Сан-Францыска, Мюнхен, Варшава – акцыі салідарнасці з Беларуссю праходзяць па ўсім свеце

Акцыя ў Сан-Францыска. Фота: Надзея Нортан / belsat.eu

У розных гарадах свету праходзяць акцыі салідарнасці з беларускімі дэманстрантамі і пратэсту супраць палітычных рэпрэсіяў у Беларусі.

Людзі прыйшлі да паромнага тэрміналу. Фота: Надзея Нортан / belsat.eu

Гэтак, 21 чэрвеня каля 150 чалавек прыйшлі ў амерыканскім горадзе Сан-Францыска да «Ferry Building» – паромнага тэрміналу ў цэнтру гораду.

Акцыя ў Сан-Францыска. Фота: Надзея Нортан / belsat.eu

У руках пратэстоўцы трымалі плакаты з надпісамі «Я люблю Беларусь», «Спыніце палітычныя рэпрэсіі ў Беларусі», «Свабоду беларускім палітвязням», «Спыніце рэпрэсіі», «Жыцці беларусаў вартыя», «Жыве Беларусь!» і іншыя.

Людзі прынеслі плакаты з інфармацыяй пра Лукашэнку і выбары. Фота: Надзея Нортан / belsat.eu

Некаторыя ўдзельнікі акцыі прынеслі адмысловыя плакаты з фактамі пра дзеянні і заявы кіраўніка Беларусі ды з інфармацыяй пра палітычны пераслед у краіне.

Амерыканскія лозунгі атрымалі новае гучанне. Фота: Надзея Нортан / belsat.eu

Таксама акцыя салідарнасці з Беларуссю ў гэты дзень прайшла ў нямецкім Мюнхене. Тут пратэстоўцы прыйшлі да Генеральнага кансулату Беларусі.

Акцыя пратэсту ў Мюнхене. Фота: belsat.eu

У руках у іх былі плакаты з надпісам «Гаага чакае цябе» ды з інфармацыяй пра важнасць выбарчага права.

«Гаага чакае цябе». Фота: belsat.eu

Варшава: пратэст каля амбасады Беларусі супраць палітычных рэпрэсій

Нагадаем, што 21 чэрвеня акцыя ў падтрымку зменаў у Беларусі прайшла ў Варшаве. Тут да беларускай амбасады прыйшлі больш за 1000 чалавек.

20 чэрвеня акцыі салідарнасці з Беларуссю прайшлі ў нямецкіх Берліне і Гамбургу, у ізраільскім Тэль-Авіве. Таксама Беларусь падтрымлівалі ў Вільні, Кіеве, Маскве, Гаазе ды іншых гарадах.

МГ belsat.eu

Hавiны