Сябры Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) хочуць праз суд вярнуць дамкі ў элітнай частцы Вільні. Былы старшыня арганізацыі Хведар Нюнька у каментары Belsat.eu абвяргае «пучыстаў».
Таварыства беларускай культуры ў Літве (ТБК) існуе з 1988 года. Пасля 50 год забыцця арганізацыя ўзялася за адраджэнне беларускасці ў краі. Да нядаўняга часу нязменным кіраўніком арганізацыі быў Хведар Нюнька.
Таварыства Беларускай Культруты ў Літве пазбавілася дамкоў у цэнтральнай частцы Вільні праз спрэчны пераезд у 2004-м годзе. Былы старшыня ТБК Хведар Нюнька прапанаваў пакінуць арэндаваныя памяшканні, якія нібыта знаходзіліся ў аварыйным стане, і перааехаць на непрэстыжную вуліцу Бролю. Аднак, як сцвярджаюць сябры арганізацыі, высветлілася, што дамкі не былі арэндаваныя, а з’яўляліся прыватнаю маёмасцю арганізацыі, якую спадар Хведар прадаў у таямніцы ад чальцоў і прысвоіў сродкі. Крымінальная справа заведзена адразу па трох артыкулах: махлярства, прысваенне і разбазарванне даверанай маёмасці.
У сярэдзіне 1930 г.г. у Вільні беларускія друйскія манахі набылі сабе дамкі, дзе жылі выпускнікі гімназіі, якія вырашылі навучацца далей у Віленскай духоўнай семінарыі. Гэтымі дамкамі ў 1935-36 г.г. загадваў Ю. Кашыра (на сённяшні дзень блаславёны) і Язэп Германовіч (адзін з самых вядомых дзеячаў беларускай эміграцыі) У пачатку 90-х гг мінулага стагоддзя гарадскія ўлады Вільні перадалі памяшканні двух дамкоў беларускім арганізацыям горада. З 1991 па 1995 у адным з дамкоў знаходзілася рэдакцыя «Нашай Нівы».
«Папросту ёсць цёмныя сілы, якія, на наш погляд, кіруюцца з Менску. Таму што Нюнька – адзіная асоба ў Прыбалтыцы, а можа і ў Еўропе, якая цвёрда стаіць на пазіцыі абароны незалежнасці дэмакратычнай Беларусі. У гэтым выпадку тыя сілы хочуць ачарніць, абліць брудам Нюньку», – распавядае Belsat.eu сваё бачанне сітуацыі Хведар Нюнька.
Зараз справай займаецца пракуратура. Спадар Нюнька, якога ўжо апыталі, чакае пазітыўнага для сябе і сваіх паплечнікаў рашэння.
«Нам было прапанавана: мы адмаўляемся ад пасады, адмаўляемся ад прэтэнзіяў, а яны забіраюць свае скаргі і подпісы з пракуратуры. Мы на гэта не пайшлі», – працягвае Хведар Нюнька. Тое, што ў свой час ТБК удалося атрымаць дамкі на Жыгімонта, 12 ён лічыць сваёй заслугай. І адмахваецца ў бок польскіх і рускіх арганізацыяў: маўляў яны не маюць і таго, хаця ў міжваенны перыяд у іх было шмат нерухомасці ў Вільні.
Увогуле Хведар Нюнька кажа, што ўсю гісторыю распачала «пучаская палова» ТБК, ад чаго выйграе толькі «антыбеларускі рэжым у Беларусі». Рэальных абвінавачванняў супраць сябе ён не бачыць.
«Спадар Хведар прапанаваў, каб яму за пазыкі, якія склаліся перад таварыствам пад яго кіраўніцтвам, перадалі ¼ частку той кватэры на Бролю. А каб аформіць перадачу, патрэбныя дакументы на кватэру. Вось і пабачылі, што гісторыя зусім не такая, як распавядаў Хведар. У 2004-м дамок на Жыгімонта, 12 належыў таварыству як прыватная ўласнасць, а не здымаўся ў арэнду, як казаў Хведар», – распавядае выкладчык Віленскага педагагічнага ўніверсітэту, сябра ТБК Алесь Адамковіч.
Выглядае на тое, што таварыства пазбавілася памяшкання ў зайздросным месцы не «вымушана», як казаў Хведар Нюнька, а свядома. Толькі чальцы арганізацыі пра гэта і не здагадваліся. Таму цяпер яны звярнуліся ў суд, каб прызнаць несапраўдным акт продажу 2004-га года. Алесь Адамковіч лічыць цалкам рэальным вяртанне на Жыгімонта.
Сваю гісторыю пра тое, як беларусам дасталіся дамкі, распавядае былы галоўны рэдактар «Нашай Нівы» Сяргей Дубавец. Па яго словах, на пачатку 90-х беларускія арганізацыі, якіх у Вільні было шмат і якія былі актыўныя, звярнуліся з просьбай атрымаць памяшканне ў мясцовы гарсавет. На камісіі гарсавету журналіста запыталі, якія дачыненні ён мае з Хведарам Нюнькам.
«У мяне не было ніякіх дачыненняў з Нюнькам, я сказаў, што ўсё нармальна, маючы на ўвазе, што мы ўсе беларусы, разам. Тым больш што Нюнька тады не пазіцыянаваўся як нейкі галоўны беларус Вільні, а больш як куратар. Тады ж яшчэ жывыя былі такія аўтарытэты як браты Луцкевічы і іншыя. Дзякуючы таму, што я схадзіў на гэтую камісію, «Нашай Ніве» далі ў гэтых дамках паўдому», – узгадвае Сяргей Дубавец.
«Нашаніўцы» працавалі на Жыгімонта да 1995-га. Увесь час Хведар Нюнька справабаў выжыць газету, кажа Сяргей Дубавец. Таму журналісты, якія займаліся творчымі справамі і не хацелі прымаць удзел у «дразгах-перадразгах», адтуль сышлі. Беларускія ж арганізацыі Вільні, якія не сустракаліся з камісіяй гарсавету, як хор «Сябрына», так ніколі і не атрымалі доступу да дамкоў на Жыгімонта.
І што далей з ТБК?
«Агульнае актыўнае беларускае жыццё ў Вільні, якое было ў канцы 80-х-пачатку 90-х, у выніку дамкоў і дзейнасці Нюнькі было разваленае і да сёння кожны існуе сам па сабе», – Сяргей Дубавец падводзіць сумны вынік. На думку журналіста, пераезды і перапродажы офісаў нагадваюць «чыстую авантуру і аферу».
У сваю чаргу Алесь Адамковіч не спяшаецца называць дзеянні Хведара Нюнькі злоўжываннем. Але вельмі сумняецца, што страты таварыства ў выніку пераезду, былі выкліканыя некампетэнтнасцю, а не нейкімі свядомымі дзеяннямі.
Што тычацца лёсу ТБК, то 29 верасня сябры таварыства прынялі рашэнне аб прыпыненні паўнамоцтваў Хведара Нюнькі, а часова выконваючым абавязкі старшыні прызначылі Васіля Акуневіча. У сярэдзіне студзеня адбудзецца агульны сход, на якім абяруць новую раду і далейшы накірунак дзейнасці ТБК.
ЗК, belsat.eu