Што трэба ведаць пра авіякампанію МАУ, самалёт якой разбіўся ў Тэгеране


Трагедыя ў Тэгеране стала найбуйнейшай катастрофай цывільнай авіяцыі незалежнай Украіны і адзінай авіякатастрофай з чалавечымі ахвярамі для «Міжнародных авіялініяў Украіны» (МАУ). Belsat.eu сабраў асноўныя факты пра гэтую авіякампанію.

Абноўлена
Авіякатастрофа пад Тэгеранам – галоўнае пра крушэнне ўкраінскага самалёта
2020.01.08 07:10

Прыватная кампанія-манапаліст

Авіякампанія «Міжнародныя Авіялініі Украіны» заснаваная ў 1992 годзе як галоўны нацыянальны перавозчык незалежнай Украіны. МАУ стваралася як дзяржаўна-прыватная кампанія. Заснавальнікамі былі Асацыяцыя цывільнай авіяцыі Украіны і найбуйнейшая ірландская лізінгавая кампанія GPA (пасля AerCap B.V.). У 1995-ым дзяржаўны пакет акцый быў перададзены Фонду дзяржмаёмасці Украіны, склад акцыянераў папоўнілі таксама замежныя інвестары. У канцы 2011-га кампанія была цалкам прыватызаваная.

Рэклама МАУ.
Фота: businessvisit.com.ua

Паводле СМІ, на дадзены момант 100 % акцый МАУ наўпрост ці апасродкавана кантралюе кіпрская фірма «Антабэт Прамоўшынз Лімітэд», поўны спіс бенефіцыяраў якой не выдаюцца. Вядома, што 25 % авіякампаніі належыць алігарху Ігару Каламойскаму (праўда, у МАУ сцвярджаюць, што ў справы кампаніі ён амаль не ўмешваецца). Сярод акцыянераў ёсць таксама бізнесовец Арон Майберг (ён кіраўнік назіральнай рады МАУ) і старшыня праўлення «Укртатнафта» Павел Аўчарэнка.

МАУ: ад росквіту да крызісу

У 90-х і 2000-х МАУ была адной з найсучаснейшых кампаніяў у рэгіёне – напрыклад, гэта была першая авіякампанія на постсавецкай прасторы, што атрымала самалёты класа Boeing 737. У 2001 годзе паслугамі МАУ карыстаўся Папа Рымскі Ян Павел II падчас свайго афіцыйнага візіту ва Украіну.

Арон Майберг.
Фота: Эма Салдатава/Mind.ua

У 2014 годзе, на фоне вайны на Данбасе і анексіі Крыма, МАУ апынулася ў крызісе: кампанія пайшла на скарачэнне штатаў і адмену часткі непрыбытковых маршрутаў. Апошнія тры гады кампанія працуе ў страту сабе. Летась Арон Майберг заяўляў журналістам, што МАУ мусіць выратаваць дзяржава. Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў сваю чаргу адзначаў, што дзяржава можа, але пакуль не гатовая нацыяналізаваць МАУ.

Цяпер МАУ здзяйсняе рэйсы ў 38 краінаў свету, штотыдзень выконваецца 1100 міжнародных і ўнутраных рэйсаў, паведамляецца на сайце авіякампаніі. У склад флоту МАУ ўваходзіць 42 лайнера. Авіяпарк кампаніі складаюць Boeing 737-80, Boeing 737-900ER, Boeing 737 MAX, Boeing 767-300ER, Boeing 777-200ER, Embraer E-190, Embraer E-195.

Лагатып МАУ. Крыніца: flyuia.com

Інцыдэнты, звязаныя з МАУ

Цяперашняя трагедыя – гэта першы выпадак авіякатастрофы самалётаў МАУ. Раней здараліся толькі невялікія інцыдэнты. Напрыклад, у студзені 2016 года Boeing 737-800 «Міжнародных авіялініяў Украіны» здзейсніў вымушаную пасадку ў Львове праз замыканне праводкі ў пярэдняй частцы самалёта над кабінай пілотаў (пасажыры адчулі пах гарэлага пластыка, убачылі невялікае задымленне). Тады ніхто не пацярпеў. У тым жа годзе пры пасадцы ў аэрапорце Жуляны самалёт МАУ выкаціўся за межы ўзлётна-пасадачнай паласы – тады таксама ніхто не пацярпеў. Аналагічны выпадак адбыўся ў лістападзе 2019 года ў Львове.

Самалёт МАУ пасля інцыдэнту ў Львове ў лістападзе 2019 года.
Фота: facebook.com/LvivAirport

Крушэнне самалёта МАУ ў Тэгеране стала наагул самай вялікай авіякатастрофай цывільнай авіяцыі незалежнай Украіны. Да таго найбуйнейшай трагедыяй лічылася катастрофа Ан-24 у Данецку 13 лютага 2013 году – рэйс ажыццяўляла адэская кампанія «Паўднёвыя авіялініі». Тады самалёт загарэўся пры пасадцы, загінулі 52 чалавекі.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў