Што будзе далей з каронавірусам?

Галоўная праблема з каронавірусам і для медыкаў, і для эканамістаў аднолькавая: няпэўнасць сітуацыі. Лекары не ведаюць, ці будуць мець дастатковую колькасць ложкаў у шпіталях, эканамісты – наколькі глыбокаю будзе запавольванне эканомікі. Пачатак эпідэміі прадэманстраваў, наколькі цяпер звязаныя ўсе краіны свету, а апошнія дні эпідэміі – наколькі якасць медыцыны ў той ці іншай дзяржаве ўплывае на яе эканоміку і гаспадарку ўсяго свету.

У 80 % хворых – асабліва дзяцей і моладзі – каронавірус выглядае як звычайная прастуда. Носьбіт інфекцыі можа нават не мець ніякіх сімптомаў і не ведаць, што ўжо захварэў (або нават перахварэў) ды заразіў іншых. Медыкі астуджваюць паніку: шпіталізацыі патрабуе толькі кожны пяты пацыент. Але папярэджваюць, што апека за некаторымі з іх павінная быць на самым высокім узроўні. А з гэтым ва ўмовах пандэміі можа быць цяжка.

Каментуе даследнік інфекцыйных захворванняў прафесар Эрнэст Кухар, Варшаўскі медычны ўніверсітэт:

«У некалькіх адсоткаў заражаных хвароба працякае так цяжка, яны так душацца, што патрабуюць шпіталізацыі ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі – і гэта «вузкае горла». Бо ложкаў у аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі няшмат – ні ў каго няма рэзерваў на выпадак эпідэміі. Таму месцы з рэспіратарамі ў аддзяленнях інтэнсіўнай тэрапіі будуць крытычна важным рэсурсам. Тут будзе самая вялікая праблема, бо без рэспіратара гэтыя людзі не выжывуць».

Пандэміі XXI стагоддзя

Ад каронавіруса няма ні прышчэпкі, ні лекаў. І хаця навукоўцы ўжо расшыфравалі геном каронавіруса SARS-CoV-2 ды выклалі яго ў свабодны доступ, ні фармацэўтычным кампаніям, ні навуковым інстытутам пахваліцца пакуль няма чым. Паводле самых аптымістычных падлікаў, першыя вакцыны могуць з’явіцца не раней як праз год. Да распрацоўкі прышчэпкі падключыліся амерыканскія вайскоўцы: іхны прагноз – 18 месяцаў.

Гаворыць Марк Мілі, генерал арміі ЗША:

«Што датычыць вакцыны, то вайсковыя лабараторыі вельмі паслядоўна працуюць над ёю. Пакуль мы яе не атрымалі, але нашыя лабараторыі маюць усе магчымасці зрабіць гэта і робяць усё, каб падтрымаць нашую сістэму аховы здароўя ды сацыяльныя службы».

Еўразвяз выдаткуе на працы над прышчэпкай і лекамі ад каронавіруса € 47,5 млн. Грошай на навуковыя даследаванні шкадаваць не будуць: ад таго, наколькі хутка ўдасца спыніць эпідэмію, цяпер залежыць, ці дадуць рады з гаспадарчымі праблемамі. Апошнія два месяцы страты нясуць гатэлі, рэстараны , кінатэатры ды звычайны раздробны гандаль.

Каментуе Святлана Кушнір, эканамістка, Кіеў:

«Ува ўсіх краінах павінныя быць гатовыя да таго, што, магчыма, будзе пэўная хваля беспрацоўя. Гэта звязана з нізкаю дзелавой актыўнасцю ды з абмежаваннямі ў перамяшчэнні працаўнікоў, грошай і капіталу».

Найбольш яскравымі ілюстрацыямі цяперашняй крызісу сталі пустыя самалёты ў небе і абвал коштаў на нафту да ўзроўню 30-гадовай даўніны.

Ігар Тышкевіч, Украінскі інстытут будучыні:

«На фоне эпідэміі мы назіраем змяншэнне колькасці авія- ды аўтаперавозак. Дзяржавы закрываюць межы. Змяншаецца нават колькасць грузавых перавозак па ўсім свеце. Гэта азначае, што нафтапрадукты менш запатрабаваныя, гэта азначае, што менш запатрабаваная нафта».

Каб не страчваць долі на сусветным рынку нафты, Расея адмовілася скарачаць здабычу. Адпаведна, кошт на нафту працягне падаць.

Чэхія цалкам закрывае межы з 16 сакавіка

Сяргей Фурса, эканаміст, Кіеў:

«На нафтавым рынку мы маем вайну паміж Расеяй і Саудаўскай Аравіяй, а таксама іх супольную вайну супраць Злучаных Штатаў Амерыкі. Таму той, хто мае большы запас трываласці, як доўга вытрымае кожны з бакоў гэтую вайну, цяпер прадказаць дастаткова складана. Яе пачала Расея, безумоўна, але цяпер больш актыўную пазіцыю займаюць арабскія краіны – у іх большы патэнцыял».

Эканомікі Расеі ды Саудаўскай Аравіі моцна залежаць ад нафты, і мінімальнаю камфортнаю цаной для іх было б $ 45–50. Аднак Эр-Рыяд у больш зручнай пазіцыі: сабекошт здабычы іхнай нафты амаль у 3 разы меншы за расейскую, а запасаў у іх – у 3 раз больш. Таму для іх мае сэнс здабываць і прадаваць сыравіну амаль за любы кошт, пакуль на яе ёсць хаця б нейкі попыт.

Эксперты прагназуюць, што бліжэйшыя месяцы кошты на нафту не будуць трымацца ў межах $ 20–35, а пасля перамогі каронавіруса падымуцца да ўзроўню $ 55.

Яшчэ да завяршэння эпідэміі эканомікі розных краінаў распачнуць гандлёвыя войны і барацьбу за інвестараў, якія пачынаюць масавыя ўцёкі з найбольш нестабільных гаспадарак.

Працягвае Святлана Кушнір:

«Трэба яшчэ думаць, як ва ўмовах каранціну не зніжаць дзелавой і эканамічнай актыўнасці. Гэта вельмі складана. У моцных гаспадарках кампенсацыйныя механізмы будуць працаваць. У больш слабых гаспадарках, натуральна, выкарыстаюць нейкія ільготныя рэжымы крэдытавання і [адмысловыя. – Заўвага belsat.eu] магчымасці для інвестараў – як для ўнутраных, гэтак і вонкавых».

У выніку каронавіруса ўпалі кошты на любую сыравіну – ад металу да зерня. Краінам, якія залежаць ад экспарту тавараў з нізкаю дададзенаю вартасцю, прыйдзецца нашмат цяжэй, чымся тым, што выпускаюць высокатэхналагічныя прадукты.

«Белавія» адмяніла рэйсы ў 23 краіны. Кліентам абяцаюць вярнуць грошы

Ігар Тышкевіч:

«Наступная хваля крызісу будзе звязаная з актыўнасцю дзяржаваў у захаванні ўласнай эканамічнай прасторы ды ўласнага рынку, бо следам ідуць гандлёвыя войны, якія ў першую чаргу ўдараць па краінах з сыравінным складам эканомікі. І ў Беларусі, і ва Украіне будуць прынамсі дзве хвалі крызісу: адна бліжэй траўня, другая ўжо ўвосень».

Паводле медыкаў, нічога новага ў каронавірусах няма: яны выклікаюць 10–20 % выпадкаў звычайнай прастуды і спадарожнічаюць людзям спакон вякоў. Тыповы дарослы прастуджваецца 2–4 разы за год, а дзеці нават да дзесяці разоў. І часцей у перыяд асенне-зімовы, бо калі холадна, людзі больш часу праводзяць у памяшканнях. Менавіта таму каранцін – адзін з найважнейшых захадаў у барацьбе з інфекцыяй.

Прафесар Эрнэст Кухар з Варшавы падсумоўвае:

«Вірусы вельмі ўражлівыя на ўльтрафіялетавае выпраменьванне – карацей кажучы, сонца. Калі будзе сонца – яно, можа, не зробіць нас усіх здаравейшымі, але зменшыць рызыку перадачы інфекцыі. Па-другое, мы будзем праводзіць менш часу ў закрытых памяшканнях і будзем часцей іх праветрываць, бо калі будзе цёпла – стане прасцей адчыняць вокны».

Аднак першая хваля каронавіруса можа перайсці ў другую: калі ў паўночным паўшарʼі пачынаецца вясна – халоднае надвор’е наступае ў паўднёвым паўшарʼі. А ўвосень інфекцыя можа зноўку вярнуцца да нас. Лекары прыгадваюць эпідэмію іспанскага грыпу сто гадоў таму – вірус быў падобнага тыпу, падобным чынам перадаваўся, падобны быў і ўзровень смяротнасці. «Іспанка» трывала паўтара года і па розных падліках магла забраць 17–100 мільёнаў жыццяў.

Фота на прэв’ю: Matthias Rietschel/Reuters/Forum

Дзяніс Дзюба, belsat.eu

Cюжэт выйшаў у праграме «ПраСвет» 13.03.2020

Іншыя тэмы выдання:

Hавiны