Што Расеі трэба ў Сірыйскім Курдыстане?


Радовішчы нафты і газу – частка трафею Расеі ў Сірыі. Масква ўпэўнена ўзяла на сябе ролю медыятара ў ваеннай аперацыі Турцыі супраць курдскай аўтаноміі ў Сірыі. Туркі выцясняюць курдаў з поўначы Сірыі, а Масква дамаўляецца з усімі трыма зацікаўленымі бакамі. Хто, чаму і як доўга будзе лічыцца з расейскім сцягам у сябе над галавою?

Калі Расея выпусціла свае самалёты ў неба над паўночна-ўсходняю Сірыяй, турэцкія самалёты спынілі бамбардаванне тых месцаў у Курдыстане, якія (на думку Масквы) абстрэльваць не варта.

Пры пасярэдніцтве Расеі сірыйскі ўрад і сілы курдскіх фармаванняў абʼядналіся ў супрацьстаянні турэцкаму войску. Пасля таго, як апошнія абвесцілі горад Манбідж наступнаю цэллю для ўдару, на ўездзе ў яго залуналі ўсе тры сцягі. А сірыйскае ўрадавае войска размясцілася ля турэцкай мяжы з боку курдскай аўтаноміі.

Каментуе Войцех Якубік, эксперт у энергетыцы, biznesalert.pl:

«Расейцы зацікаўленыя ўтрымаць пры ўладзе рэжым Башара аль-Асада і зрабіцца пасярэднікамі ў перамовах з курдамі, каб стварыць умовы для іхнае супрацы. Гэта важна для іх таксама з нафтагазавага пункту гледжання. Расейцы моцныя ў сектары здабывання рэсурсаў у Іраку і Сірыі ды ваколіцах».

Цяпер курдска-арабскі апазіцыйны альянс «Сірыйскія дэмакратычныя сілы» кантралюе большую колькасць радовішчаў газу і нафты ў краіне, а таксама збожжасховішчаў. Усё гэта пяройдзе пад кантроль Расеі, якая на гэтым тыдні пачала раздаваць карты ўсім бакам.

За гульнёвым сталом застаюцца таксама ЗША. Хоць яны пакінулі курдаў на самым пачатку бамбардавання, зацікаўленасці маюць дагэтуль.

З месца падзеяў перадае Вітальд Рэпэтовіч, карэспандэнт TVP, г. аль-Камішлі, Сірыя:

«Расейцы таксама «здабудуць аргумент» у гандляванні з ЗША, бо будуць кантраляваць аўтастраду М4, якая мае стратэгічнае значэнне для «паўночнага калідору», які можа злучыць Іран з Міжземным морам».

ЗША і Саудаўскай Аравіі важна, каб Іран не ўвайшоў на гэтую аўтастраду. Пуцін днямі гасціў у саўдытаў, а дэлегацыя з Вашынгтону на чале з віцэ-прэзідэнтам і дзяржсакратаром ЗША наведала Анкару, не безвынікова…

Майк Пэнс, віцэ-прэзідэнт ЗША:

«Турэцкі бок на 120 гадзінаў прыпыніць аперацыю «Крыніца міру», каб дазволіць сілам народнай абароны вывесці войскі за межы 30-кіламетровай нейтральнай бяспечнай зоны».

«Мільёны чалавечых жыццяў будуць уратаваныя», – узрадаваўся Доналд Трамп.

Курды ўспрынялі навіну халодна, бо агулам спыняць іхнага выгнання Турцыя не збіраецца. На часовыя захады ідзе, каб залагодзіць ЗША, якія напярэдадні распачалі ўвядзенне санкцыяў супраць Анкары.

Каментуе Яўген Красулін, эксперт у нееўрапейскіх цывілізацыях:

«Злучаныя Штаты дзейнічаюць не праз сілу, а праз эканоміку. Гэта санкцыі. Мы бачым на прыкладзе Ірану, як гэтая стратэгія была задзейнічаная і цяпер у дачыненні турэцкага лідара таксама».

Трамп паабяцаў знішчыць эканоміку Турэччыны, калі тая «перабольшыць» у межах аперацыі. У дзень пачатку бамбардавання прэзідэнт ЗША напісаў у лісце да турэцкага калегі, даслоўна: «Не будзь дурнем». Пракаментавалі таксама ў Крамлі.

Дзмітрый Пяскоў, прэс-сакратар прэзідэнта Расеі:

«Такую мову не часта сустрэнеш у перапісцы дзяржаўных лідараў. Даволі незвычайны ліст».

Навіна пра 5-дзённае замірэнне не насцярожвае Уладзіміра Пуціна. Перамовы з Таіпам Эрдаганам ён правядзе ў аўторак на сваёй тэрыторыі, ведаючы пра мэты Анкары.

Працягвае Яўген Красулін:

«Разарваць сувязі паміж атрадамі самаабароны ў паўночна-ўсходняй Сірыі і рабочай партыяй Курдыстану. Утварыць буферную зону ў плане разрыву гэтых сувязяў, у тым ліку перасяліць каля мільёна сірыйскіх уцекачоў, якія застаюцца на тэрыторыі Турэччыны».

Пераважна гэта арабы. Змена дэмаграфіі перашкодзіць выкарыстоўваць паўночна-ўсходнюю Сірыю як базу для антыўрадавых настрояў курдаў.

Вітальд Рэпэтовіч – з Сірыйскага Курдыстану:

«Расея ж прыме кантроль над тысячамі вязняў «Ісламскай дзяржавы» і дзясяткамі тысячаў іхных сем’яў, сярод якіх – мноства еўрапейцаў, каля тысячы тэрарыстаў і таксама іхныя сем’і. Гэта магчымасць шантажаваць Еўропу гэтаю людскою зброяй».

Гэтую карту Масква можа выкарыстаць у выпадку выбуху эміграцыйнага крызісу. Тады можа шапнуць: «Мы дашлем гэтых тэрарыстаў да вас у Еўропу».

Аркадзь Несцярэнка

Сюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 18.10.2019

Іншыя тэмы праграмы:

 

Стужка навінаў