Самалёт Лукашэнкі вылецеў у Маскву

Аляксандр Лукашэнка накіраваўся ў Маскву на чарговыя перамовы з Уладзімірам Пуціным. Самалёт кіраўніка Беларусі вылецеў з Нацыянальнага аэрапорту Менск.

Пра гэта паведамляе БелТА.

У мінулы раз Пуцін і Лукашэнка сустракаліся 25 снежня. Перамовы цягнуліся амаль 4 гадзіны, але аказаліся фактычна безвыніковымі.

Перамовы Лукашэнкі і Пуціна скончыліся. Хто каго «нахіліў»?

Падчас снежаньскіх перамоваў Лукашэнка спрабуе дамагчыся ад Расеі кампенсацыі стратаў беларускага бюджэту за так званы падатковы манеўр і дамовіцца аб зніжэнні цэнаў на газ пачынаючы з 2020 году. Крэмль гатовы пайсці на гэта толькі пры ўмове «глыбокай інтэграцыі».

  • Падатковы манеўр, які плануе рэалізаваць Расея, прадугледжвае, пачынаючы з 2019 года, паэтапнае абнуленне экспартных пошлінаў на нафту пры адначасовым павышэнні падатку на здабычу карысных выкапняў. У выніку з 2024 года Беларусь будзе закупляць сыравіну па сусветных коштах і пазбавіцца перавагі над канкурэнтамі па-за межамі ЕАЭС. Паводле міністра фінансаў Беларусі Максіма Ермаловіча, агульныя страты бюджэту краіны ад падатковага манеўру з 2019 па 2024 год могуць скласці ад 8 да 12 млрд. долараў. Менск хоча атрымаць ад Масквы кампенсацыю за падатковы манеўр, але расейскі бок на гэта пакуль не пагадзіўся.
  • Цана на газ для Беларусі – яшчэ адно спрэчнае пытанне ў беларуска-расейскіх стасунках. У 2018 годзе Беларусь купляе газ па фіксаванай цане $ 129 за тыс. куб.м. У 2019 годзе гэтая цана будзе $ 127. Цана на 2020 год яшчэ не вызначаная. Аляксандр Лукашэнка патрабуе, каб Беларусі далі магчымасць купляць газ па ўнутрырасейскім цэнам – па $ 70, як у Смаленскай вобласці. У Расеі лічаць такі варыянт магчымым толькі ва ўмовах больш шчыльнай інтэграцыі – гэта асноўная думка так званага ультыматуму Мядзведзева.
  • Ультыматум Мядзвездзева – заява прэм’ер-міністра РФ Дзмітрыя Мядзведзева на паседжанні савету міністраў Саюзнай дзяржавы, паводле якой на эканамічныя датацыі (у прыватнасці, праз адзіную палітыку тарыфаў і цэнаў) Беларусь можа разлічваць толькі ў выпадку рэалізацыі дамовы аб стварэнні Саюзнай дзяржавы ад 8 снежня 1999 года. У прыватнасці, гаворка ідзе пра стварэнне адзінага эмісійнага цэнтру, адзінай мытні, суду і падліковай палаты. У адказ Аляксандр Лукашэнка 14 снежня заявіў, што Беларусь ніколі не адмовіцца ад свайго суверэнітэту. «Калі нас хочуць, як Жырыноўскі прапаноўваў, падзяліць на вобласці і ўпіхнуць у Расею – гэтага не будзе ніколі», – падкрэсліў ён.

ІІ, belsat.eu

Hавiны