Сімвалічнае хаджэнне з прахам

Група беларускіх інтэлігентаў звярнулася з адкрытым лістом да літоўскіх уладаў з прапановай не хаваць ідэнтыфікаваных парэштак Канстанціна Каліноўскага ў Літве, перадаўшы іх Беларусі.
Падпісалі ліст сапраўды паважаныя людзі, прычым спіс адкрывае першая нобэлеўская лаўрэатка суверэннай Беларусі Святлана Алексіевіч. Зрэшты, адважуся выказаць здагадку: тэкст ліста пісала ўсё ж такі не спадарыня Святлана, і ініцыятаркай з’яўлення гэтага дакументу была відавочна не яна. Проста сітуацыя склалася так: да пісьменніка прыходзяць і просяць пакінуць аўтограф на дакуменце. І – паспрабуй не пакінуць без таго, каб цябе потым голасна не абвінавацілі ў адсутнасці беларускага патрыятызму і патуранні «русскому миру». На месцы Алексіевіч і я быў бы вымушаны паставіць.
Але на сваім месцы паставіць подпіс я не магу, пра што сумленна паведаміў у «Фэйсбуку». Святлана Алексіевіч можа думаць пра сімвалічныя значэнні свайго подпісу, але мы, смяротныя, мусім і магчымыя наступствы пралічваць.

У тым, што літоўскія ўлады перадаваць прах каго-небудзь з паўстанцаў не будуць, у мяне асабіста сумневаў няма.

Гэта значыць, надпіс на магільнай пліце на беларускай мове яны, напэўна, пагодзяцца зрабіць, як, зрэшты, і на польскай. Паўстанне 1863–1864 гг. было паўстаннем, у якім удзельнічалі прадстаўнікі трох народаў, і падкрэсліць гэта – значыць, падкрэсліць і гістарычную ролю Вільні і Літвы, стварыць новы цэнтр прыцягнення для нацыянальна арыентаваных паломнікаў, разгарнуць новы віток антыімперскай кампаніі. Нашыя літоўскія сябры ўмеюць і любяць рабіць такія рэчы. Хай робяць.

Калі трэба – дапаможам. А нам навошта аддаваць? І – каму?

Дызайн бара «Каліноўскі». Фота – Францішак Вячорка / Facebook

Мне ў «Фэйсбуку» напісалі: у Вільні ёсць розныя пункты гледжання. Вядома, розныя. Там дэмакратычная краіна. Там могуць і відавочна няўдалую думку суседзяў падтрымаць. Але вы наагул уяўляеце сабе, што будзе, калі Літва неадкладна задаволіць вашую просьбу?

Сярод падпісантаў – ніводнага дзяржаўнага службоўца. Хто будзе прымаць прах нацыянальнага героя? Дзе будуць яго хаваць? З якімі ўшанаваннямі? Не, як казала нябожчыца Святлана Навумава, быў бы труп, а шэсце мы арганізуем. Шэсце – куды? Гістарычныя могілкі ў нашай краіне застаюцца ўласнасцю дзяржавы. І Усходнія могілкі, і Вайсковыя – тыя месцы, дзе спачываюць класікі беларускай літаратуры, выдатныя дзеячы дзяржавы і культуры. Вы сапраўды думаеце, сябры мае, што дзяржава дазволіць вам правесці там цырымонію? Ці вас цікавіць не вынік, а канфлікт, на які вы старанна нарываецеся?

Вайсковыя могілкі, Менск. Фота – «Белсат»

А ў тым, што канфлікт будзе, я не сумняваюся. Не астылі ямы пасля выкарчаваных курапацкіх крыжоў. Быў народны мемарыял – знеслі яго. Гістарычнай памяццю ў нашай краіне загадвае спадар Марзалюк. Падыдзіце, папрасіце яго паставіць подпіс. Калі паставіць – можа быць, усё гэта будзе мець сэнс. Не паставіць – вы толькі выклічаце чарговую антыпаўстанцкую істэрыю ў дзяржаўных медыяў. І скончыцца яна цынічным, але цалкам прагназаваным выказваннем першай асобы дзяржавы:

«Бач, танцы на касцях зладзілі! Хто іх прасіў?»

Не ў тым сэнсе, што хто літоўцаў прасіў, а ў тым, што ніхто не прасіў ініцыятараў ладзіць усё гэта.

Што – «гэта»? Збор подпісаў з сімвалічнымі мэтамі. Паколькі беларуская дзяржава прах не прыме, то і хаджэнне за подпісамі робіцца цалкам сімвалічным і бессэнсоўным, накшталт апазіцыйнага хаджэння на плошчу Бангалор. Магчыма, там калі-небудзь паставяць помнік. Не Каліноўскаму. Добрым марам, якімі выслана дарога «самі ведаеце куды». А цяперашні збор подпісаў, прабачце, пайшоў прахам.

Аляксандр Фядута belsat.eu

Рэдакцыя можа не падзяляць меркавання аўтара.

Стужка навінаў