Шэсць гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму. 71-гадовага пенсіянера прызналі вінаватым у продажы метадону
2020.02.21 13:49
Факт продажу наркотыкаў, за які затрымалі 71-гадовага Аляксандра Каваленку, суддзя прызнала недаказаным. Тым не менш, вырак – вінаваты ў гандлі забароненымі рэчывамі і распаўсюдзе іх (частка 3 артыкулу 328 Крымінальнага кодэксу).
21 лютага ў судзе Бабруйскага раёну быў агучаны прысуд пенсіянеру Аляксандру Каваленку, якога абвінавачвалі ў гандлі наркотыкамі, а менавіта – метадонам. У судовую залу канвойныя зноў неслі мужчыну на руках.
Аляксандр Каваленка ў судзе падчас агучвання прысуду. Фота belsat.eu
Затрымалі бабруйца 17 кастрычніка 2019 года, пры сабе ён нібыта меў пачак ад цыгарэтаў, у якім ляжаў наркотык. Каваленка сцвярджаў, што гэты пачак ён падняў з зямлі, каб выкінуць у сметніцу, і да наркотыкаў увогуле не мае ніякага дачынення. Вадзім Худавец, старэйшы аператыўны упаўнаважаны аддзелу наркакантролю УУС Бабруйскага гарвыканкаму, запэўніваў, што віна падсуднага цалкам даказаная, на што ўказваюць рэчавыя доказы і паказанні сведкаў.
Першы эпізод
Таксама паводле сведчанняў Худаўца, за Каваленкам сачылі з красавіка 2019 года, калі падчас кантрольнай закупкі і пацвердзілі факт збыту ім наркотыкаў.
Суд Глускага раёну, які разглядаў справу, пад старшынёўствам суддзі Вольгі Галаўнёвай прызнаў красавіцкі эпізод з праверачнай закупкай цалкам даказаным.
Другі эпізод
У той жа час, паводле суддзі, акалічнасці, пры якіх затрымалі Каваленку ў кастрычніку, выклікаюць пытанні. Суд не знайшоў дакладных доказаў таго, што пачак, знойдзены тады ў пенсіянера, сапраўды належаў яму, пагатоў падвіноўны казаў, што знайшоў яго, калі выйшаў з дому. Паказанні аператыўніка Худаўца пра тое, што Каваленка нічога не падымаў з зямлі на ўсім шляху ад дому да моманту затрымання, суддзя таксама лічыць непераканаўчымі, бо няма доказаў таго, што нехта трымаў падсуднага ў полі зроку ўвесь час. Таму па факце збыту наркотыкаў 17 кастрычніка Каваленка прызнаны невінаватым.
Аляксандр Каваленка ў судзе падчас агучвання прысуду. Фота belsat.eu
Нягледзячы на недаказанасць другога эпізоду, суддзя агучыла тэрмін, які запрошваў пракурор – 6 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Таксама Каваленка мусіць сплаціць Br 440, якія ён нібыта атрымаў за продаж наркотыкаў, і пакрыць суму, выдаткаваную падчас следства – Br 280,5.
Пасля агучвання выраку Аляксандр Каваленка заявіў: «Не трэба мяне выносіць. Я хачу выйсці з гэтай залы беззаконня на сваіх нагах».
Аляксандр Каваленка ў судзе. Фота belsat.eu
Жонка падсуднага Валянціна Каваленка заявіла пасля паседжання, што яна будзе падаваць апеляцыю і змагацца за мужа да апошняга, як яны змагаліся ўвесь гэты час за сына.
У 2004 годзе за забойства быў асуджаны сын Каваленкаў. Бацькі сцвярджаюць, што ён не меў датычнасці да злачынства. У спробах дамагчыся праўды Каваленкі неаднаразова выходзілі на пікеты, у тым ліку да Адміністрацыі прэзідэнта, за што іх штрафавалі.
У 2006 годзе Аляксандра Каваленку абвінавацілі ў гандлі наркотыкамі. Адседзеўшы 3 гады і 2 месяцы ў калоніі, ён дамогся перагляду справу і ўрэшце быў прызнаны невінаватым. Судзімасць цалкам знятая, дзяржава выплаціла бабруйцу кампенсацыю.