Сайт «Банда Лукі», які публікуе дасье на сілавікоў, пацярпеў ад хакерскай атакі


На сайт «Банда Лукі», які размяшчае звесткі пра беларускіх сілавікоў і чыноўнікаў, у тым ліку іхныя асабістыя дадзеныя, была здзейсненая атака.

Як піша анархісцкі рэсурс «Революционное действие», увечары 15 траўня толькі цягам гадзіны «Банду Лукі» спрабавалі ўзламаць больш за 500 разоў. Усяго за апошнія содні на рэсурс нападалі больш за 4 тысячы разоў – хакеры намагаліся перахапіць пароль ад адміністратарскага доступу.

«Дадзеная атака была здзейсненая сілавымі структурамі Беларусі, хутчэй за ўсё КДБ альбо ААЦ пры прэзідэнце. Гэта сведчыць аб мэтазгоднасці публікацый і пошуку інфармацыі на бандытаў Лукашэнкі, якія вельмі баяцца вядомасці. Таму інфармацыя будзе абнаўляцца і публікавацца далей», – сцвярджаюць ананімныя актывісты.

Сярод апошніх публікацый на сайце – дасье на кіраўніцу Адміністрацыі прэзідэнта Наталлю Качанаву і прэм’ера Андрэя Кабякова. Доступ да сайта цяпер закрыты на тэрыторыі Беларусі, аднак аўтары праекту зрабілі «люстэрка».

Супрацоўнікаў праваахоўных органаў, суддзяў, высокапастаўленых чыноўнікаў і журналістаў дзяржаўных СМІ на сайце называюць «бандытамі». У дасье звычайна ёсць фота, спасылка на сацсеткі асобы, пазначанае месца працы, часам – адрас і тэлефон.

КА, belsat.eu

Стужка навінаў