Кожны год 2 жніўня ў вялікіх беларускіх гарадах у цэнтры збіраюцца маладыя хлопцы і ўжо даволі пажылыя мужчыны ў блакітных берэтах і цяльняшках, адбываюцца імпрэзы з удзелам вайскоўцаў і тэхнікі Паветрана-дэсантных войск Рэспублікі Беларусь.
Як жа ўзніклі гэтыя войскі, і ў які дзень лепш святкаваць свята «лятучай пяхоты»?
Ідэя паветрана-дэсантных войскаў – то бок падраздзяленні, якія перавозяцца на самалётах і «скідваюцца» перад уступленнем у бой з паветра (звычайна, на парашутах) – узнікла яшчэ ў XVIII стагоддзі. Тады слынны дзеяч амерыканскай Вайны за незалежнасць Бэнджамін Франклін напісаў:
«Пяць тысячаў паветраных шароў, у кожным з якіх можа быць 2 чалавекі, будуць каштаваць не больш за пяць лінейных баявых караблёў. І дзе знойдзецца кароль, каторы зможа знайсці дастаткова войскаў, каб абараніць усю сваю краіну ад 10 тысячаў чалавек, якія могуць спусціцца з аблокаў у любым месцы?»
Аднак да рэалістычных планаў выкарыстання авіяцыі ў такіх мэтах дайшло толькі тады, калі распрацавалі дастаткова надзейныя самалёты і парашуты – падчас Першай сусветнай вайны. Планавалася скінуць некаторыя падраздзяленні амерыканскіх войскаў у нямецкі тыл на парашутах у лютым 1919 году. Але вайна скончылася ў лістападзе 1918-га.
Лідарамі ў развіцці ПДВ сталі фашыстоўская Італія, сталінскі СССР і нацысцкая Нямеччына – краіны, якія разлічвалі на хуткі перадзел свету. У 1927 годзе італьянцы правялі першы масавы паветраны дэсант. У 1929 годзе ў Таджыкістане з паветра высадзілі групу чырвонаармейцаў, якія ўдзельнічалі ў баі з мясцовымі паўстанцамі. У 1938 годзе была створана першая савецкая паветрана-дэсантная брыгада.
Аднак Дзень савецкіх ПДВ не быў звязаны з баямі – ён прызначаны на 2 жніўня ў гонар масавай высадкі дэсантнікаў на вучэннях 1930 года пад Варонежам.
Немцы ж прадэманстравалі сваё лідарства ў аперацыях першых гадоў Другой сусветнай вайны – дэсантнікі захоплівалі ключавыя масты, цэлыя крэпасці і нават стратэгічна важную выспу Крыт. Аднак чым далей, тым болей, савецкія, нямецкія і італьянскія парашутысты выкарыстоўваліся ў баях проста як вельмі добра ўзброеная і падрыхтаваная пяхота. У выніку, напрыклад, у 1944 годзе ўсе савецкія дывізіі і амаль усе брыгады ПДВ былі пераведзеныя ў гвардзейскую, але звычайную армейскую пяхоту.
Выбух войнаў і лакальных канфліктаў у Афрыцы, Азіі, Паўднёвай Амерыцы, атамнае супрацьстаянне NATO і СССР прывялі да ўзлёту інтарэсу вайскоўцаў і палітыкаў, мабільных войскаў і сіл спецыяльнага прызначэння.
СССР зноў, як і ў міжваенны перыяд, займеў самыя вялікія па колькасці жаўнераў дэсантныя войскі ў свеце – аж да 9 дывізіяў з уласнай бранятэхнікай, авіяцыяй і артылерыяй. У ЗША ў той жа час іх было не больш за 2-3.
У Беларусі былі сфармаваныя брыгады, аб’яднаныя ў Сілы спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусі. Зараз гэта 38-я асобная гвардзейская дэсантна-штурмавая брыгада (г. Берасце), 103-я асобная гвардзейская паветрана-дэсантная брыгада (г. Віцебск) і 5-я асобная брыгада спецыяльнага прызначэння (г. Марʼіна Горка).
Яны дагэтуль святкуюць 2 жніўня як сваё свята, і ў гэтым ёсць свая логіка – бо вядуць радавод ад ПДВ СССР. Аднак ці ёсць менавіта беларускія альтэрнатывы?
Менавіта асобныя беларускія ўзброеныя дэсантныя фармаванні ўзніклі падчас Другой сусветнай вайны – і ваявалі яны супраць бальшавікоў. 8 чэрвеня 1941 году беларускія дыверсанты прынялі прысягу на вернасць Беларусі і літаральна праз два тыдні ўжо высадзіліся з неба ў тыле савецкіх войскаў. Гэта можа камусьці падабацца ці не, але гэта гістарычны факт стварэння і баявога выкарыстання першага беларускага паветрана-дэсантнага фармавання.
А камандаванне Сіл спецыяльных аперацый Рэспублікі Беларусь было створанае 1 жніўня, а не 2-га. Таксама – варыянт для святкавання дарэчы.
Аляксандр Гелагаеў belsat.eu