«Сітуацыя змяняецца, як на арэлях». Што чакае Беларусь у сувязі з абвалам коштаў на нафту?


Кошт нафты амерыканскай маркі WTІ у панядзелак дасягнуў гістарычнага мінімуму: пакупнікам даплачвалі за яе набыццё. Расейская марка «Urals» таксама патаннела да адмоўнага значэння, а еўрапейская «Brent» – да 25,8 долараў. Як абвал нафтавага рынку паўплывае на сітуацыю ў нашым рэгіёне і якія палітычныя наступствы можа мець? Belsat.eu тлумачыць разам з экспертамі.

Спачатку цягам 20 красавіка кошт WTI (выкарыстоўваецца для здзелак унутры ЗША) рэзка апусціўся да 15 долараў за барэль, а потым імкліва працягнуў падзенне. Увечары фьючарсы на пастаўку ў траўні каштавалі на біржы ІСЕ мінус $ 39,44 за барэль. Вытворцы былі вымушаныя самі плаціць пакупнікам, каб тыя разабралі ўжо здабытыя аб’ёмы. Як паведамляў тэлеканал CNBC, адзінымі актыўнымі пакупнікамі сталі кампаніі, якім патрэбны рэсурс для бягучай працы, то бок НПЗ і авіякампаніі.

Буравая ўстаноўка «Стэна Клайд» у Тыморскім моры.
Фота: David Hancock / Anzenberger / Forum

Абвал быў справакаваны тым, што трэйдэры пачалі пазбаўляцца ад кантрактаў на пастаўкі, заключаных месяц таму. Тады распаўсюд каронавірусу ў ЗША не набыў такіх маштабаў, якія назіраюцца сёння, калі ахвяраў ужо больш за 40 тысяч. Лавінападобны скачок пандэміі ў штатах адбіўся на эканоміцы і ў першую чаргу – на экспарце нафты. Нафтасховішчы па ўсёй краіне запоўненыя, а пакупнікоў робіцца ўсё менш. Амерыканскія нафтаздабываючыя кампаніі былі вымушаныя спыніць 13% усіх буравых установак.

Следам за WTI вечарам панядзелка адмоўнага кошту дасягнула расейская Urals: яна гандлявала па мінус 2 долары за барэль, піша РБК. Цягам содняў нафта еўрапейскай маркі Brent, якая традыцыйна каштуе больш за амерыканскую, апусцілася ніжэй за $ 26, а на ранішніх таргах – ніжэй за $ 20 (на чэрвеньскую пастаўку). Тым часам сітуацыя з WTI палепшылася: апоўдні яна каштавала ўжо $ 1,40.Да дадатнага значэння вярнулася і Urals.

Адзінымі актыўнымі пакупнікамі нафты сталі кампаніі, якім патрэбны рэсурс для бягучай працы, то бок НПЗ і авіякампаніі.
Фота: Donat Sorokin / TASS / Forum

Пасля працяглых перамоваў краіны-удзельніцы АПЕК+ у сярэдзіне красавіка ўсё ж дамовіліся аб скарачэнні здабычы нафты да 9, 7 млн барэляў за содні, што мусіла прывесці да павышэння коштаў на нафту.

Belsat.eu запытаў у экспертаў, як гэтыя ваганні адаб’юцца на беларускай эканоміцы і што можа змяніцца ў беларуска-расейскіх стасунках на фоне абясцэньвання галоўнага расейскага энергарэсурсу.

«Для Беларусі аднолькава кепскі і нізкі, і высокі кошт на нафту»

Эксперт у нафтагазавай галіне Таццяна Манёнак кажа, што сітуацыя на рынку вельмі неадназначная, і, каб даць ёй адэкватную ацэнку, варта ведаць дэталі кантрактаў на пастаўкі нафты, заключаных паміж расейскімі і беларускімі НПЗ.

«Наколькі я ведаю, закантрактаваныя пакуль каля 2 млн тонаў і на момант заключэння здзелкі на пачатку красавіка кошт складаў 4 долары за барэль. Ці захаваецца гэты кошт – складана сказаць, паколькі дэталі невядомыя.

Відавочна, ва ўмовах катастрафічнага падзення Urals многія краіны, у тым ліку Беларусь будуць выкарыстоўваць абставіны, каб папоўніць свае нафтасховішчы і запасы паліва па максімуме. Калі гэтая задача будзе выкананая цяпер – у траўні беларускія НПЗ аптымізуюць загрузку, каб забяспечыць прыярытэтныя пастаўкі нафтапрадуктаў на ўнутраны рынак», – каментуе Манёнак.

Намеснік «Белнафтахіму» Уладзімір Сязоў размаўляе з людзьмі, якія не задаволеныя ростам цэнаў на паліва ў Беларусі.
Фота: Belsat.eu

Што да экспарту нафтапрадуктаў – там усё будзе залежыць ад попыту. А попыт, у сваю чаргу, ад распаўсюду каронавіруса.

«Мы бачым, што нават на прэміяльным [рынку] ва Украіне кошт паліва істотна знізіўся і попыт таксама падае. Але я ведаю, што на дадзеным этапе пакуль беларускае дызпаліва і паліва прысутнічаюць ва Украіне, і беларускія нафтавікі маюць намер цалкам выканаць у красавіку закантрактаваныя аб’ёмы паставак паліва ва Украіну.

Далей усё будзе залежыць ад эфектыўнасці экспартных паставак. Ужо абвешчана, што ў наступным месяцы экспартная мыта ўпадзе ледзь не ў 7 разоў. Адпаведна, розніца ў коштах кошце паміж экспартаванай Беларуссю расейскай нафтай і сусветнай паменшыцца настолькі, што не дазволіць мець канкурэнтныя перавагі беларускім НПЗ», – кажа Манёнак.

Паводле яе, калі кошт на нафту захаваецца нізкім працяглы час, пастаўкі будуць аптымізаваныя: у асноўным, яны пойдуць на ўнутраны рынак плюс невялікі аб’ём на экспарт.

Hавiны
Чацвёртая нафтавая. Як, калі і навошта Лукашэнка ваюе з Расеяй
2020.01.15 08:12

«Калі попыт пачне аднаўляцца, кошт нафты, натуральна, павысіцца. Нават Кітай ужо пачынае аднаўляцца патроху, невялікае ажыўленне мы бачым і ў Еўропе. Для Беларусі ў аднолькавай ступені кепскія і нізкі, і высокі кошт на нафту. Трэба разумець, што каля 70% вытворчасці нафтапрадуктаў у нас – гэта экспарт, а калі попыт на яго падае, НПЗ невыгадна працаваць сабе ў страту. На такім фоне канкурэнтаздольнасць беларускага паліва, канешне, будзе цяжка забяспечыць», – тлумачыць Таццяна Манёнак.

А як гэта можа паўплываць да дачыненні з дзяржавай, якая з’яўляецца галоўным пастаўшчыком нафты для Беларусі?

Палітолаг: Канфліктнасць у беларуска-расейскіх дачыненнях будзе ўзмацняцца

Дырэктар Цэнтра стратэгічных і знешнепалітычных даследаванняў Арсеній Сівіцкі ў каментары belsat.eu адзначыў, што на фоне сусветнага абвалу коштаў на нафту Расея наўрад ці пойдзе на зніжэнне коштаў на пастаўкі рэсурсу ў Беларусь. Але ці можа Беларусь нейкім чынам скарыстацца сітуацыяй?

«Калідор магчымасцяў для Беларусі тут даволі вузкі па некалькіх прычынах. Мы наўрад ці зможам скарыстацца беспрэцэдэнтным падзеннем коштаў. Па-першае, з улікам нізкага ўзроўню аператыўнасці прыняцця рашэнняў беларускімі ўладамі. Па-другое, дачыненні Беларусі і Расеі ў нафтагазавай сферы рэгулююцца зусім не рынкавымі прынцыпамі. Па-трэцяе, беларускі бок так і не пачаў маштабную дыверсіфікацыю паставак і су’ёзных альтэрнатыўных гульцоў на беларускім рынку не з’явілася.

Акрамя таго, рынак верыць, што ў бліжэйшыя тыдні кошт на нафту скарэктуецца: ужо цяпер можна пабачыць гэтую карэкцыю, фьючарсы на чэрвень каштуюць каля 20 долараў за барэль. Кошт вельмі валацільны, таму цяжка казаць па перспектыву заключэнне доўгатэрміновага кантракту, чаго як раз дамагаецца Менск».

Паводле эксперта, для Расеі такі варыянт нецікавы, таму бакі будуць вяртацца да перманентнага канфлікту па пытаннях паставак энергарэсурсаў. Масква працягне выкарыстоўваць гэтае пытанне ў якасці інструменту палітычнага ціску на Менск і не мае намеру адмаўляцца ад утрымання яго ў сваёй сферы ўплыву. У сваю чаргу, Менск не збіраецца ісці на поўную капітуляцыю.

Аляксандр Лукашэнка на сустрэчы з Уладзімірам Пуціным у Сочы. 7 снежня 2019 г. Фота – kremlin.ru

«Крэмль не адмовіўся ад планаў паглыбленай інтэграцыі. Стабілізацыя дачыненняў у нафтагазавай, крэдытна-фінансавай, гандлёвай сферах верагодная толькі ў тым разе, калі Менск пойдзе на капітуляцыю і падпіша пакет з 31 дарожнай мапай. Безумоўна, пандэмія ўнесла пэўныя карэктывы ў палітычны парадак дня. Як толькі пытанне эпідэміі цягам бліжэйшых месяцаў будзе закрытае, расейскае кіраўніцтва вернецца да гэтага пытання.

На фоне наступстваў пандэміі і набліжэння глабальнага шоку, новай Вялікай рэцэсіі, Расея мае не так шмат магчымасцяў захоўваць сацыяльна-палітычную стабільнасць. Як бывала і раней падчас эканамічных крызісаў, ёсць верагоднасць, што Крэмль пойдзе на чарговыя знешнепалітычныя авантуры, каб адцягнуць увагу грамадства. Таму і Беларусь, і Украіна могуць апынуцца ў зоне рызыкі. Канфліктнасць будзе толькі ўзмацняцца», – мяркуе Арсеній Сівіцкі.

Відэа
Арабы дапамогуць. Ці Лукашэнка адмовіцца ад расейскай нафты?
2020.03.14 10:00

КА belsat.eu

Стужка навінаў