Шанец для дварнякоў. Як у Менску сабакі і каты шукаюць новых гаспадароў


На выходных у прасторы «ОК16» на Кастрычніцкай прайшла чарговая дабрачынная акцыя «Дарога дамоў», дзе дзясяткі сабак і катоў шукалі новых гаспадароў. Мы завіталі на акцыю і распавядаем, як завесці гадаванца, які калісьці стаў непатрэбны іншым.

«Дорога домоў» прайшла ўжо 48-ы раз, гэтыя акцыі ладзіць грамадскае аб’яднанне абароны жывёлінаў «Эгіда». Цягам 12 гадоў яны прыстроілі больш за 9 000 бяздомных жывёлінаў. Што праўда, сярод іх ёсць і пародзістыя каты з сабакамі.

«На акцыі мы стараемся не браць пародзістых жывёлінаў, бо папросту яны забіраюць шанец у дварнякоў», – кажа старшыня «Эгіды» Вераніка Ханцевіч.

Старшыня «Эгіды» Вераніка Ханцевіч. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Жужу чакае новага гаспадара. Яго мінулыя гаспадары вярнулі яго праз год валанцёрам. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

На «Дарозе дамоў» былі ў большасці дарослыя сябры чалавека, адзін з іх сабака рудога колеру – Лерой. Ён трапіў у аварыю, у яго пашкоджаная ніжняя частка сківіцы, але гэта не перашкаджае яму спакойна есці. «Веры ў жыццё не згубіў», – заўважае будучы гаспадар Алег.

Лайма. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Котка толькі што знайшла сабе чалавека. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Ён пакуль яшчэ не вырашыў, ці будзе браць сабаку, але кажа, што заўжды хацеў шчанюка, але не мог вырашыцца, каб завесці.

Нашую размову перарывае, напэўна, самы вялікі сабака на імпрэзе – Аркадзь. Яму каля 3 гадоў, але гледзячы на ягоныя памеры адразу даеш больш. У адрозненне ад іншых, Аркадзь прыйшоў у прытулак самастойна, узімку ён прыбіўся да дому, дзе месціцца «Эгіда».

Сабака Аркадзь. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Кацянё яшчэ не мае імя. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Сярод іншых вылучаецца яшчэ адзін невялічкі, але даволі бойкі сабака на мянушку Малыш. Яму каля 4-ох гадоў і ўсё сваё жыццё ён праседзеў на ланцугу ў вёсцы, потым ён стаў непатрэбны і яго збіраліся ўсыпляць, але выпадкова Малыш трапіў у добрыя рукі.

Малыш жыў усё жыццё на ланцугу. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Свята «Шлях да дому». Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Праходзім унутр, дзе месцяцца коткі, і нашую ўвагу адразу прыцягвае кот Васіль, ён ляжаў у адной клетцы з беласнежнай коткай Анфісай. Іх абодвух знайшлі ў Маладзечне, пад «Еўраоптам», пасля на тым жа месцы знайшлі яшчэ некалькі іншых катоў.

Кот Васіль. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
На першым плане Пэппі, ёй 6 месяцаў. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

«Дорога домой» – праект, дзе кожны можа знайсці сябе гадаванца. Істотна, што ўсе жывёліны «Эгіды» стэрылізаваныя і маюць неабходныя прышчэпкі, а кожная котка прывучаная да латка. Гадаванец падбіраецца індывідуальна, вы можаце не толькі дапамагчы жывёліне, але і атрымаць надзейнага сябра.

ВР, фота Ірыны Арахоўскай belsat.eu

Стужка навінаў