Слуцкая Жанна д’Арк


Так, так! Мы маем сваю Арлеанскую дзеву! Праўда, не зусім арлеанскую, а слуцкую, тым не менш яшчэ адна эмансіпаваная беларуская князёўна заслугоўвае на ўвагу. Да нашых дзён гісторыя захавала не шмат дакладных фактаў пра біяграфію Анастасіі Слуцкай, аднак прыгожай легендай мы можам ганарыцца і сёння.

Мы працягваем цыкл публікацыяў пра беларускіх феміністак. Зазначым, што выкарыстаны панятак «феміністкі» – умоўны і ў тэксце азначае эмансіпаваных для свайго часу жанчын, якія мелі мужнасць пайсці насуперак грамадскім стэрэатыпам і пакінуць свой след у гісторыі.

Удава-ваярка

Маладзенькую Анастасію з князем Слуцкім і Капыльскім Сямёнам ажанілі на пачатку 90-х гадоў XV стагоддзя. Насалоджвацца сямейным жыццём маладым наканавана было нядоўга. Муж увесь час змагаўся з няспыннымі набегамі ваяўнічых татараў, якія не давалі спакою землям ВКЛ. Спустошанае княства саслабела настолькі, што ў выніку Слуцк страціў Магдэбургскае права. У 1503-м годзе князь Сямён моцна хварэе і сыходзіць з жыцця, пакідаючы маладую жонку, дзяцей і княства без апекі. Рашучая Анастасія становіцца рэгентам непаўнагадовага сына Юрыя і бярэ праўленне ў свае рукі. Князёўна пачынае ўмацоўваць горад. Пры ёй адбудаваныя верхні і ніжнія замкі, замест драўлянай жанчына будуе каменную Траецкую царкву ў гонар паспяховай абароны ад татараў і ў памяць аб загінулых.

Пасля смерці мужа княгіня сама займаецца абаронаю княства і стаіць на чале Слуцкага войска. Не вядома, ці брала Анастасія меч у рукі, але калі ўжо і ствараць легенду, то можна, мабыць, крыху і палетуценіць. Уявіце сабе сярэднявечную зброю. Жалезны даспех разам з кальчугай важыў ад 20-ці да 50-ці кг. Плюс цяжэнны меч, якім трэба было ўмела махаць. А яшчэ неверагодная сіла і мужнасць жанчыны, каб на гэта вырашыцца. Прыгожая легенда пра беларускую Жанну д’Арк на доўга ўвекавечана ў знакамітым фільме 2003-га года, які так і называецца «Анастасія Слуцкая». Кінастужка (канешне, не без абаяльнасці акторкі Святланы Зелянкоўскай) дорыць нам драматычны экшэн пра беларускую жынчыну-ваярку, поўную хараства і мудрасці, аднак не раскрывае цалкам яшчэ адзін цікавы вузельчык біяграфіі Анастасіі.

Як свавольная ўдавіца пакінула з носам кавалера-аферыста

Здавалася б: ад татараў адбіліся, горад будуецца, сын падрастае, – дайце пажыць спакойна жанчыне! Дык не. Занадта прынадным яна была кавалачкам, каб пазбегнуць заляцанняў заахвочаных князёў, адзін з якіх быў самым яскравым авантурыстам-змоўшчыкам у беларускай гісторыі. Чорт адзін ведае, калі пазнаёміліся Міхаіл Глінскі з Анастасіяй, але адзін з польскіх гісторыкаў сцвярджае, што некаторы час княгіня нават круціла з ім раман. Круціць круціла, але калі прыехаў сватацца, дала яму гарбуза. А гэта быў не проста князь, а кандыдат з прэтэнзіяй.

Ішоў 1508-мы год. У свой час Міхаіл Глінскі быў першай асобай у Рэчы Паспалітай, займаў пост маршалка, фактычна кіраваў краінай, але пасля смерці караля Аляксандра свой аўтарытэт згубіў. І не дзіва, амбіцыёзны магнат меў шмат зайздроснікаў і ворагаў, і адзін з паклёпаў прывёў да таго, што новы кароль Зыгмунт зняў яго з пасады. Пакрыўджаны вяльможны шляхціч пачынае плесці інтрыгі, каб змясціць караля. Нават распачынае тагачасную інфармацыйную вайну – распускае плёткі, што Зыгмунт мае намер моцна заціснуць правы праваслаўных жыхароў. Глінскаму ўдаецца перацягнуць на свой бок багатых сваякоў і атрымаць падтрыманне маскоўскага князя Васілія ІІІ. Былы маршалак распачынае сапраўдную «гібрыдную» вайну ў стылі XVI стагоддзя. Каб вярнуць уладу ён спрабуе аддзяліць поўдзень ВКЛ і ўтварыць асобнае Кіеўскае княства пад пратэктаратам Масквы. Нешта мне гэта нагадвае… Слуцкая і Капыльская землі былі б выдатным дадаткам да новая княства.

Магчыма, менавіта гэта ангажуе помслівага магната падбіваць кліны да маладой і заможнай князёўны, якая адмаўляе яму ў шлюбе. Для аднаго з самых багатых і ўладалюбных магнатаў краіны – гэта быў удар ніжэй поясу. Два разы Міхаіл Глінскі ідзе з войскам на Слуцк, каб сілай прымусіць непакорную княгіню да сужэнства. Але не на тую напаў! Два разы Анастасія абараняе сябе і свой горад, а сам авантурыст з нічым усур’ёз і надоўга збягае ў Масковію.

Помнік княгіні ў Слуцку

Чаму Анастасія, якая нібыта мела стасункі з Глінскім, яму адмовіла? Мы можам толькі здагадвацца. Магчыма, яна баялася за спадак для сына. Магчыма, была настолькі адданай каралю і краіне, што не хацела яе падзелу. Магчыма, проста Глінскі аказаўся дрэнным каханкам. Але тое, што князёўна ўмела пастаяць за сябе і сваіх падданых – бясспрэчна.

Пасля паўналецця Юрыя, мудрая і нязломная Анастасія перадала ўладу сыну, а сама памерла ў сталым узросце. У верасні мінулага года ў Слуцку ёй паставілі помнік.

Свавольная «Слуцкая» на здымачнай пляцоўцы

Святлана Зелянкоўская ў ролі Анастасіі Слуцкай

Цікавая гісторыя, звязаная з мужнасцю і маральным выбарам здарылася і ў наш час. У часе здымак «Анастасіі Слуцкай» быў момант, калі прыязджаў Аляксандр Лукашэнка. Усё было падрыхтавана для таго, каб «задобрыць» прэзідэнта. Ваяўнічая Анастасія ў кальчузе (Святлана Зелянкоўская) павінна была пад’ехаць на кані і ўручыць Лукашэнку… кветкі. Дзіва, што на сустрэчы не пахавалі ўсе жалезныя мячы і вострыя прадметы.

Святлана Зелянкоўская, аднак, насуперак усім, хто капаў на мазгі з верху: міністрам, замміністрам культуры, рэжысёру… узяла і нікуды не паехала. Ці паўплывала гісторыя Анастасіі на Святлану, ці перадалася ёй мужнасць жанчыны, якая ўмела сказаць цвёрдае «Не!»? Але ў момант усеагульнага націску яна проста закрыла вочы рукамі і адмовілася. А кіраўніка краіны пакінула без кветак.

Пра гэта глядзіце праграму«Зоры не спяць» са Святланай Зелянкоўскай:

Паўліна Валіш, belsat.eu

Стужка навінаў