СБУ: сярод наймітаў ПВК Вагнэра ў Судане ёсць двое беларусаў


Служба бяспекі Украіны апублікавала звесткі, якія пацвярджаюць прыналежнасць ПВК Вагнэра да Галоўнага ўпраўлення Генштаба Узброеных сілаў РФ, а таксама спіс наймітаў гэтага засакрэчанага падраздзялення ў Судане. У спіс патрапілі двое беларусаў – Аляксей Бярговін і Аляксандр Ступніцкі.

Украінская спецслужба прааналізавала больш за тысячу пашпартоў «вагнэраўцаў», якія прыляталі ў афрыканскія краіны і сцвярджае, што пераважная большасць дакументаў была аформленая цэнтралізавана ў Маскве (УФМС 770001) – там, дзе і пашпарты «Пятрова» і «Башырава», абвінавачаных у атручванні Скрыпалёў. Паводле кіраўніка СБУ Васіля Грыцака, гэта наўпрост указвае на сувязь ПВК Вагнэра з Галоўным упраўленнем Генштабу Узброеных сілаў Расеі (раней – ГРУ). Пры гэтым у некалькіх сотняў наймітаў нумары пашпартоў адрозніваюцца выключна апошнімі лічбамі.

Ведамства таксама апрылюдніла спіс са 149 асобаў, якія ў пачатку 2019 года бралі ўдзел у задушэнні антыўрадавых дэмакратычных пратэстаў у Судане. Першай пра гэта паведаміла брытанская газета The Times, але спікер расейскага МЗС Марыя Захарава зняпраўдзіла гэта. Яна заявіла, што прыватныя расейскія інструктары займаюцца там толькі падрыхтоўкай мясцовых сілавікоў.

Раней, 25 студзеня, СБУ таксама паведамляла, што «вагнэраўцаў» дастаўлялі ў Судан на самалётах Мінабароны. Паводле дамовы ад 30 ліпеня мінулага года з ТАА «М-Інвест», якую СМІ звязваюць з меркаваным уласнікам ПВК Вагнэра Яўгенам Прыгожыным, «223 лётны атрад» Мінабароны здзейсніў восем рэйсаў з Масквы ў Хартум праз сірыйскую авіябазу Хмэймім.

ВІДЭА
Беларускі спіс «Вагнэра»: 2 з 11 забітыя. Дзе цяпер астатнія?
2018.10.04 12:49

Беларускія «вагнэраўцы»: з Данбасу ў Афрыку

Сярод удзельнікаў «камандзіровак» таемнага падраздзялення ў Судан, паводле СБУ, ёсць не толькі расейцы і жыхары акупаваных Расеяй тэрыторыяў, але і грамадзяне Беларусі. Гэта 38-гадовы Аляксей Бярговін родам з Горак і 29-гадовы аршанец Аляксандр Ступніцкі.

Імя Ступніцкага ўжо фігуравала ў папярэдняй справаздачы СБУ, апублікаванай мінулым летам, сярод 11 беларусаў, якія ваявалі на Данбасе ў складзе ПВК Вагнэра. Неўзабаве belsat.eu даведаўся, што Ступніцкі з жонкай жылі ў Воршы апошнія некалькі гадоў, тут у іх нарадзілася дзіця. Ніякіх праблемаў з беларускімі праваахоўнікамі па вяртанні з Данбасу ў экс-баевіка не ўзнікла. Акрамя таго, у кастрычніку 2016 года Ступніцкаму выдалі новы пашпарт у аддзеле ўнутраных справаў па месцы прапіскі. Крыніца belsat.eu сцвярджала: на той момант ён ужо паспеў паваяваць і ў Сірыі, атрымаў баявое раненне і дзяржаўную ўзнагароду РФ.

У ліпені 2018-га (адначасова з выхадам першай справаздачы СБУ) Ступніцкія пакінулі Беларусь. З аналізу акаўнту ягонай жонкі ў сацсетках вынікае, што сям’я адпачывала ў Крыме, а потым знаходзілася ў Данецку. Тады сваякі Ступніцкага сказалі нам: «Дзеці проста паехалі пагуляць па Расеі», удзел Аляксандра ў баявых дзеяннях яны катэгарычна адмаўлялі. Адметна, што маці Ступніцкага Дарʼя працуе ў Дэпартаменце аховы МУС – гэта нам пацвердзілі ейныя калегі і сябры.

«Як вы ўжо надакучылі… Адкуль вы ўсё гэта бярэце? Што вы выдумляеце? Вы смерці маёй чакаеце ці што?!Пакіньце нас у спакоі», – сказала Марыя Ступніцкая, родная цётка баевіка.

Самога Аляксандра ў сацыяльных сетках цяпер няма, выйсці з ім на сувязь пакуль не атрымалася.

«Сакрэтная місія» у Краснадарскім краі

Аляксей Бярговін нарадзіўся ў Горках Магілёўскай вобласці, да вайны жыў у Менску. Вядома, што ў мінулым ён – кадравы афіцэр беларускага спецназу, служыў у вайсковай частцы 3214. Пазней звольніўся і займаўся бізнесам як індывідуальны прадпрымальнік. Дарэчы, кампанія дагэтуль не ліквідаваная.

Аляксей Бярговін, фота з сайту “Міратворац”

З красавіка 2015 года ваяваў на Данбасе ў складзе 5-й батальённа-тактычнай групы «Рэспубліканскай гвардыі» ДНР, меў розныя спецыяльнасці – ад кулямётчыка да інструктара. Напрыканцы 2016 года Бярговін атрымаў дыплом аб другой вышэйшай адукацыі – ён завочна навучаўся ў Беларускай сельскагаспадарчай акадэміі, прыязджаючы на сесіі проста з фронту.

Чым баявік займаўся апошнія два гады – да новай справаздачы СБУ не было вядома. Усе старонкі ў сацсетках ён выдаліў. Мы звязаліся з бацькам Бярговіна Уладзімірам.

– Я не ведаю, дзе ён знаходзіцца цяпер, нічога не кажа.

– З’явілася інфармацыя, што ён паляцеў у Судан. Вы ведалі пра гэта?

– Не, ён усё хавае.

– Калі сын апошні раз выходзіў з вамі на сувязь?

– Сам ён не выходзіць увогуле, нешта даведваюся праз ягоных сяброў. Ведаю, што ён недзе ў Расеі, у Краснадарскім краі. Я так зразумеў, у яго там нейкая сакрэтная місія.

Менавіта непадалёк ад хутару Молькіна ў Краснадарскім краі, паводле шматлікіх сведчанняў СМІ, і размяшчаецца трэніравальная база ПВК Вагнэра. Бацька «вагнэраўца» таксама распавёў, што апошнім разам ён бачыў сына ў Беларусі «прыкладнна месяц таму». Верагодна, Бярговін прайшоў падрыхтоўку на базе і заехаў дадому перад вылетам у Судан.

Аляксей Бярговін, фота з сайту “Міратворац”

Пры гэтым Бярговін-старэйшы ўзгадвае: 22 лютага 2018 года да яго ў хату прыйшлі з вобшукам супрацоўнікі КДБ.

«Нейкі артыкул Лукашэнка прыдумаў, ужо не памятаю. Не найміцтва, нешта іншае было ў пратаколе… Але мне гэта ўсё каштавала мікраінсульту».

Калі верыць ягоным словам, атрымліваецца, што Бярговін спакойна наведваў Беларусь пасля візіту КДБ, пасля чаго без перашкодаў далучыўся да шэрагаў наймітаў у Судане.

***

У лістападзе крыніцы Bloomberg сцвярджалі: «вагнэраўцы» працуюць у 10 афрыканскіх краінах – акрамя Судану і ЦАР, гэта таксама Лівія, Зімбабве, Ангола і іншыя краіны. Паводле дадзеных агенцтва, у абмен на права на здабычу карысных выкапняў яны ахоўваюць высокапастаўленых чыноўнікаў, рыхтуюць ваенных, а таксама дапамагаюць з арганізацыяй перадвыбарчых кампаніяў. У Судане золата здабывае Meroe Gold – падраздзяленне звязанай з бізнесоўцам Яўгенам Прыгожыным кампаніі «М-Інвест».

Кацярына Андрэева, belsat.eu

Стужка навінаў