Украіны больш не будзе. Замест яе цяпер – Маларосія. Гэтак пастанавілі ў падкантрольнай Крамлю «Данецкай Народнай Рэспубліцы», якая ўжо пахавала праект «Наваросіі». Кіраўнік ДНР Аляксандр Захарчанка абвесціў сёння пра стварэнне новай дзяржавы замест Украіны.
Украіну сваім рашэннем сепаратысты папросту скасавалі. Улады самаабвешчанай суседкі ДНР – «Луганскай Народнай Рэспублікі» – ужо заявілі, што іх у новую дзяржаву не паклікалі. Але прымалі ўдзел тыя, хто спачувае ідэі Маларосіі, з рэгіёнаў Украіны.
Нават у Крамлі, які курыруе сепаратыстаў. Але адначасова выказалі разуменне: маўляў, самаабвешчаныя рэспублікі гэтак даўно просяцца ў Расею, а іх не прымаюць.
Афіцыйны Кіеў у сваю чаргу заявіў, што праект «Наваросіі» пахаваны. Маларосія ж, на ідэю яе творцаў, пад сцягам Багдана Хмяльніцкага збіраецца браць курс на далучэнне да Саюзнай дзяржавы Расеі і Беларусі ды плануе як пераемніца Украіны захаваць бязвізавы рэжым з Еўразвязам. Народны трыбунал Маларосіі збіраецца судзіць усіх – ад Януковіча да Парашэнкі.
«Творчы геній нашага народа зможа вывесці Маларосію на перадавыя рубяжы сусветнай цывілізацыі, сказаць сваё слова ў гісторыі, слова дабра і праўды», – заявіў Захарчанка.
Маларосы, у адпаведнасці з Канстытуцыйным актам, зачытаным сёння ў Данецку, будуць гаварыць на маларасейскай і расейскай мовах. Тры гады ў новай краіне будзе дзеяць надзвычайнае становішча. Дакумент прадугледжвае таксама праваслаўныя духоўныя скрэпы, барацьбу з карупцыяй і аднаўленне Дня Перамогі 9-га траўня. Гісторыя ў Маларосіі будзе, мяркуючы з усяго, таксама альтэрнатыўная.
Незразумела, якія мэты стварэння новага праекту на Данбасе. Захарчанка мог бы з тым жа поспехам абвясціць стварэнне Маларосіі ў межах былой Рэчы Паспалітай ці Вялікага Княства Літоўскага, мяркуюць палітолагі.
Маша Макарава, Юлія Лабанава, «Белсат»