Сі Цзінь Піна адзінагалосна пераабралі старшынём Кітаю


Дэпутаты Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў пераабралі Сі Цзінь Піна на пасаду старшыні КНР і старшынём Цэнтральнага вайсковага савету Кітаю. Такім чынам гэта будзе ягоны другі пяцігадовы тэрмін кіравання краінаю.

Пераабранне Сі Цзінь Піна на другі тэрмін дэпутаты падтрымалі аднагалосна. Ягоным намеснікам стаўся былы кіраўнік спецслужбы Ўан Ці Шань, які раней займаўся гэтак званымі чысткамі карупцыянераў.

17 сакавіка 2018 года. Працаўнікі службы бяспекі пакідаюць Зал народных сходаў пасля 5-га пленарнага паседжання Усекітайскага сходу народных прадстаўнікоў. Фота – Thomas Peter/Reuters

Незадоўга да пераабрання кіраўніка Кітаю народныя прадстаўнікі ўнеслі папраўкі ў Канстытуцыю. У выніку зменаў Сі Цзінь Пін атрымаў магчымасць абірацца на найвышэйшую пасаду больш за два тэрміны, як гэта раней прадугледжваў закон. Новаўвядзенні партыйнае кіраўніцтва патлумачыла рэвалюцыйнымі зменамі ў сітуацыі ў краіне.

Сі Цзінь Піна ўжо павіншаваў кіраўнік Беларусі:

«Пад Вашым мудрым кіраўніцтвам народ Кітаю упэўнена рэалізуе грандыёзныя «мэты двух стагоддзяў», накіраваныя на рост дабрабыту грамадзян і ажыццяўленне мары аб вялікім адраджэнні нацыі, вытрыманыя ў духу ідэі “сацыялізму з кітайскай спецыфікай у новую эпоху”», – гаворыцца ў віншаванні Лукашэнкі.

ДД

Стужка навінаў