Сапёры, зніклыя крыжы і сметнішча за 200 метраў. Як выглядае Благаўшчына напярэдадні прыезду Лукашэнкі


Апошнія некалькі дзён у Трасцянцы не спыняюцца працы: тэрыторыю ўрочышча добраўладкоўваюць перад афіцыйным адкрыццём мемарыялу памяці ахвяраў нацызму. З 1941 па 1943 гады ў Благаўшчыне нацысты знішчылі 150 тысяч чалавек мірнага насельніцтва і ваеннапалонных. Акрамя савецкіх грамадзянаў, тут былі забітыя габрэі Польшчы, Аўстрыі і Чэхіі. Іхныя імёны напісаныя на жоўтых аркушах.

Новы мемарыял у Благаўшчыне за дзень да адкрыцця

Будаваць новы мемарыял тут пачалі ў чэрвені 2014 года. А сёлета 29 чэрвеня цырымонію адкрыцця наведае Аляксандр Лукашэнка разам з прэзідэнтамі Аўстрыі, Нямеччыны і кіраўніком Адміністрацыі прэзідэнта Польшчы. Belsat.eu пацікавіўся, як ідзе падрыхтоўка.

Трыбуну для высокапастаўленых гасцей і прастору за ёй старанна абшукваць сапёры. За некалькі дзён тут знайшлі даволі шмат старых боепрыпасаў. Вайскоўцаў прывезлі асобным грузавіком, за іх працай сочаць людзі ў цывільным. На ўваходзе ў мемарыял – вялікі белы круг, на ім «пакінутыя» рэчы ахвяраў – валізы, торбы і маленькая скрыпка. Далей пачынаецца «Дарога смерці», якая ўяўляе з сябе некалькі вузкіх калідораў з бетоннымі сценамі. Пасля яе – пляцоўка з жалобнымі званамі, на званах – выявы хрысціянскіх святых. Вакол вялікага чорнага «кругу смерці» усталяваныя экраны, сцэна і трыбуна, з якой за цырымоніяй будуць назіраць прэзідэнты. Асфальт на ўездзе і на тэрыторыі самога мемарыялу мыюць гелем для мыцця посуду, адціраюць з яго ўсе плямы. Рабочыя «Зелянбуду» папярэджваюць: хадзіць па траве нельга, газон свежазасеяны, перамяшчацца лепш па насыпаных каменных сцяжынках.

Сцэна, на якой правядуць цырымонію адкрыцця мемарыялу
Сапёры правяраюць тэрыторыю напярэдадні візіта Лукашэнкі

Прыкладна за 200 метраў ад урочышча месціцца вялікая звалка, смецце на палігон «Трасцянецкі» увесь час падвозяць машыны гарадскіх службаў. Кепскі пах ад смецця распаўсюджваецца па ўсёй Благаўшчыне. З 1956 года звалка была і там, дзе цяпер мемарыял. Потым гэта стала тэрыторыяй вайсковага палігону, а першы памятны камень з’явіўся толькі ў 2002 годзе. Акрамя мемарыяльнага комплексу, у так званай зоне рэгуляванай забудовы, стаіць офісны будынак кампаніі «Экалогія гораду». Варта ведаць, што смеццевы палігон з’явіўся на гэтым месцы нездарма.

Звалка побач з мемарыялам

Паводле меркавання шэрагу даследчыкаў, ва ўрочышчы забівалі не толькі нацысты. У 1930-я гады частка Благаўшчыну была перададзеная пад аб’ект НКВД. Гісторык Ігар Кузняцоў піша, што мясцовыя жыхары сведчылі: па начах адтуль было чуваць стрэлы. Колькасць забітых, пазначаная на памятным камяні – 150 тысяч чалавек, але гісторык Кузняцоў мяркуе, што насамрэч іх было 500 тысяч. «Яшчэ ў чэрвеньскія дні 1941 года часткі НКВД канваявалі па Магілёўскай шашы калоны арыштаваных з менскіх турмаў, а таксама ахвяраў энкавэдэшнай «зачысткі» першых дзён вайны… Перад уступленнем акупантаў у Менск усе вязні і тыя, хто быў пад следствам за «контррэвалюцыйныя злачынствы», былі выведзеныя з гораду некалькімі калонамі па 2-4 тысячы чалавек. 25 чэрвеня адна калона была расстраляная ў раёне Благаўшчыны, другая 26-га за Чэрвенем», – піша ён. Аднак, праз дзеянні савецкай улады, якая збудавала тут звалку, цяпер даследчыкам надзвычай цяжка будзе ўсталяваць дакладную колькасць расстраляных НКВД.

Памятны камень у Благаўшчыне

Яшчэ месяц таму ля месца пахаванняў стаялі драўляныя крыжы, у тым ліку крыж памяці ксяндза Вінцэнта Гадлеўскага, забітага нацыстамі. Ён стаяў з 2008 года, але цяпер знік. Як паведаміў у каментары Радыё Свабода прадстаўнік прадпрыемства «Гардарбуд» Васіль Ібіш, крыжы былі дэмантаваныя 2-3 тыдні таму ў часе падрыхтоўкі да адкрыцця мемарыялу. Высветлілася, што крыж памяці палітвязняў менскіх турмаў, расстраляных НКВД, перадалі ў Цэнтр духоўнага адраджэння, а крыж Гадлеўскага – у Чырвоны касцёл. Быў яшчэ і трэці, які ў 2013 годзе актывісты Алесь Макаеў і Яўген Батура ўсталявалі ў памяць ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў, ягоны лёс невядомы. Карэспандэнт belsat.eu разам з Яўгенам Батурай праверыў месца на ўзгорку, але нічога, акрамя хмызняку там не ўбачыў.

“Круг жыцця” – белая пляцоўка на ўваходзе ў мемарыял у Благаўшчыне

Акрамя цырымоніі ў Благаўшчыне, дэлегацыя прэзідэнтаў разам з міністрам замежных спраў Уладзімірам Макеем наведае частку мемарыялу ля вёскі Малы Трасцянец. Сёння тут таксама актыўна добраўладковалі сцежкі і газоны. Як гэта было – глядзіце ў фотарэпартажы Ірыны Арахоўскай.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў