Саўчанку пачалі дапытваць без адвакатаў


У Кіеўскім навукова-даследчым інстытуце судовых экспертызаў пачаўся допыт Надзеі Саўчанкі. Яе сястра паведамляе, што следчыя дзеянні пачаліся пры адсутнасці адвакатаў.

«Штатным лекарам было вырашана і прызначана ёй прымаць глюкозу, каб ураўнаважыць сэрцабіцце. Такім чынам яна будзе праходзіць паліграф… Яе прывезлі. Гадзіну Надзея была без абаронцаў. Невядома, які там аказваўся ціск. Адвакаты вельмі абураныя што працэдура пачалася без іх», – сказала Вера Саўчанка.

23 сакавіка Надзея Саўчанка абвесціла галадоўку. Каб вытрымаць праверку на паліграфе, яна яе спыніла. Допыт павінен быў пачацца яшчэ ўчора, але быў перанесены. Саўчанка зноў аднавіла галадоўку.

Нагадаем, што Саўчанку абвінавачваюць у здзяйсненні крымінальных злачынстваў, прадугледжаных ч. 1 арт.14 (падрыхтоўка да злачынства), ч. 2 арт.28 (здзяйсненне злачынства групай асобаў, групай асобаў па папярэдняй змове, арганізаванай групай або злачыннай арганізацыяй), ч. 1. арт.109 (дзеянні, накіраваныя на гвалтоўнае змяненне або звяржэнне канстытуцыйнага ладу ці на захоп дзяржаўнай улады), арт.112 (замах на жыццё дзяржаўнага або грамадскага дзеяча), ч. 3 арт.258 (тэрарыстычны акт), ч. 1 арт. 253-3 (стварэнне тэрарыстычнай групы або тэрарыстычнай арганізацыі), ч. 1 арт.263 (незаконнае карыстанне зброяй, баявымі прыпасамі або выбуховымі рэчывамі) Крымінальнага Кодэксу Украіны. Па адным з артыкулаў ёй пагражае пажыццёвае зняволенне.

ГА, belsat.eu паводле unn.com.ua

Стужка навінаў