамоклі.
«Дзяўчыны патэлефанавалі яшчэ раз і прасілі прыехаць як мага хутчэй, аднак у адказ пачулі: «Хуткая ўжо выехала, чакайце!» Дык, можа, хутчэй было б выклікаць таксі, каб адвезлі яго ў шпіталь?!» – з горыччу адзначае чытач суполкі.
Пакуль Дзяніс чакаў хуткую на прыпынку, дзяўчыны знайшлі ў тэлефоне мужчыны нумар ягонай сястры ды распавялі ёй пра здарэнне. Тым часам хуткая прыехала, Дзяніс з санітарамі данёс мужчыну да аўта:
«Пераканаўшыся, што ён у бяспецы, мы паспяшаліся дадому, сушыцца. Перад адыходам спыталі, куды яго павязуць, на што атрымалі адказ: «Спачатку мы высветлім, што з ім». Відаць, высвятлялі яны доўга… Мы выйшлі з лесу, перайшлі дарогу і пакуль бачылі лес – усё азіраліся, але хуткая з лесу так і не выехала».
Увечары Дзянісу патэлефанавала сястра мужчыны. Жанчына плакала і распавяла аб працягу гісторыі: яна скантактавалася з жонкаю брата, якая неадкладна паехала ў прыймовае аддзяленне гарадской больніцы, куды даставілі мужчыну. Паводле яе, муж усцяж ляжаў у пачакальні, ён яшчэ быў прытомны і сказаў, што санітары даставілі яго са словамі: «Наце, яшчэ аднаго алкаша вам прывезлі!»
«З таго часу ён проста валяўся на насілках на першым паверсе. Жанчына запатрабавала, каб яго неадкладна абследавалі, бо ў яго ўжо быў адзін інсульт. Сам жа мужчына аказаўся доктарам на пенсіі, 71 год [Belsat.eu даведаўся імя магілёўца – Уладзімір Падабед]. І толькі пасля гэтага лекары забегалі. Здымак пацвердзіў здагадку жонкі», – піша Дзяніс.
Belsat.eu звязаўся з сястрою мужчыны. Яна сказала, што ейны брат памёр. У роспачы, кабета не магла размаўляць.
«Пакуль інфармацыі журналістам ніякай не даём. А афіцыйна калі і ці дамо, нават не ведаю», – адказалі belsat.eu ў прымальні галоўнага доктара Магілёўскай гарадской больніцы хуткай медычнай дапамогі Уладзіміра Арахоўскага.
Belsat.eu прыносіць шчырыя спачуванні сям’і памерлага.
ДР belsat.eu