«Шчыры абед» у Менску: бясплатная дастаўка гарачай ежы для старэйшых асобаў


Як дапамагчы людзям сталага веку, якія не могуць выходзіць з дому? IBB разам з Беларускім таварыствам Чырвонага Крыжа запусцілі ініцыятыву «Шчыры абед», якая цешыць іх дастаўкаю смачнай ежы.

«Як мы можам ім дапамагчы»?

Ідэя ініцыятывы прыйшла да працаўнікоў менскага адукацыйнага цэнтру IBB Ларса Шмідта і Таццяны Кнацько, калі яны разважалі, як можна дапамагчы людзям сталага веку падчас пандэміі. Вырашылі выкарыстаць магчымасці, якія ў іх зараз ёсць.

Валанцёры ініцыятывы «Шчыры абед». Фота арганізатараў

«Пры падтрыманні IBB працуе Гістарычная майстэрня, якая працуе са сведкамі Другой сусветнай вайны. Падчас пандэміі гэтыя людзі трапілі ў асноўную групу рызыкі. На базе IBB працуе рэстарацыя «Вэстфалія». Мы вырашылі, што можам частаваць абедамі адтуль тых, каму зараз патрэбная ежа і ўвага», – кажа Ларс Шмідт.

Грашовае падтрыманне яны знайшлі ў нямецкай каталіцкай арганізацыі Рэновабіс, а з дастаўкаю дапамагаюць Беларускі Чырвоны Крыж і «Яндэкс.Таксі».

Як гэта працуе?

Зараз абеды дастаўляюць 35 людзям, але ў чэрвені іх колькасць вырасце да 65. На жаль, праграма не працуе паводле заяўнага прынцыпу. Абеды дастаўляюцца згодна з кантактамі Гістарычнай майстэрні і тэрытарыяльнага цэнтру абслугі насельніцтва Маскоўскага раёну Менску.

Абеды развозяць тры разы на тыдзень, па панядзелках, серадах і пятніцах. Стравы прыгатаваныя згодна з патрэбамі старэйшага арганізму: больш дыетычнае мяса, не шмат спецыяў.

Валанцёры ад Беларускага Чырвонага Крыжа дапамагаюць з дастаўкаю гарачых абедаў. Пакункі яны пакідаюць на спецыяльнай табурэтцы ля дзвярэй, так што атрымальнікам не прыходзіцца нават выходзіць з дому.

Так выглядае дастаўка абедаў, фота ад арганізатараў

«Нашыя валанцёры прайшлі адмысловы інструктаж, ім выдалі сродкі індывідуальнай абароны і экіпаванне. У кожнага ёсць улётка па абароне і прафілактыцы COVID-19», – паведамілі «Белсату» у прэс-службе Беларускага Чырвонага Крыжа.

Па горадзе валанцёры перасоўваюцца на аўтамабілях партнёраў «Яндэкс.Таксі». Перад кожным выездам машыну дэзынфекуюць, кіроўца заўсёды мае сродкі індывідуальнай абароны.

Hавiны
«Чырвоны крыж» і IT-кампанія Onde запусцілі сэрвіс для валанцёраў-кіроўцаў
2020.05.08 09:00

«Мы мяркуем, што зараз асабліва важна дапамагаць арганізацыям, якія дбаюць пра іншых. У межах праекту «Шчыры абед» мы даем бясплатныя паездкі для валанцёраў, якія развозяць гарачыя абеды», – гаворыць Іван Кірсанаў, кіраўнік па развіцці бізнесу «Яндэкс.Таксі» у Беларусі.

У «Яндэкс.Таксі» адзначылі, што кампанія гатовая падтрымаць і іншыя дабрачынныя і сацыяльныя арганізацыі Беларусі.

«Шчырыя абеды» – да канца ліпеня

Сталым людзям важныя ня толькі абеды, але і ўвага ды магчымасць паразмаўляць.

«Мы атрымліваем вельмі добрыя водгукі ад людзей. Зараз сапраўды шмат хто з іх не выходзіць з хаты, таму дастаўка гарачай ежы – гэта выдатнае падтрыманне. Аднак яшчэ ім асабліва прыемна стасавацца з валанцёрамі. Нам часта тэлефануюць і дзякуюць за праект», – цешыцца Таццяна Кнацько.

Сведкі Другой Сусветнай вайны, якім прывозяць гарачыя абеды

Арганізатары ня толькі развозяць абеды, але і часам тэматычна падтрымліваюць былых вязняў. 8 траўня, перад Днём Перамогі, яны раздавалі ўрачыстыя паштоўкі і печыва.

«Абеды – гэта важна, аднак увага – галоўны кампанент. Яны вельмі ўсцешаныя, што нехта аб іх думае, з імі размаўляе. Асабліва гэта адчуваецца ў сённяшнія часы, калі людзі знаходзяцца ў ізаляцыі», – падкрэслівае Ларс Шмідт.

Паштоўкі і печыва да Дня Перамогі, фота ад арганізатараў

Ініцыятыва будзе працаваць да канца ліпеня. Арганізатары спадзяюцца, што за гэты час пандэмія сціхне. Прынамсі, людзі ва ўзросце здолеюць тады выходзіць з хаты.

«Аднак калі сітуацыя не зменіцца, натуральна, што будзем неяк працягваць, – кажа Ларс.

А пакуль што яны проста дапамагаюць валанцёрам развазіць абеды і паралельна працуюць. Думаць пра будучыню рэсурсаў не хапае.

«У нас нават не было часу падумаць, што рабіць з праектам, калі каронавірус не скончыцца!», – смяецца ён.

Ксенія Тарасевіч belsat.eu

Стужка навінаў