Найлепшыя саксафаністы Беларусі зайграюць на сцэне адначасова


30 сакавіка ў Менску пройдзе Першы рэспубліканскі сакс-форум, на якім найлепшыя саксафаністы Беларусі паспрабуюць перадаць свае музычныя эмоцыі як у спаборніцтве, гэтак і ў супрацы.

У імпрэзе возьмуць удзел гамяльчук Аляксей Балотнікаў, Аляксандр Краўчук з Горадні і менскі саксафаніст Павел Аракелян, які і арганізоўвае імпрэзу.

Паводле Аракеляна, ён адбіраў удзельнікаў такім чынам, каб прадставіць усю геаграфію Беларусі.

«На жаль, не ўва ўсіх гарадах нашай краіны ёсць настолькі рэйтынгавыя саксафаністы, як у Гомлі ў Горадні», – кажа музыка.

Спецыяльным госцем форуму стане маскоўскі саксафаніст Сяргей Баўлін.

«Я пазнаёміўся з ім на інтэрнэт-форуме. На гэткіх пляцоўках усе хаваюцца пад нікамі, але пазней я даведаўся, што гэта Баулін, джазавы саксафаніст, якога я даволі даўно ведаю. Ён з задавальненнем пагадзіўся прыехаць да нас», – працягвае Аракелян.

На форуме асноўная ўвага будзе надавацца саксафаністам, але акампаніраваць ім будуць не менш зорныя музыкі.

«Любы саксафаніст нашмат лепей гучыць у аздабленні рытм-секцыі. Яна будзе складацца з піяніста Змітра Хаменкі, бас-гітарысткі Людмілы Крукоўскай і бубнача Аляксандра Сапегі», – працягвае Аракелян.

Паводле арганізатараў, на сцэне не будзе ніякіх стандартных схемаў, а толькі сапраўдны джазавы саксафон, якога ў Беларусі «яшчэ не бачылі і не чулі».

«Мы вырашылі адыйсці ад формулы традыцыйнага фестывалю. Мы ладзім «форум», то бок «гутарку», дзе будзем абменьвацца інфармацыяй. У нас будзе калабарацыя: на сцэне пастаянна будзе знаходзіцца ад двух да чатырох саксафаністаў у розных варыяцыях», – працягвае Аракелян.

Павел Аракелян. Фота з «Фэйсбуку» музыкі

Нягледзячы на «акадэмічнасць» пляцоўкі, арганізатары спадзяюцца, што кожны ахвотны зможа патанчыць пад добры джаз.

«Спадзяюся, атмасфера будзе гэтаму спрыяць. Белдзяржфілармонія дала нам поўны карт-бланш на гэты выступ», – дадаў Аракелян.

Першы рэспубліканскі сакс-батл пачнецца 30 сакавіка а 19:00 у Вялікай канцэртнай зале Беларускай дзяржаўнай філармоніі.

Дзяніс Дзюба, фота анонсу – Francois Lenoir/Reuters

Стужка навінаў