Самакатчыкі супраць ДАІ: вайна без пераможцаў


З кожным годам людзі прыдумляюць усё новыя рэчы, якія спрашчаюць ім жыццё. Гэта датычыць і паўсядзённага транспарту. Электраровары, электрасамакаты, монаколы, гіраскутары – на чым толькі ні ездзіць сучасны чалавек.

Такога тыпу гарадскі транспарт, з аднаго боку, вельмі зручны ды эканамічны, а з другога – небяспечны. Вельмі часта карыстанне гэтымі сродкамі мяжуе з парушэннямі Правілаў дарожнага руху.

Сеціва абляцела навіна пра тое, што ў Менску на вуліцы Арлоўскай радар сфатаграфаваў самакат, які рухаўся па праезнай частцы з хуткасцю болей за 70 км/г. Дарэчы, гэта не нейкі ўнікальны самакат. Такі вы можаце свабодна набыць практычна ў любым менскім буйным гандлёвым цэнтры.

А ў пачатку верасня інтэрнаўты абмяркоўвалі відэа, на якім відаць, што ў самым цэнтры Менску самакатчык едзе па дарозе і паварочвае з праспекту Незалежнасці на вуліцу Леніна. Адразу за паваротам стаіць машына ДАІ і ніяк не рэагуе. Чаму міліцыя не спыніла яго?

«На сёння электрасамакаты належаць да механічных транспартавых сродкаў. Механічныя транспартавыя сродкі мусяць ездзіць па дарозе. Рух па ходніках і роварных сцежках ім забаронены», – тлумачыць з гледзішча дзейных Правілаў дарожнага руху аўтаэксперт Аляксандр Канапліцкі.

У сваю чаргу спадар Аляксандр адзначае, што пакуль правілы не вызначаюць дакладнай катэгорыі для электрасамакатаў, таму і ўзнікаюць праблемы ў правапрымяненні.

Аўтаэксперту пярэчыць уладальнік сеткі пазычальняў самакатаў «Kolobike» Вадзім Осіпчык.

«ДАІ супраць і не выпускае самакатаў на праезную частку», – адзначае спадар Вадзім.

Аляксандр Канапліцкі цытуе дзейсныя ПДР, дзе напісана, што механічны транспартавы сродак рухаецца па праезнай частцы.

«Тое, што кажа ДАІ, гэта адно. А пры якой-небудзь сітуацыі я як эксперт дам заключэнне, што такі электрасамакат у выпадку наезду на пешахода будзе вінаваты, бо ехаць там не меў права», – тлумачыць Канапліцкі.

Аб’ектыў
Электрасамакаты прыбралі з цэнтральнай плошчы Горадні
2019.08.28 21:46

Толькі вось ці бяспечна ездзіць на такім электратранспарце па дарозе, дзе ездзяць машыны? Інструктар па яздзе на электрасамакаце і монаколе раіць гэтага не рабіць.

«Гэта небяспечна і для сябе, і для іншых удзельнікаў дарожнага руху», – запэўнівае Ігар Сушчанка.

І з гэта вынікае тое, што, пакуль у правілах не будуць рэгламентаваныя гэтыя новыя сродкі перасоўвання, будуць узнікаць сур’ёзныя праблемы.

Цяпер распрацоўваюцца змены ў заканадаўстве: плануюць, што людзі, якія кіруюць самакатам, хуткасць якога не перавышае 25 км/г, будуць лічыцца пешаходамі. Больш магутныя самакаты будуць лічыцца як мапеды ці матацыклы. А гэта значыць, што на такі транспартавы сродак трэба будзе мець правы кіроўцы адпаведнай катэгорыі, праходзіць тэхагляд і рабіць страхаванне.

Аб’ектыў
Новыя Правілы дарожнага руху: забароняць пераход дарогі ў слухаўках і каптуры?
2019.09.17 21:50

Калі казаць пра досвед іншых краінаў, то шмат дзе ўжо адбылося рэгуляванне сітуацыі з электрасамакатамі.

У Нямеччыне любыя транспартавыя сродкі з рухавіком і хуткасцю звыш 6 км/г вымагаюць адмысловага допуску на ўдзел у дарожным руху. Пакаранне – канфіскацыя самаката і штраф € 70. Закон, які цяпер там распрацоўваюць, забароніць рух электрасамакатаў па ходніках. А мінімальны ўзрост для язды складзе 15 гадоў.

У Іспаніі ад наезду электрасамаката загінуў чалавек, пасля чаго гэта сродак забаранілі на тратуарах.

У Францыі ў чэрвені сёлета чалавек на электрасамакаце трапіў пад цяжкавік і загінуў. Там забаронена рухацца на электрасамакатах як па ходніках, гэтак і па дарогах. А можна толькі на адмысловых пляцоўках. Хоць, канечне, гэтыя забароны масава парушаюцца.

У ЗША хуткасць электрасамакатаў абмежавалі на 25 км/г, а пры яздзе забаранілі мець заплечнік, быць нецвярозым і нават слухаць плэер.

Што да нецвярозых, то ў Беларусі ўжо быў выпадак, калі хлопца пазбавілі правоў на кіраванне аўтамабілем і далі штраф за тое, што ехаў нападпітку на самакаце.

З якімі яшчэ праблемамі сутыкаюцца карыстальнікі сучасных электрычных транспартавых сродкаў? Як не забіцца на дарозе самому і не забіць іншых? Пра гэта глядзіце прэм’ернае выданне ток-шоу «Кожны з нас».

Ток-шоу «Кожны з нас» выходзіць кожную пятніцу а 18:35. Глядзіце праз спадарожнік «Астра 4A» (ранейшая назва «Sirius 4»), онлайн, на YouTube-канале «Белсат Life» і на нашай старонцы.

Стужка навінаў