СК распачаў раследаванне гібелі ў Печах жаўнера Міхаіла Бяўзюка

Следчы УСК па Менскай вобласці, падпалкоўнік юстыцыі Андрэй Басалай афіцыйна паведаміў сваякам загінулага ў 2015 годзе ў Печах радавога Міхаіла Бяўзюка пра пачатак папярэдняга расследавання крымінальнай справы па артыкуле 145 крымінальнага кодэксу (Давядзенне да самагубства).

Пасля гібелі радавога Аляксандра Коржыча ў вучэбнай частцы ў Печах, Юры Бяўзюк распавёў пра смерць роднага брата Міхаіла. Ён паставіў пад сумнеў афіцыйную версію пра суіцыд брата ў войску і з дапамогай праваабаронцаў звярнуўся ў Следчы камітэт з патрабаваннем распачаць крымінальную справу па факце магчымага давядзення да самагубства.

19 сакавіка 2015 года радавы Міхаіл Бяўзюк, які праходзіў навучанне ў Печах, патэлефанаваў брату Юрыю з просьбай прыехаць да яго ў бліжэйшыя выходныя. Жаўнер прадыктаваў спіс рэчаў, якія трэба прывезці. 20 сакавіка Міхаіл патэлефанаваў яшчэ раз і ўдакладніў, ці не забыўся брат на што-небудзь са спісу запытаных рэчаў.

Раніцай 21 сакавіка Юрыю патэлефанавалі з часткі і спыталі нумар маці, каб паведаміць, што Міхаіл павесіўся. Яму было 22 гады.

Тэма дзедаўшчыны ў войску апынулася ў цэнтры грамадскай увагі пасля таго, як 3 кастрычніка 21-гадовага жаўнера Аляксандра Коржыча знайшлі павешаным у падвале на тэрыторыі вайсковай часткі ў Пячах. Труп Коржыча знайшлі са звязанымі шнурком нагамі і надзетай на галаву майкай. Паводле сваякоў і сяброў Аляксандра, хлопец стаў ахвярай дзедаўшчыны: у яго вымагалі грошы, яго білі, над ім здзекваліся і ў выніку забілі, а потым імітавалі самазабойства.

Спачатку ў Мінабароны сцвярджалі, што Коржыч загінуў у выніку суіцыду, а Следчы камітэт адзначыў, што прыкметаў крымінальнага характару смерці жаўнера не назіраецца. Але потым пазіцыя СК змянілася: следчыя распачалі шэраг крымінальных спраў у дачыненні да вайскоўцаў па арт. 443 (дзедаўшчына), 455 (бяздзейнасць улады, што пацягнула цяжкія наступствы), 209 (махлярства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь. У СК сцвярджаюць, што на целе 21-гадовага Коржыча не выяўлена цялесных пашкоджанняў акрамя баразны ад пятлі.

КА, belsat.eu

Hавiны