Саміт НАТО ў Варшаве скончыўся. Хутка пачнуць з'яўляцца войскі


НАТО – новая рэальнасць. Так ацаніў саміт у Варшаве кіраўнік Паўночнаатлантычнага альянсу Енс Стольтэнбэрг.

Альянс пацвердзіў размяшчэнне 4-ох батальёнаў на ўсходнім флангу і рашуча падтрымаў Украіну, якая будзе рэфармавацца ў кірунку НАТО.

Трэці ў гісторыі саміт НАТО на тэрыторыі постсавецкага блоку і ўсяго за 200 кіламетраў ад беларускае мяжы. Бліжэй да Расеі галоўная падзея Паўночнаатлантычнага альянсу была толькі ў 2006-ым годзе ў Рызе.

Чатыры шматнацыянальныя батальёны па тысячы жаўнераў НАТО прыбудуць у Еўропу ўжо ў наступным годзе: батальёнам у Эстоніі будуць камандаваць брытанцы, у Латвіі – канадцы, у Літве – немцы, а ў Польшчы – амерыканцы. Прычым яны будуць там так доўга, колькі будзе патрэбна.

Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар NATO: «Гэта новая рэальнасць. Бо мы ня мелі такога кшталту прысутнасці ва ўсходняй частцы раней. Гэта пераломны момант. Такую пастанову мы прынялі на падставе вайсковай аналітыкі. І я хачу падкрэсліць, што ніхто ў НАТО нават не абмяркоўваў магчымасці прысутнасці сілаў ва ўсходняй частцы Альянсу да падзеяў ва Украіне. А таму гэта выключна абаронны і прапарцыйны адказ на дзеянні Расеі ва Украіне ды нелегальную акупацыю Крыму».

Варшаўскі саміт стаўся другою сустрэчаю НАТО, на якой не было дэлегацыі з Масквы. Стасункі былі замарожаныя ў жніўні 2014-га года, як рэакцыя на далучэнне Крыму да Расеі.

 

 

Дзмітрый Трэнін, палітолаг, дырэктар Маскоўскага цэнтру: «Нам трэба думаць пра непагаршэнне стасункаў, а гэта цалкам верагодна. Гаворка ідзе пра інцыдэнты, якія могуць справакаваць вайсковую напружанасць або прывесці да сусветнага канфлікту. Трэба падтрымліваць сувязь. У крызісныя моманты ў стасунках Расеі і НАТО: па Косава, Паўднёвай Асеціі, Крыму і Данбасу праца супольнай рады »Расея-НАТО« спынялася. У сённяшняй сітуацыі такія органы павінны працаваць з падвойнаю сілаю, каб не дапусціць узброены канфлікт паміж НАТО і Расеяй».

Акрамя таго, у першы дзень саміту Еўразвяз і НАТО падпісалі дэкларацыю аб супрацы. Дакумент дасць магчымасць абʼяднаць намаганні ў барацьбе з кібератакамі і гібрыднымі пагрозамі. І паводле экспертаў, пад словазлучэннем «гібрыдная пагроза» маюць на ўвазе перадусім Расею.

Дэманстратыўны паказ вайсковае моцы НАТО можна было пабачыць ля самога стадыёну, дзе прызямліўся адзін з самых сучасных выведнікаў НАТО – «Глоўбал Гок». Еўрапейская база такіх летакоў мае зʼявіцца на Сіцыліі.

Кэл Поўт, афіцэр вайсковых сілаў НАТО: «Галоўнае, што я хачу падкрэсліць, што гэта пасіўны лятак. Калі пабачыце вось тут наперадзе, тут няма зброі. Гэта не абаронны беспілотны самалёт, ён мае актыўны радар. У Еўропе будуць працаваць прыблізна палова тысячы чалавек, у асноўным аналітыкі, якія будуць апрацоўваць звесткі. Дзякуючы таму, што такі беспілотнік можа быць у паветры нават 40 гадзінаў, ня мае вялікага значэння, дзе мы будзем перабываць».

Грузінская дэлегацыя прыехала ў Варшаву з пакетам тэхнічных прапановаў у супрацы. І, як казалі эксперты ў кулуарах, цяпер прыярытэт Грузіі – зрабіцца больш моцнаю ды бяспечнаю дзякуючы дапамозе Альянсу.

Тэдо Джапарыдзэ, кіраўнік камісіі міжнародных справаў Парламенту Грузіі: «Калі мы размаўляем з нашымі калегамі з НАТО, яны нам кажуць, што тэхнічна Грузія гатовая, а рэшта – гэта палітычныя пастановы, што прымаюцца на іншых узроўнях. Так што мы мусім быць цярплівымі, мы мусім сканцэнтравацца на правядзенні рэформаў, а далей усе будзе нармальна».

Беларускага пытання ў афіцыйнай праграме саміту не было. Але нашую краіну ўзгадвалі ў кантэксце магчымае пагрозы з боку Расеі.

Енс Стольтэнбэрг, генеральны сакратар НАТА: «Беларусь – суседка краінаў Альянсу. Нам важна падкрэсліць, што суверэнітэт і тэрытарыяльная цэласнасць усіх краінаў Еўропы мусіць быць непарушная, ды, натуральна, гэта датычыць таксама і Беларусі».

Кіраўнік польскае дыпламатыі ўдакладніў «Белсату», што Варшава гатовая падтрымаць суверэнітэт Беларусі.

Вітальд Вашчыкоўскі, міністр замежных справаў Польшчы:

«Цягам апошніх месяцаў мы бачым станоўчыя змены, хоць дачыненні паміж Беларуссю і НАТО складаліся па-рознаму. Альянс адкрыты для супрацы з Беларуссю. І мы бачым зацікаўленасць супрацаю ды выходзім насустрач. Мы, Польшча, хочам адыгрываць ролю пасярэдніка, які прыблізіў бы Беларусь да супрацы з НАТО».

А для Альянсу галоўным заданнем саміту было паказаць адзінства ў складаны час.

Штэфан Фюле, чэшскі палітык, былы еўрапейскі камісар у пытаннях пашырэння ЕЗ: «Тое, што мы назіраем, – гэта, з аднаго боку, гістарычная падзея, а з другога – вельмі важная для хаўруснікаў. Упершыню падпісаныя дакументы, якія даюць усходнім краінам НАТО пачуццё бяспекі і запэўніваюць, што 5-ты артыкул, які прадугледжвае стварэнне сістэмы калектыўнай абароны, гэта не перажытак халоднай вайны. Гэта выразны сігнал свету, што гэта не новая халодная вайна, а мы хочам партнёрства і дыялогу».

А дыялог у Варшаве адбываўся пад акампанемент артылерыі сепаратыстаў, якія абстрэльвалі ўкраінскія пазіцыі. Таму так важным было прыняцце новай праграмы, якая падтрымае грунтоўную перабудову абароны Украіны. Мэта – давесці яе да стандартаў НАТО цягам 4 гадоў. Кіеў быў адзіным партнёрам альянсу, з якім сустрэліся нанайвышэйшым узроўні, а НАТО пацвердзіла палітыку адчыненых дзвярэй.

Ці Альянс пагражае Беларусі?

Матэрыял праграмы «ПраСвет». Іншыя тэмы:

– Ад Вашынгтона да Варшавы. Гісторыя НАТО

– На каго можа разлічваць польская «Анаконда»? Якія праблемы выявілі самыя вялікія вайсковыя манеўры ў посткамуністычнай Польшчы.

– Беларусь з молатам ці кавадлам? Пры якіх умовах магчымы канфлікт паміж Расеяй і НАТО з уцягваннем Беларусі?

– Ці Украіна, Грузія ды Малдова могуць схавацца пад парасон НАТО?

– Ці стасункі паміж НАТО ды Расеяй могуць стаць нармальнымі?

2 вялікія інтэрвʼю, якія падсумоўваюць саміт:

– Андрэй Паротнікаў, беларускі вайсковы эксперт

– Рамуальд Шарамецьеў, экс-намеснік міністра абароны Польшчы.

Аліна Коўшык, belsat.eu

Стужка навінаў