Сельскую гаспадарку ў Беларусі адаптуюць да зменаў клімату


Праз надзвычайна цёплую зіму беларускую сельскую гаспадарку неабходна адаптаваць да кліматычнай змены. Пра гэта заявіла намесніца начальніка Рэспубліканскага цэнтру гідраметэаралогіі, кантролю радыеактыўнага забруджання і маніторынгу навакольнага асяроддзя Святлана Кузьміч, перадае БелТА.

Паводле спецыяліста, сёлета зіма ўпершыню за ўвесь час назіранняў выдалася такой цёплай, упершыню сярэднесезонная тэмпература зімой плюсавая.

«Нашы азімыя культуры перазімавалі здавальняюча, але змены клімату адчуваюцца ў сельскай гаспадарцы. Гэта патрабуе адаптацыі. Гэтак, напрыклад, рэкамендуецца захоўваць тарфянікі, балоты, лясы, лугі, можна вяртацца да забалочвання тэрыторый, адраджаць земляробства ўперамешку з ляснымі насаджэннямі. Вядома ж, трэба пераглядаць культуры, тэрміны пасадак і ўборкі », – адзначыла яна.

Аб’ектыў
Зіма праігнаравала Беларусь: у апошні тыдзень таксама не прыйдзе
2020.02.24 21:24

Намеснік дырэктара Інстытуту глебазнаўства і аграхіміі НАН Беларусі Мікалай Цыбулька таксама лічыць, што неабходна ўносіць карэктывы ў асноўныя элементы сістэмы земляробства ў краіне. У прыватнасці, неабходна змяніць структуру пасяўных плошчаў, павялічыць пасеў азімых культур, нарошчваць пасевы прамежкавых культур, апрацоўваць цеплалюбівыя культуры.

Міністэрства лясной гаспадаркі таксама распрацавала шэраг дакументаў, у якіх прадугледжаны мерапрыемствы па адаптацыі догляду за беларускімі лясамі да глабальных змяненняў клімату.

КА belsat.eu

Стужка навінаў