Саюз палякаў на Беларусі адзначыў Дзень сцяга нягледзячы на каронавірус


Святочнае мерапрыемства ў Горадні адбылося ў абмежаваным фармаце, усе ўдзельнікі выкарыстоўвалі сродкі індывідуальнай абароны.

2 траўня Польшча святкуе Дзень сцяга. Гэтае дзяржаўнае свята звязанае з падзеямі 2 траўня 1945 года, калі жаўнеры 1-й Польскай дывізіі імя Тадэвуша Касцюшкі ўзнеслі польскі сцяг над зрынутым Берлінам.

Святочныя імпрэзы традыцыйна ладзяць і палякі Беларусі.

«У сувязі з пандэміяй каронавіруса святкаванне Дня польскага сцяга адбылося ў невялікім складзе», – распавядае belsat.eu старшыня Саюзу палякаў Анджэлікі Борыс.

У Горадні некалькі дзяцей з польскай школы імя караля Стэфана Баторыя, якая дзейнічае пры Саюзе палякаў, павіншавалі ўсіх са святам і па традыцыі заспявалі гімн Польшчы. Прысутнічалі таксама генеральны консул у Горадні Ярослаў Ксёнжэк, дырэктарка школы Данута Карповіч і два настаўніка, а таксама сама Анджэліка Борыс. Імпрэза прайшла перад будынкам школы, на адкрытым паветры. «Адбывалася ўсё гэта з выкананнем правілаў бяспекі: маскі, пальчаткі і г.д», – дадала яна.

Святкаванне Дня сцяга ў Польшчы.
Фота: twitter.com/AngelikaBorys
Святкаванне Дня сцяга ў Польшчы.
Фота: twitter.com/AngelikaBorys

3 траўня Польшча адзначае Дзень Канстытуцыі і палякі таксама ладзяць акцыю. Чальцы Саюзу палякаў на Беларусі а 12-й гадзіне запаляць знічы і пакладуць кветкі на могілках паўстанцаў 1863 года. Анджэліка Борыс і Яраслаў Ксёнжэк зробяць гэта ў мястэчку Азёры. Ва ўмовах пандэміі ў гэтых акцыях таксама будуць прымаць удзел толькі некалькі чалавек.

З нагоды Дня сцяга і Дня Канстытуцыі навучэнцы польскіх школаў у Беларусі таксама падрыхтавалі онлайн-віншаванні, якія выкладаюцца ў старонках Саюзу паляку ў сацсетках. Анджэліка Борыс падкрэсліла, што цяпер ва ўсіх польскіх школах у Беларусі навучэнне праходзіць дыстанцыйна.

Борыс таксама распавяла, што нядаўна Саюз палякаў перадаў каля 2 000 масак для лякарні хуткай дапамогі ў Гародні, а таксама 2 000 масак і каля 1 000 пальчатак для лякарні № 2. Гэтая дабрачынная акцыя адбылася пры дапамозе генеральнага консульства ў Горадні.

ІІ belsat.eu

Стужка навінаў