Рыгор Кастусёў: Тое, што мяне не пусцілі ў Варшаву, нашкодзіла Беларусі


Суд Партызанскага раёну Менску аштрафаваў старшыню Партыі БНФ Рыгора Кастусёва да 30 базавых велічынь за ўдзел у акцыяў па абароне Курапатаў. Палітык распавёў belsat.eu абставіны свайго затрымання.

Паводле Кастусёва, яго затрымалі раніцай 3 ліпеня, прыкладна ў 9.40. Пад Менскам на дарозе яго машыну спыніла ДАІ.

«Потым выскачылі «маскі-шоў», выцягнулі мяне і павезлі ў Бараўлянскі аддзел міліцыі. Злодзеяў, што скралі мільёны, так не затрымліваюць, як затрымлівалі мяне», – распавядае ён.

У пастарунку на палітыка склалі пратакол паводле арт. 23.34 (правядзенне несанкцыянаванай масавай акцыі) за ўдзел у абароне Курапатаў. Пратакол Кастусёў падпісваць адмовіўся.

Пасля яго павезлі ў Менскі РУУС, дзе яго памясцілі ў камеру папярэдняга ўтрымання. Спачатку Кастусёў быў у КПЗ адзін, але потым туды закінулі некалькі чалавек, які затрымалі за бытавое хуліганства.

Сёння, 4 ліпеня, палітыка да 15-й трымалі ў Менскі РУУС, пасля павезлі ў Партызанскі РУУС, а потым у Партызанскі суд. Прычым трымалі старшыню Партыі БНФ пад узмоцненым канвоям – яго суправаджалі 4 міліцыянта. Суд аштрафаваў Кастусёва на 30 базавых велічынь (735 рублёў).

У выніку Рыгор Кастусёў не трапіў у Варшаву на паседжанне Камісіі замежных справаў польскага Сейму, куды былі запрошаны прадстаўнікі беларускай апазіцыі.

«Я думаю тут усё разам, – адзначае Кастусёў, каментуючы сваё затрыманне, – З аднаго боку, маё затрыманне – гэта была помста за Курапаты, а з іншага боку – не хацелі пусціць у Варшаву. Прычым было такое ўражанне, што мяне хочуць пасадзіць менавіта на содні. Але тое, што мяне не пусцілі ў Варшаву, згуляла не на карысць Беларусі. Гэта нашкодзіла Беларусі. Што я збіраўся казаць у Варшаве? Не ведаю пра што ішла размова на сустрэчы. Але мая пазіцыя простая: Беларусь мусіць развіваць стасункі з заходнімі краінамі. Чым бліжэй Беларусь да заходніх краінаў, да Польшчы, тым далей яна будзе ад Расеі»

ІІ, belsat.eu

Стужка навінаў