Шуневіч узнагародзіў нагрудным знакам МУС параненых у Стоўбцах школьнікаў


Міністр унутраных справаў Ігар Шуневіч 11 сакавіка наведаў школу № 2 у Стоўбцах, дзе 11 лютага падлетак напаў на вучняў і настаўніцу. Падчас візіту Шуневіч узнагародзіў знакам МУС «За садзейнічанне» двух вучняў 10 класа – Уладзіслава Цвірка і Руслана Шуцько, якія былі параненыя пры нападзе на школьнікаў і вучняў 11 лютага.

Пра гэта паведамляе выданне «Прамень». Раней журналісты тэлеканалу АНТ размаўлялі з адным з пацярпелых – Уладзіславам Цвірко. Хлопчык сказаў, што галоўным яго жаданнем у момант нападу было абараніць аднакласнікаў.

– Я хацеў выратаваць настаўніцу і клас. Амаль абараніў, акрамя настаўніцы…

– Калі б ты ведаў, што цябе раняць, пабег бы заступацца?

– Так.

Як паведамляе «Прамень», міністр адзначыў, што цяпер разглядаецца комплекс мераў па забеспячэнні бяспекі ў грамадскіх месцах, асабліва ва ўстановах, дзе знаходзяцца дзеці.

Раніцай 11 лютага вучань 10-га класа СШ № 2 у Стоўбцах здзейсніў напад з нажом на настаўніцу і школьнікаў. У выніку загінулі педагог і старшакласнік, яшчэ два школьніка былі шпіталізаваны.

Падазраванага затрымалі праз дзве гадзіны супрацоўнікі міліцыі і АМАПу. Распачатыя дзве крымінальныя справы – па ч. 2 арт. 139 (Забойства) і па ч. 1 арт. 14 (Замах на забойства) Крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Згодна з вынікамі медычнага агляду, падазраваны не знаходзіўся ні ў стане алкагольнага ап’янення, ні пад уздзеяннем наркатычных сродкаў і псіхатропных рэчываў.

З мэтай усталявання псіхічнага стану падлетка вырашаецца пытанне аб прызначэнні комплекснай стацыянарнай судовай псіхолага-псіхіятрычнай экспертызы, паведаміў Следчы камітэт.

Меркаванні
Маленькія Стоўбцы, велізарная трагедыя…
2019.02.12 12:02

СК, belsat.eu, паводле tut.by

Стужка навінаў