Сакрэты дрэс-коду Лукашэнкі, Кім Чэн Ына і Трампа


Пакуль кіраўнікі дзяржаваў гавораць пра адно, іхныя строі часта кажуць пра іншае. Як выгляд уплывае на палітыку, высвятляла Вольга Жарнасек.

Гарачая лінія» паміж Пхеньянам і Сеулам зноў працуе: першая за 2 гады тэлефонная размова доўжылася каля 20-ці хвілінаў.

Пра жаданне аднавіць кантакт з Паўднёваю Карэяй заявіў лідар Паўночнай Карэі Кім Чэн Ын падчас навагодняга звароту, які быў прысвечаны пераважна ядравай праграме.

«На маім стале заўсёды ляжыць ядравы гузік. Гэта не пагроза, гэта рэальнасць», – заявіў Кім Чэн Ын, лідар КНДР.

Пакуль Кім Чэн Ын казаў пра вайну, ягоны строй высылаў іншыя сігналы.

Як выгляд уплывае на палітыку

Змены ў выглядзе лідара Паўночнай Карэі – адная з самых гарачых тэмаў для абмеркавання ў заходніх выданнях. Новы строй, фрызура ды акуляры кіраўніка найбольш закрытай краіны свету збіваюць з панталыку. Чаму дыктатар змяніў сваё аблічча?

«Пераход ад цёмнага традыцыйнага строя да светла-шэрага касцюма ў заходнім стылі хутчэй за ўсё скіраваны на дэманстрацыю мірных намераў. Ён паказвае пэўную разняволенасць, якая магла прыйсці разам з заявамі пра заканчэнне фармавання ядравых сілаў», – каментуе Гон Мін, эксперт з Інстытуту нацыянальнага аб’яднання ў Сеуле.

Апроч таго, Кім новага ўзору прапанаваў аднавіць дыялог з Паўднёваю Карэяй.

Пра тое, што строй можа ўплываць на палітыку, вядома не першы дзень. Сваю ролю ў сусветнай гісторыі адыграў касцюм Міхаіла Гарбачова падчас візіту ў Вялікую Брытанію ў 1984 годзе.

Маргарэт Тэтчэр і Міхаіл Гарбачоў

Тады, яшчэ звычайны чалец Палітбюро, ён зрабіў вялікае ўражанне на жалезную лэдзі Маргарэт Тэтчэр.

«Тады ў яго, як у аднаго з савецкіх палітыкаў, было відаць манжэту. Рукаў пінжака не быў даўгі, не закрываў палову рук. І пасля гэтага сказалі, што, так, мы ведаем, што ў Савецкім Саюзе ёсць пэўныя зрухі. Калі там умеюць насіць добры касцюм, то, значыць, з гэтымі людзьмі можна весці дыялог», – лічыць Кацярына Болатава, экспертка ў іміджы і пратаколе.

А ці можна весці дыялог з кіраўніком Беларусі і якія сігналы высылае ягоны строй? Ацаніць стыль Аляксандра Лукашэнкі мы папрасілі аднаго з польскіх стылістаў Пшэмэка Браха:

«Ягоны стыль вельмі кансерватыўны. Гэта вынікае ўжо з самой формы гарнітуру, які мае тры гузікі, а не два ці адзін. Строй не вельмі дапасаваны, як і даўжыня нагавіцаў. Гэта стыль чалавека, які не ідзе ў нагу з часам».

Аляксандр Лукашэнка з сынам Мікалаем падчас візіту ў Кітаі

Але ідзе ў нагу са стылем амерыканскага прэзідэнта, якога ў ЗША таксама крытыкуюць за мешкаватыя касцюмы. Палітычны гардэроб Трампа і Лукашэнкі аб’ядноўвае таксама любоў да чырвоных гальштукаў.

Доналд Трамп

«Я, калі апранаў сёння чырвоны гальштук, думаю, ну не скажуць, што пад Трампа падстройваюся. Бо на мінулай прэсавай канферэнцыі, па-мойму, я таксама быў у чырвоным гальштуку», – заявіў Аляксандр Лукашэнка.

«Чырвоны колер – гэта колер улады, гэта колер сілы, – кажа Пшэмэк Брах. – Палітыкі, апранаючы чырвоны гальштук, сігналізуюць пра сваю пазіцыю. Таксама чырвоны колер прыцягвае ўвагу – асоба становіцца больш заўважная для публікі».

Хто сапраўды прыцягвае ўвагу – гэта дык гэта прэмʼер Канады. Жустэн Трудо скраў сэрцы канадцаў не толькі сваёй палітыкаю, але і замілаваннем да каляровых шкарпэтак.

Шкарпэткі Жустэна Трудо

Не адстае і брытанская прэм’ер. Хоць, у адрозненне ад Трудо, Тэрыса Мэй мае слабасць да эфектнага абутку.

Адныя з пантофляў Тэрысы Мэй

Калі казаць пра кіраўніка Беларусі, то тут увагу найчасцей звяртаюць незвычайныя галаўныя ўборы. І гэта таксама не выпадковасць.

«Мы бачым шорты, якія ёсць у гардэробе кожнага беларуса, мы бачым кепачку, абсалютна простую цішотку, ён з мехам бульбы. Ён блізкі і зразумелы, ягоны электарат бачыць у гэтай карцінцы сябе», – кажа Кацярына Болатава.

Зусім іншы сігнал ён кіруе на Захад, дзе Лукашэнку яшчэ да нядаўняй пары называлі апошнім дыктатарам Еўропы.

«Хутчэй, ён гатовы весці дыялог, таксама як Кім Чэн Ын, але весці на сваёй тэрыторыі, абапіраючыся на свае патрэбы», – дадае Болатава.

Застаецца цешыцца, што кіраўнік Беларусі не мае тых жа патрэбаў, што прэзідэнт Расеі, вядомы сваім уменнем не апранацца, а распранацца. З голым торсам і здабычай у руках Уладзімір Пуцін высылае паведамленне, зразумелае ў кожнай краіне свету.

Сюжэт паказалі ў праграме «Прасвет» з Алінаю Коўшык 5 студзеня

Таксама ў праграме:

  • «Карта суайчынніка». Якой яе хочуць бачыць беларусы замежжа?
  • «Спадкаемцы катаў шукаюць грошы ў нашчадкаў катаваных». Інтэрв’ю з кіраўніком «Беларускага дому» у Варшаве Уладам Кобецам пра «карту суайчынніка»;
  • Беларус, які наведаў Іран: «У іранцаў ціхая, беларуская незадаволенасць»;
  • Ад фэнтазі ў рэальнасць. Тэхналогіі-2018 у свеце і ў Беларусі
Стужка навінаў