Сезон адкрытых вокнаў: як засцерагчы дзіця ад падзення?


Штогод, як толькі становіцца цёпла, адну за адной мы чытаем навіны: дзіця выпала з акна. Вокны адчыненыя, а антымаскітныя сеткі не засцерагаюць ад выпадзення. Што рабіць, каб пазбегнуць трагедыі? Пра гэта – у матэрыяле Belsat.eu.

Уратаваць дзіця ад выпадзення з акна дапамагаюць адмысловыя замкі

За мінулыя выходныя 4 дзіцёнка выпалі з вокнаў: трое абапіраліся на маскітную сетку, адзін вырашыў памыць вакно. Чаму так адбываецца?

Кошт бяспекі: 14 – 17 рублёў

«Маскітныя сеткі не ўратоўваюць дзяцей ад выпадзення. Дзеці апіраюцца на маскітную сетку і выпадаюць разам з ёй. Сетка проста не вытрымлівае іхнай вагі. Каб уратаваць сябе і дзяцей ад няшчасных выпадкаў, прыдумалі адмысловыя механізмы – гэтак званыя дзіцячыя замкі на вокны, – распавядае Аркадзь, які аказвае паслугі «Майстар на гадзіну». – Трэба ставіць дзіцячыя замкі на вокны. Ёсць розныя тыпы, я стаўлю замкі пад раму. З такім замком вы ніколі не забудзецеся пра адкрытыя вокны, а вашыя дзеці не змогуць іх самастойна адкрыць, максімум паставіць у рэжым праветрывання».

Замок пад раму

Замок пад раму дазваляе адкрываць акно на праветрыванне і закрываць назад, але адкрыць акно цалкам нельга. Зрабіць гэта можна толькі з адмысловым ключом. Калі бацькам трэба памыць акно ці яшчэ з якой-небудзь нагоды раскрыць яго, яны адкрываюць замок ключом і пасля закрываюць назад. Увесь астатні час акно праце толькі ў двух рэжымах: закрытае і на праветрыванні.

Прыблізны кошт аднаго такога замка пад раму – ад 14 да 17 рублёў разам з дастаўкай і ўсталёўкай.

Замок пад раму не дазваляе адчыніць акно

«Пераставілі канапы, а табурэты ставім на стол»

Малады бацька Аляксандр абраў менавіта замок пад раму:

«Як толькі ў мяне з’явілася дзіця, было прынята рашэнне замовіць замкі на вокны. На падаконніку часцяком шмат у каго стаяць кветкі, то замок цалкам схаваны. У зачыненым стане можна пакінуць акно на мікра- і макраправетрыванне, але акно нельга цалкам адчыніць. Пры гэтым схаваны замок не псуе эстэтыку акна ў адрозненне ад тых, якія мантуюцца на ручку, і не пэцкаецца. Яшчэ адзін плюс – просты мантаж, які займае 3 хвіліны».

Але большасць апытаных намі бацькоў выкарыстоўваюць менавіта ручку з замком – гэта другі механізм, які перадухіляе выпадзенне дзяцей з акна. Такія ручкі прадаюцца ў крамах і іх можна паставіць самастойна. Прынцып дзеяння вельмі просты: ручка блакуецца дарослымі ды перастае працаваць, а каб зноў запрацавала, трэба скарыстацца ключом.

Ручка з ключом мае тры палажэнні: адкрыта, закрыта і з ключом

«Нязручнасць ручкі з замком у тым, што пасля кожнага дзеяння яе трэба блакаваць. І, адпаведна, перад кожным дзеяннем – разблакаваць ключом. Ёсць верагоднасць таго, што вы забудзеце заблакаваць ручку», – кажа майстар на гадзіну Аркадзій.

Але такі механізм часцей за ўсё прапаноўваюць аконныя фірмы. Яго і абрала маці блізнятак Вікторыя:

«Нам параілі знаёмыя, якія займаюцца вокнамі. Мы нават не разглядалі іншых варыянтаў, адразу паставілі ручкі на ўсе вокны ў сваёй кватэры і ў кватэры бабулі. Натуральна, ключы ляжаць у недасяжным для дзяцей месцы».

Замкі на вокны

Мы знайшлі бацькоў, якія зусім не выкарыстоўваюць адмысловых прыладаў.

«Мы зрабілі так, каб было немагчыма залезці на акно. У пакоі пераставілі канапу, як толькі сын Ян пачаў цягнуцца з яе да падваконня. У кухні з чатырох табурэтаў пакінулі два і адразу пасля ежы ставім іх на стол. Бо сын лёгка цягае табурэты па кухні і лезе да пліты, да кавамолкі, на падваконне – прасцей было іх прыбраць», – кажа маладая маці Марына.

Як засцерагчы дзяцей ад выпадзення з вокнаў

Майстар на гадзіну Аркадзій сведчыць, што ў палове выпадкаў дзіцячыя замкі ставяць толькі пасля таго, як заўважаць, што дзеці лезуць да акна, то бок ужо пасля таго, як магла здарыцца трагедыя.

«Летась адная сям’я замовіла замкі на ўсе вокны ў кватэры і нават на пляцоўцы. Проста за дзень да гэтага яны знайшлі сваё дзіцяці ўжо на падваконні: яно сядзела, звесіўшы ногі на двор. Гэта быў 10-ты паверх», – узгадвае Аркадзій.

Што кажуць псіхолагі?

Часта бацькі самі прывучаюць дзяцей да вакна

«Дзецям не стае звычайнага выхавання. Апошнія гады часта сутыкаемся з пазіцыяй бацькоў – «навошта дома вучыць, вось пойдзе ў садок – яго там навучаць». У выніку набіраюцца групы па 20 дзяцей на аднаго выхавацеля, якія стаяць на вушах, лезуць на шафы і падаконнікі, бо дома бацькам складана заняцца выхаваннем. Гэта, на жаль, ёсць. Але кожную сітуацыю трэба разглядаць індывідуальна. І ў адказных бацькоў здараюцца няшчасці, бо ўсё ж такі гэта дзеці. Яны вывучаюць навакольнае асяроддзе, у іх яшчэ няма дастатковага досведу, які развівае інстынкт самазахавання, вось яны і лезуць у разеткі, на вокны і ў іншыя небяспечныя месцы», – кажа дзіцячы псіхолаг Алена Крапіўка.

Вольга Васільева belsat.eu

Стужка навінаў