Што Палата прадстаўнікоў дала беларусам за тры гады?


Апошняе пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў шостага склікання прайшло 27 лістапада. А ўжо 6 снежня ў Авальнай залі збяруцца новаабраныя дэпутаты. Belsat.eu прыгадвае, чым запомнілася праца папярэдняга складу, а эксперт тлумачыць, чаго чакаць ад новага.

За апошнія тры гады працы (з 2016 па 2019) Палата прадстаўнікоў агулам прыняла 298 законаў, з якіх 90 % законапраектаў на разгляд унёс Урад, а яшчэ 8 % – прапанаваў кіраўнік дзяржавы. З ініцыятывы ж саміх дэпутатаў былі прынятыя толькі 6 законапраектаў.

Мы распавядзем пра найбольш важныя, а часам скандальныя з зацверджаных дэпутатамі законапраектаў.

Адтэрміноўкі ад войска і барацьба з ананімнымі каментарамі

Найбольшы рэзананс сёлета выклікалі папраўкі ў законы, якія рэгулююць тэрміновую службу ў войску. Гэтак званы закон аб адтэрміноўках прайшоў другое чытанне ў Палаце прадстаўнікоў 28 чэрвеня. Прычым першае чытанне адбылося на тым жа тыдні і большасць парламентароў падтрымалі законапраект. Супраць выказаліся толькі 9 дэпутатаў, а за – 85.

Цяпер права на адтэрміноўку ад службы ў войску дзеля адукацыі можна будзе атрымаць толькі адзін раз. Маладыя людзі, якія ў 2019-ым паступілі ва ўстановы адукацыі, адтэрміноўку атрымаюць, але ў далейшым, калі захочуць паступіць у магістратуру, аспірантуру або на другую спецыяльнасць, спачатку павінны будуць адслужыць. На працу ў дзяржаўныя органы і сілавыя структуры нельга будзе патрапіць, не адслужыўшы. А тых, хто атрымаў позву ў камісарыят, аўтаматычна, без рашэння суду, уключаць у базу невыязных з краіны.

Законапраект спарадзіў абурэнне ў часткі беларускіх маладзёнаў. Узнікла грамадская ініцыятыва #учёбаважнее, якая выступае за адмену «закону аб адтэрміноўках» і за права грамадзяніна вучыцца столькі, колькі пажадае – без вымушанай паўзы.

Hавiны
«Нашым гран-пры стане пачатак рэформаў у арміі». Інтэрв’ю актывіста руху #учёбаважнее
2019.09.19 16:53

Яшчэ адзін законапраект, прыняты дэпутатамі летам 2018 году, выклікаў рэзананс у медыйных колах. 97 дэпутатаў падтрымалі ўнясенне паправак у Закон аб СМІ, паводле якога інтэрнэт-рэсурсы абавязалі прайсці рэгістрацыю ў Міністэрстве інфармацыі ў якасці «сеткавых выданняў», а іначай іх працаўнікоў не будуць лічыць журналістамі. Акрамя таго, увялі абавязковую ідэнтыфікацыю каментатараў на форумах, а Мінінфарму дазволілі ў пазасудовым парадку блакаваць сайты і сацсеткі.

Паміж першым і другім чытаннем свае заўвагі дэпутатам накіравала Беларуская асацыяцыя журналістаў, нязгодная з шэрагам пунктаў, аднак жорсткія ключавыя пытанні былі зацверджаныя Палатай прадстаўнікоў без зменаў. Дарэчы, за законапраект не галасавалі дзве апазіцыйныя дэпутаткі шостага склікання – Алена Анісім і Ганна Канапацкая.

Аб’ектыў
Белсат не знайшоў тых, каму патрэбны новы закон аб СМІ
2018.04.09 22:07

«Дазволеныя» мітынгі, 328 і «экстрэмізм»

У чэрвені 2018-га ў другім чытанні зацвердзілі папраўкі ў Закон аб масавых мерапрыемствах. Калі раней праводзіць мітынгі без дазволу мясцовых уладаў проста забаранялася, то цяпер сходы колькасцю да 1 тысячы чалавек дазволена праводзіць без пісьмовай згоды, папярэдзіўшы выканкам аб намерах. Вось толькі месцы, адведзеныя пад санкцыянаваныя акцыі – не ў цэнтры, а ў спальных раёнах. Арганізатарам мітынгу можа выступаць толькі асоба, якую цягам году не прыцягвалі за правапарушэнні. Гэта пры тым, што апазіцыйных актывістаў у Беларусі рэгулярна судзяць і штрафуюць.

Hавiны
Праваабаронцы патрабуюць забяспечыць свабоду мірных сходаў
2019.05.03 13:07

Рух «Маці-328» – сваякі грамадзян, што адбываюць пакаранне па «наркатычным» артыкуле. Некалькі гадоў яны змагаліся за змякчэнне заканадаўства ў гэтай галіне. Актывісткі шмат разоў сустракаліся з парламентарамі, праводзілі вулічныя акцыі, хадзілі па інстанцыях, каб дамагчыся зніжэння тэрмінаў пакарання па пэўных частках артыкулу 328 КК і амністыі для няпоўнагадовых асуджаных. Сёлета ў чэрвені другое чытанне паспяхова прайшлі папраўкі ў артыкул, якія прадугледжваюць зніжэнне ніжняй мяжы пакарання па 2-й (з 5 да 3 гадоў пазбаўлення волі) і 3-й (з 8 да 6 гадоў) частках.

Аб’ектыў
Маці 328 пра змены ў «наркатычным» артыкуле: «Улады нас зноў падманулі»
2019.06.13 21:13

У тым жа чэрвені Палата прадстаўнікоў адобрыла змены ў Закон аб супрацьдзеянні экстрэмізму, ініцыяваныя тагачасным кіраўніком МУС Ігарам Шуневічам. Паводле новай нормы, узмацняецца крымінальная адказнасць за публічную рэабілітацыю нацызму і адміністратыўная – за дэманстрацыю або распаўсюд нацысцкай сімволікі. Пад забарону патрапляе таксама і набыццё, і выраб і проста захоўванне такой сімволікі.

У законапраект уключана палажэнне аб забароне выкарыстання сімволікі і атрыбутыкі арганізацыяў, што супрацоўнічалі з акупацыйнымі ўладамі на тэрыторыі СССР падчас Другой сусветнай вайны. Паводле гэткай логікі, па-за законам можа апынуцца і бел-чырвона-белы сцяг. Дэпутатка Алена Анісім выказалася супраць, бо адзінага спісу падобных арганізацыяў сёння не існуе, але яе калега Ігар Марзалюк тады заявіў, што такі «пералік будзе ў абавязковым парадку».

Аляксандр Класкоўскі, скрыншот Белсат

Эксперт: Новы парламент зрабілі стэрыльным, каб лягчэй правесці змены ў Канстытуцыю

Пра адметнасці працы Палаты прадстаўнікоў шостага склікання Belsat.eu пацікавіўся ў палітычнага аналітыка Аляксандра Класкоўскага.

«Я б не назваў асабліва адметнай Палату шостага склікання, яна была сфармаваная паводле тых жа крытэраў, што і папярэднія. Хіба што наяўнасць дзвюх альтэрнатыўных кандыдатак трохі змяняла карціну. Хаця і яны ніякай рэвалюцыі там стварыць не стараліся – як кажуць, пугай абуху не пераб’еш», – кажа Класкоўскі.

Што датычыць чаканняў ад абноўленага дэпутацкага корпусу, аналітык мяркуе:

«Калі казаць пра новы склад – наўрад ці варта чакаць росту заканатворчай актыўнасці, бо большасць законапраектаў рыхтуюцца ўрадам, праходзяць праз адпаведны цэнтр, а дэпутаты толькі ўздымаюць рукі за рашэнні, якія хоча правесці ў жыццё выканаўчая ўлада.

Я думаю, такі ж лёс наканаваны новаму скліканню. Тым больш, калі дойдзе да анансаваных Лукашэнкам зменаў у Канстытуцыю, гэта можа быць адной з прычын, чаму парламент зрабілі такім стэрыльным. Афіцыйнаму лідару, безумоўна, трэба, каб без усялякіх сюрпрызаў змены былі прынятыя».

На думку эксперта, сур’ёзнай ініцыятывы не даводзіцца чакаць ні ад вядомых асобаў (Генадзь Давыдзька, Андрэй Савіных і г.д), ні ад «новых твараў» – той жа Марыі Васілевіч.

«Складваецца ўражанне, што ўлада занялася персанальным мадэляваннем складу Палаты. Калі раней жартавалі пра «110 адценняў шэрага», то цяпер з’яўляецца шэраг неардынарных, па-свойму харызматычных персонаў, якія ёсць цалкам праўладныя, ад іх не даводзіцца чакаць выпадаў, але яны могуць лепш рэкламаваць тую ж уладу, дыскутаваць з прадстаўнікамі апазіцыі, грамадзянскай супольнасці. Насамрэч, гаворка пра імітацыю такой дыскусіі, бо адбывацца яна будзе ў рэчышчы дзеючай улады», – рэзюмаваў Класкоўскі.

Hавiны
ЦВК зацвердзіў вынікі выбараў у Палату прадстаўнікоў
2019.11.22 13:10

КА belsat.eu

Стужка навінаў